Раніцай 19 красавіка міліцыянты прыйшлі ў кватэру, дзе праваабаронца Валер Шчукін збіраўся адзначыць свой дзень народзінаў. Міліцыянты праверылі дакументы ўсіх прысутных і сышлі, але потым вярнуліся з ператрусам. Калі Шчукін папрасіў прад’явіць ордэр на вобшук, пад’езд узялі ў аблогу. Паводле словаў міліцыянтаў, іх дзеянні былі звязаныя з расследаваннем крымінальнай справы аб тэракце, і яны мелі намер шукаць зброю.

Пра сваё затрыманне распавяла віцебская грамадская актывістка Вольга Карач (на здымку):

Некалькі міліцыянтаў пачалі патрашыць маю сумку, прычым без пратаколу, без складання вопісаў. Сталі капацца ў паперах. Яны гэта рабілі, а ў гэты час вельмі хутка ўвайшоў міліцыянт, каторы пачаў вельмі моцна брахацца матам. Усе пачалося з таго, што я яго папрасіла пры мне не брахацца. Ён паднёс нагу да майго твару і патлумачыў, што зараз разаб’е мне нос, і потым ён проста стаў мяне біць па шчацэ.

Актывісты – тэрарысты!?
Праваабаронца, сябра Беларускага Хельсінкскага Камітэта і партнёр Дома правоў чалавека ў Вільні Павел Левінаў паведаміў, што яго затрымалі па падазрэнні ў дачыненні да тэракту. Разам з Левінавым па тым жа артыкуле затрыманыя заснавальніца грамадзянскай кампаніі “Наш дом” Вольга Карач, рэдактар газеты “Віцебскі кур’ер” Алег Баршчэўскі і Павел Станеўскі.

Юрыст Валянцін Стэфановіч (на здымку) называе затрыманне Левінава недарэчным і незаконным:

 – Затрыманне  Левінава не мае падставаў, пералічаных у артыкуле 108 КПК. Факты затрыманняў праваабаронцаў, незалежных журналістаў па падазрэнні ў здзяйсненні тэрарыстычнага акту вельмі насцярожваюць. Асабліва, калі ёсць інфармацыя пра тое, што злачынцы ўжо затрыманыя.

Не тэрарызм, дык хуліганства
На шчасце, праз пэўны час стала вядома, што тэрарызм праваабаронцу "прышыць" ужо не спрабуюць.

Увечары 19 красавіка начальнік Фрунзенскага РУУСа паведаміў, што Павел Левінаў быў затрыманы за "дробнае хуліганства". 

20 красавіка адбыўся суд над Паўлам Левінавым, Вольгай Карач, Алегам Баршчэўскім і Паўлам Станеўскім за тое, што яны нібыта лаяліся матам у міліцэйскім пастарунку. Вольга Карач аштрафаваная на 20 базавых велічынь, Алег Баршчэўскі атрымаў 10 сутак арышту. Павел Станеўскі адпушчаны на волю, бо суддзя спыніла судовы працэс і вярнула матэр’ялы для належнага афармлення ў Фрунзенскі РУУС. 21 красавіка Павел Станеўскі быў асуджаны на 8 сутак арышту. Паўлу Левінаву прысудзілі 10 сутак арышту. Левінаў папрасіў адтэрмінаваць выкананне прысуду, бо дома ў яго застался хворая маці. Суддзя разглядаць хадайніцтва не стала.

“Зачыстка па ўсіх кірунках” пачалася?
Варта нагадаць, што 13 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў пра тое, што выканаўцы тэракту ў мінскім метро ўжо затрыманыя. Аднак прэзідэнт загадаў дапытаць прадстаўнікоў апазіцыі наконт выбуху ў метро 11 красавіка, “нягледзячы ні на якую дэмакратыю і вой ды стогны замежных пакутнікаў”.

Прэзідэнт Беларусі таксама асудзіў разважанні “аб нейкіх правах чалавека”.

"Дайшло да шчырага блюзнерства. Увесь народ перажывае трагедыю, смуткуе аб загінулых, а нашы еўрапейскія так званыя партнёры ў Страсбургу разважаюць аб нейкіх правах чалавека", — заявіў ён.

"Мы ні ў якім разе не павінны расслабляцца. Зачыстка павінна быць праведзеная па ўсіх кірунках – вы разумееце, аб чым гаворка",- дадаў Лукашэнка.

БАЖ пратэстуе супраць пераследу журналістаў

Беларуская асацыяцыя журналістаў прыняла заяву, у якой выказвае занепакоенасць у сувязі з выпадкамі пераследу журналістаў і СМІ. Поўны тэкст заявы пададзены ніжэй.

