10 кастрычніка, у Сусветны Дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання актывісты кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” яшчэ раз нагадалі беларусам аб праблемах, звязаных са смяротным пакараннем: аб недасканаласці судовай сістэмы ў Беларусі, пра тыя мукі, якія вымушаныя зносіць родныя і блізкія забітых, не ведаючы ні месца пахавання расстраляных,ні час расстрэлу, паколькі сваякам не паведамляецца пра дзень прысуду, целы расстраляных не выдаюцца для пахавання, месца пахавання застаецца невядомым, а ў пасведчанні аб смерці у графе “прычына смерці” ставіцца прочырк.
Актывісты кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” выйшлі на праспект Незалежнасці ў Мінску, каб нагадаць мінакам, што ў Беларусі дагэтуль дзяржава забівае людзей. Інфармацыйныя буклеты, паводле праваабаронцаў, людзі бралі зацікаўлена, і было шмат нераўнадушных да гэтай праблемы грамадзянаў, з некаторымі нават атрымалася падыскутаваць.
Адмяніць смяротнае пакаранне ў сучаснай Беларусі надзвычай важна з некалькіх прычынаў, кажа адзін з кіраўнікоў праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч (на фота):
“Гэта важна, бо гэткім чынам дзяржава на справе дакажа, што чалавечае жыццё мае найвышэйшую каштоўнасць для дзяржавы. Што дзяржава не забівае ад свайго імя. Гэтая тэма мае шмат аспектаў, у тым ліку рэлігійны. Таксама пры такой судовай сістэме, якая цяпер ёсць у Беларусі, небяспечна мець гэткую форму пакарання. Бо наяўнасць судовых памылак вельмі вялікая і верагодная. А ў спалучэнні са шматлікімі фактамі катаванняў, якія пэрыядычна агучваюцца падчас гучных спраў, тым больш небяспечна мець такую меру пакарання, як смяротнае”.
Еўразвяз і Рада Еўропы заклікаюць Беларусь абвясціць мараторый на смяротнае пакаранне
Вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу ў справах знешняй палітыкі Кэтрын Эштан і генеральны сакратар Рады Еўропы Турб’ёрн Ягланд выступілі 10 кастрычніка з сумеснай заявай з нагоды ўсясветнага Дня супраць смяротнага пакарання.
“Еўрапейскі Звяз і Рада Еўропы пацвярджаюць агульную нязгоду з ужываннем смяротнага пакарання, а таксама свой абавязак дамагацца яго скасавання”, — гаворыцца ў заяве.
“Мы лічым, што смяротнае пакаранне бесчалавечнае і становіць знявагу чалавечай годнасці. Еўрапейскі досвед навучыў нас, што смяротнае пакаранне не перашкаджае росту жорсткіх злачынстваў і не аднаўляе справядлівасць у дачыненні да іхніх ахвяраў. Любая юрыдычная памылка ва ўжыванні сьмяротнага пакарання, ад якой не застрахаваная ніводная юрыдычная сістэма, вядзе да незваротнай страты чалавечага жыцця”, — падкрэслілі кіраўнікі ЕЗ і Рады Еўропы.
У заяве асуджаецца ўжыванне смяротнага пакарання ў Беларусі, “адзінай краіне ў Еўропе, дзе яшчэ звяртаюцца да смяротнай кары”.
“Мы настойліва просім Беларусь абвясціць мараторый на ўжыванне смяротнага пакарання ў пэрспектыве поўнага скасавання”, — заявілі Эштан і Ягланд.
***
Ад 1991 году ў Беларусі магло быць пакарана смерцю каля 400 чалавек – рэальная лічба невядомая праз сакрэтнасць інфармацыі пра смяротныя пакаранні.
Паводле ПЦ “Вясна”, у гэтым годзе ў сярэдзіне ліпеня былі расстраляныя Алег Грышкаўцоў і Андрэй Бурдыка, прысуджаныя 14 мая 2010 года да смяротнага пакарання праз расстрэл за злачынствы, здзейсненыя падчас узброенага нападу на кватэру ў Гродне ў кастрычніку 2009 года. Прысуды прыведзеныя ў выкананне нягледзячы на разгляд гэтай справы ў Камітэце ААН па правах чалавека, што парушае міжнародныя пагадненні нашай краіны.
Чакае выканання прысуду гомельскі рабаўнік і забойца Ігар Мялік, якому Калегія Вярхоўнага суда Беларусі 11 лютага 2011 года адмовіла ў задавальненні скаргі на змену пакарання. Яшчэ адным “растрэльным” прысудам можа завершыцца неадназначная крымінальная справа аб тэрарызме ў Мінскім метро.
Артыкулы па тэме
Праваабаронцы распаўсюдзілі зварот аб недапушчальнасці смяротнага пакарання ў Беларусі
Супраць смяротнага пакарання ўсе сродкі добрыя
Міжнародная супольнасць абураная смяротнымі пакараннямі ў Беларусі