Падчас цырымоніі ўзнагароджання з праграмнай прамовай выступіць міністр замежных спраў Ёнас Гар Сцёрэ. Журналістка Марына Коктыш ад беларускай газеты "Народная воля” выступіць з прамовай ад імя лаўрэатаў.
Для ўручэння падрыхтаваныя шэсць прэмій на агульную суму 70 000 еўра, якія будуць уручаныя чатыром журналістам, газеце і навінаваму парталу. Фундацыя Дамоў правоў чалавека і Нарвежскі Хельсінкскі Камітэт вылучылі на атрыманне ўзнагароды журналіста Заміна Гаджыева з Азербайджану, навінавы партал "А1 +" з Арменіі і штотыднёвую газету “Чарнавік”, што выходзіць ў Рэспубліцы Дагестан на Паўночным Каўказе. Узнагароджаныя таксама будуць Наталля Іванішына з Расіі і Наталля Лігачова з Украіны.
М.Коктыш: "Недзяржаўныя газеты на мяжы закрыцця"
Беларуская журналістка, намесніца галоўнага рэдактара газеты “Народная Воля” Марына Коктыш (на фота) таксама будзе ўзнагароджаная. Асабліва адзначаецца, што моцны бок Марыны Коктыш – правядзенне інтэрв’ю, дзе яна “вядзе размовы пра сацыяльную палітыку і асабістае з кожным: ад крытыкаў рэжыму да прадстаўнікоў улады”. Коктыш асвятляла ход прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года і смела крытыкавала падрыў дэмакратычных і прававых прынцыпаў.
“Безумоўна, у нашай сённяшняй няпростай сітуацыі са СМІ, калі недзяржаўныя газеты апынуліся на мяжы закрыцця (у тым ліку, дарэчы, і „Народная воля“), гэтая прэмія — вялікая прыемнасць. Гэта знак увагі і падтрымкі з боку еўрапейскіх калег”, — зазначыла Марына Коктыш, каментуючы сваю перамогу.
***
Прэмія імя Герда Буцэрыюса, названая імем вядомага нямецкага юрыста, журналіста і выдаўца, заснаваная ў 1999 годзе фондамі «Вольнае слова » (Fritt Ord, Осла), і «Цайт-Штыфтунг Эбелін і Герда Буцэрыюса" (ZEIT-Stiftung Ebelin und Gerd Bucerius, Гамбург) і закліканая абараняць і падтрымліваць незалежныя сродкі масавай інфармацыі Ўсходняй Еўропы.
Прэміі прысуджаюцца ў мэтах умацавання ролі незалежных журналістаў і СМІ, нягледзячы на рэпрэсіі і фінансавыя цяжкасці. Лаўрэатамі ўзнагароды могуць стаць як СМІ, так і асобныя журналісты з Беларусі, Украіны, Грузіі, Расіі і паўднёвага Каўказу, якія выступаюць у падтрымку свабоды прэсы, свабоды слова і ліберальнай грамадзянскай супольнасці. Ад кожнай краіны журы штогод абірае аднаго альбо некалькіх лаўрэатаў.
У папярэднія гады прэмію Цайта з беларускіх СМІ атрымлівалі: «Борисовские новости», «Новы час»,«Газета Слонімская», «Ежедневник», інфармагенцтва БелаПАН, «Белорусская деловая газета», «Салідарнасць», «Белорусский рынок», «Народная воля», «Свободные новости», «Наша Ніва», «Брестский курьер», «Витебский курьер-М», «Intex-press», «CDmag», Святлана Калінкіна, Мікола Маркевіч, Ася Трацюк.
Артыкулы па тэме
Беларускія ўлады пачалі паляванне на сацыяльныя сеткі