Патрабуем спыніць пераслед нашых калег!
Заява ГА «БАЖ»

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» рашуча пратэстуе супраць шматлікіх фактаў пераследу журналістаў і СМІ, якія адзначаюцца апошнім часам у Беларусі.

Улады краіны спрабуюць выкарыстаць любую нагоду, каб змусіць замаўчаць нешматлікія вольныя галасы, што засталіся на беларускім інфармацыйным полі. На жаль, не сталі выключэннем і трагічныя падзеі ў Мінску 11 красавіка.

Толькі за апошнія дзесяць дзён:

— Міністэрства інфармацыі вынесла два пісьмовыя папярэджанні недзяржаўнай газеце «Наша Ніва» (14 і 19 красавіка) і адно — «Народнай волі» (15 красавіка);

— Папярэджанні ад пракуратуры і КДБ атрымалі галоўны рэдактарінтэрнэт-газеты «Салідарнасць» Аляксандр Старыкевіч (12 красавіка), галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Скурко (18 красавіка), галоўны рэдактар рэгіянальнай газеты «Бобруйский курьер» (за публікацыю ў блогу на сайце «Белорусский партизан») Анатоль Санаценка (12 красавіка), галоўны рэдактар маланакладнай газеты «Вольны горад» (Крычаў) Сяргей Няроўны (19 красавіка).

 Затрыманыя на сумнеўных падставах і прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці сябры ГА «БАЖ» Вольга Карач і Алег Баршчэўскі (галоўны рэдактар газеты «Витебский курьер»). Затрыманы таксама сябра арганізацыі Павел Левінаў, слуханні па справе якога яшчэ не скончыліся. На некаторых з іх пасля затрымання склалі пратаколы пра «падазрэнні ў здзяйсненні тэракту 11 красавіка ў мінскім метро».

З вуснаў дзяржаўных чыноўнікаў працягваюць гучаць пагрозлівыя выказванні на адрас журналістаў наконт прыцягнення іх да адказнасці за «скокі на касцях». Выглядае на тое, што так улады расцэньваюць любыя каментары і версіі, якія з нейкіх прычын не задавальняюць афіцыйных асобаў.

Існуе рэальная пагроза таго, што гэтая сітуацыя будзе выкарыстана для абмежавання абарачэння інфармацыі ў інтэрнэце. Першымі трывожнымі сігналамі стала абмежаванне доступу да сайтаў «Хартыя’97» і «Белорусский партизан». Міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі днямі заявіў, што надышоў час «заканчваць з безадказнасцю у блогах, сацыяльных сетках і на іншыхінтэрнэт-пляцоўках».

Гэтыя падзеі нельга разглядаць па-за кантэкстам той хвалі рэпрэсій супраць журналістаў, якія распачаліся ў краіне пасля 19 снежня 2010 года. Нагадаем, што шасцёра сябраў БАЖ абвінавачваюцца ў крымінальных злачынствах — ўдзеле ў «масавых беспарадках» альбо арганізацыі «дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»: гэта Ірына Халіп, Наталля Радзіна,Аляксандр Фядута, Сяргей Вазняк, Павел Севярынец і Дзмітрый Бандарэнка. Адзін журналіст — Аляксандр Атрошчанкаў — ужо асуджаны на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Сябра БАЖ Андрэй Пачобут абвінавачваецца ў паклёпе і знявазе прэзідэнта і змешчаны ў турму да суда. Дагэтуль не вернутая прафесійная тэхніка, якую прадстаўнікі сілавых структур забралі ў рэдакцыйных офісах і прыватных кватэрах журналістаў у часе ператрусаў мінулай зімой.

Пагрозы, папярэджанні, арышты і ператрусы — гэта не тыя метады, якія могуць павысіць прафесіяналізм і адказнасць прэсы.

ГА «БАЖ» рашуча пратэстуе супраць любых форм ціску на журналістаў і СМІ і патрабуе спыніць пераслед нашых калег!

Прынята Праўленнем ГА «БАЖ»
20.04.2011

 

***
Выбух адбыўся 11 красавіка на станцыі метро «Кастрычніцкая» ў цэнтры Мінску. Пацярпелі 204 чалавекі, 13 загінулі. 11 чалавек знаходзяцца ў крытычным стане, за іх жыцці змагаюцца медыкі. Падазраваныя ў здзяйсненні тэракту жыхары Віцебску былі затрыманыя праз суткі пасля тэракту.

Артыкулы па тэме

Пасля тэракту ў Мінску прэзідэнт абяцае "зачыстку па ўсіх кірунках"

Рэпрэсаваны беларускі адвакат: “Я буду далей бараніць правы чалавека”

Праваабаронцы ў Беларусі не патрэбныя