23 ліпеня скончыўся 10-дзённы тэрмін затрымання студэнта журналістыкі БДУ Антона Сурапіна, аднак на волю ён не выйшаў. Абвінавачванне яму пакуль не прад’яўленае. Яго пакінулі ў турме для далейшага разгляду. Гэта ўся інфармацыя, якую змагла паведаміць адвакатка Антона Сурапіна пасля наведвання КДБ.

Затрыманы студэнт перадаў прывітанне ўсім, хто яго падтрымлівае. Антону Сурапіну вядома аб тым рэзанансе, які выклікаў яго арышт.

Студэнт БДУ Антон Сурапін першым выклаў у інтэрнэт здымкі плюшавых мядзведзікаў, якіх скінулі шведы падчас пралёту над Івянцом і над ускраінай Мінска 4 ліпеня. КДБ затрымаў Сурапіна 13 ліпеня, і з таго часу яго правяраюць на прадмет спрыяння ў незаконным перасячэнні мяжы групай асобаў. Максімальнае пакаранне паводле гэтага абвінавачання — 7 гадоў зняволення.

16-гадовую жыхарку Івянца Кацю Скурат дапыталі супрацоўнікі КДБ у прысутнасці бацькоў. Дзяўчына плакала, адказваючы на пытанні чэкістаў. Паводле адной з версій, Каця Скурат сфатаграфавала плюшавых мядзведзікаў, якія знайшла ў Івянцы пасля пралёту шведскага самалёта, і праз электронную пошту даслала здымкі Антону Сурапіну, які размясціў іх на сваім сайце. Старонка Каці Скурат у сацыяльнай сетцы «Ўкантакце», на якой былі размешчаны фотаздымкі цацачнага дэсанту, на цяперашні час ужо выдалена.

Затрыманы яшчэ адзін чалавек – рыэлтар Сяргей Башарымаў

6 ліпеня быў затрыманы яшчэ адзін фігурант справы – мінскі рыэлтар Сяргей Башарымаў, які да сяго часу ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ. Башарымаву ўжо выстаўленае абвінавачанне.

«Сяргей абвінавачаны паводле таго ж артыкула, паводле якога падазраюць і Антона Сурапіна — гэта спрыянне групе асобаў у незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы. Пра гэта маці Сяргея Людміле паведаміў дзяжурны адвакат, які наведваў яго ў СІЗА КДБ», — распавяла Ірына Лагойка, сяброўка  Башарымава.

Сама Ірына Лагойка таксама сутыкнулася са следчымі КДБ: яна была выкліканая на допыт і правяла ноч у “амерыканцы”.

«Мяне затрымалі ўвечары 6 ліпеня, прыехалі да мяне дамоў тры супрацоўнікі КДБ і сказалі, што трэба праехаць з імі для высвятлення абставінаў. Прыкладна ў такі ж час, настолькі я зараз ведаю, затрымалі і Сяргея. Я была здзіўленая, але асаблівага страху не было, бо калі ты ведаеш, што нічога не зрабіў незаконнага, то і не баішся. У КДБ быў допыт у кабінеце следчага, але ён зацягнуўся да 12 начы, і пасля гэтага мяне адвялі ў камеру ў „амерыканку“. Камера была такая вузкая. Вось там стала непрыемна. Я была ў шоку. Раніцай допыт працягнулі, а потым далі мне прачытаць мае паказанні і адпусцілі. Падрабязнасцяў допыту распавесці я не маю права».

Паводле Ірыны Лагойкі, да затрымання яна нічога ня ведала пра гісторыю з плюшавымі мядзведзікамі, і таму спачатку некаторыя пытанні следчага былі для яе вельмі дзіўнымі.

Ірына Лагойка кажа, што з некаторых пытанняў на допыце яна зразумела, што яе хлопец таксама затрыманы, але самі следчыя пра гэта нічога не казалі. Пра затрыманне Сяргея ёй паведаміла ягоная маці, з якой дзяўчына сустрэлася пасля свайго вызвалення. Яны разам ужо двойчы адносілі Сяргею перадачы — ежу, адзенне, а таксама перадавалі паперу і канверты. Ад Сяргея з 6 ліпеня прыйшло ўжо тры лісты.

«Піша, што трымаецца, што ўсё нармальна з ім, што ні ў чым не вінаваты і будзе за сябе змагацца. Пра ўмовы піша, што прымальныя», – гаворыць Ірына.

Паводле адной з версій, Сяргей Башарымаў быў тым рыэлтарам, праз якога замовілі ў Мінску кватэру шведы, якія дапамагалі сваім сябрам у палёце над Беларуссю. Пэр Кромвэл, адзін з арганізатараў гэтага пралёту, казаў, што сустракаўся з Сяргеем Башарымавым як рыэлтарам у траўні, але ў ліпені не бачыўся з ім, а толькі даслаў яму СМС з адмовай ад кватэры.

«Міжнародная амністыя» заклікае неадкладна вызваліць Сурапіна

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» заклікае ўлады Беларусі неадкладна вызваліць 20-гадовага фатографа Антона Сурапіна і зняць з яго ўсе абвінавачанні.

«Справа супраць Антона Сурапіна – гэта яшчэ адзін цвік у труну свабоды слова і асацыяцый у Беларусі, дзе ілжывыя абвінавачанні часта выкарыстоўваюцца ў спробах прымусіць замаўчаць тых, хто абараняе правы чалавека», – цытуе прэс-служба арганізацыі заяву дырэктара «Міжнароднай амністыі» ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі Джона Делхасэна.

Між тым, у Беларусі на афіцыйным узроўні справу аб “цацачным дэсанце” працягваюць замоўчваць.

Супрацоўнік цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Артур Стрэх 23 ліпеня сказаў, што справу Антона Сурапіна, Сяргея Башарымава ды ўвогуле справу пра плюшавых мядзведзікаў у КДБ па-ранейшаму не каментуюць.

Мінабароны дагэтуль не прызнала факту незаконнага пралёту над Беларуссю шведскага самалёта, нягледзячы на тое, што арганізатары акцыі выклалі ў інтэрнэт паўтарагадзіннае відэа гэтага палёту.

Беларускі Хельсінкскі камітэт звярнуўся ў Генеральную пракуратуру з запытам пра тое, ці заведзеная крымінальная справа ў дачыненні да вайскоўцаў з частак супрацьпаветранай абароны, якія раніцай 4 ліпеня не заўважылі пралёту цераз мяжу з Літвой шведскага лёгкаматорнага самалёта і ягонага вяртання ў Літву праз паўтары гадзіны. Беларускі Хельсінкскі камітэт просіць Генпракуратуру паведаміць, “ці распачата крымінальная справа па факце халатнага выканання службовых абавязкаў ваеннаслужачымі СПА, якія не зафіксавалі факта парушэння дзяржаўнай мяжы Беларусі”. Праваабаронцы кажуць, што інфармацыя, якую яны запытваюць, патрэбная для дакладнай ацэнкі ўтрымання пад вартай журналіста Антона Сурапіна.

Артыкулы па тэме

Няцацачныя жарсці вакол «цацачнага дэсанта»: затрыманні, допыты, экспертызы

Бяляцкі: ціск уладаў Беларусі і падтрымка міжнароднай супольнасці

Адна Беларусь – тры рэзалюцыі