15 снежня маці ды сястра Уладзіслава Кавалёва, прызнанага вінаватым у тэрарызме і асуджанага на смяротнае пакаранне, накіравалі ў Камітэт правоў чалавека ААН скаргу аб парушэнні права на жыццё. У ёй гаворыцца пра парушэнне прынцыпаў справядлівага судовага разбору. У прыватнасці, пішуць жанчыны, у аснову абвінаваўчага прысуду суд паклаў прызнанні Кавалёва падчас папярэдняга следства, нягледзячы на тое, што яны былі атрыманыя пад прымусам, і на судовым пасяджэнні Кавалёў ад гэтых паказанняў адмовіўся. На думку маці ды сястры, суд пры разглядзе крымінальнай справы не адпавядаў крытэрам незалежнасці ды бесстароннасці. Акрамя таго, яны лічаць, што на суд ціснулі.

У адпаведнасці з працэдурнымі правіламі Камітэт правоў чалавека ААН звярнуўся з просьбаю да дзяржавы – не выконваць смяротнага прысуду Кавалёву, пакуль скарга не будзе разгледжаная. Аднак беларускі ўрад палічыў скаргу непрымальнай праз нявычарпанасць ўсіх нацыянальных сродкаў абароны. Урад Беларусі спаслаўся на артыкул 2 факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, згодна з якім скарга можа быць прынятая ў Камітэце правоў чалавека ААН толькі пасля вычарпання ўсіх наяўных унутраных сродкаў прававой абароны. Урад, у прыватнасці, праінфармаваў камітэт ААН, што Кавалёў падаў у Вярхоўны Суд Беларусі скаргу ў парадку нагляду на прысуд суда, а таксама звярнуўся да прэзідэнта Беларусі з прашэннем аб памілаванні.

Юрыст-праваабаронца Раман Кісляк (на фота), у сваю чаргу, лічыць аргументы ўраду неабгрунтаванымі. Па ягоных словах, зварот са скаргай у парадку нагляду не прызнаецца міжнароднымі органамі ў сферы правоў чалавека ў якасці прававога сродку ўнутрыдзяржаўнай абароны, паколькі ў гэтым выпадку не ўзбуджаецца прававая працэдура – чалавек звяртаецца да службовай асобы. Па меркаванні Р. Кісляка, зварот за памілаваннем зусім нельга расцэньваць як прававы сродак абароны правоў, бо асноўнымі ў гэтай працэдуры з’яўляюцца не прававыя пытанні, а маральныя альбо гуманітарныя.

– Практыка паказвае, што асуджаны да смяротнага пакарання ў Беларусі даведваецца аб тым, што яму адмоўлена ў задавальненні скаргі ў парадку нагляду і прашэнні аб памілаванні за некалькі хвілін да пакарання. Бачна, што няма ніякай рэальнай магчымасці для смяротніка за гэтыя некалькі хвілін прадставіць у Камітэт па правах чалавека скаргу і дачакацца яе рэгістрацыі. Таму патрабаванне аб вычарпальнасці ўнутраных сродкаў да падачы скаргі ў ААН гучыць як здзек, – кажа Раман Кісляк.

Маці і сястра асуджанага да смяротнага пакарання Уладзіслава Кавалёва накіравалі ў Камітэт па правах чалавека ААН свае аргументы да каментароў урада Рэспублікі Беларусь.Па словах юрыста-праваабаронцы Рамана Кісляка, гэтае аспрэчванне довадаў Беларусі неабходна для прызнання скаргі прыймальнай і магчымасці далейшага яе разгляду па сутнасці. 

***
30 лістапада 2011 года Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь вынес смяротны прысуд па справе Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, якіх абвінавачвалі ў здзяйсненні шэрагу выбухаў, у тым ліку падчас святкавання Дня незалежнасці ў 2008 г., а таксама тэрарыстычнага акту ў мінскім метро 11 красавіка 2011 г. Пасля тэракту ў метрапалітэне 15 чалавек загінулі, сотні людзей былі параненыя. Дзяржаўны абвінаваўца ў сваім выступе запатрабаваў для абодвух абвінавачаных выключнай меры пакарання – смяротнай кары. 7 снежня Уладзіслаў Кавалёў падаў прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Дзмітрый Канавалаў, другі асуджаны на смяротнае пакаранне паводле абвінавачання ў тэрарызме ў гэтай крымінальнай справе, прашэнне аб памілаванні падаваць адмовіўся, паведаміў 27 студзеня журналістам генпракурор Беларусі Аляксандр Канюк.

Артыкулы па тэме

Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь пастанавіў: расстраляць

Пасля тэракту ў Мінску прэзідэнт абяцае "зачыстку па ўсіх кірунках"

Уладам і жыхарам Беларусі нагадалі пра праблему смяротнага пакарання