Міністэрства юстыцыі Беларусі адхіліла заяву праваабаронцаў аб легалізацыі асацыяцыі “Наша Вясна”. Заснавальнікі арганізацыі атрымалі разгорнуты ліст, які, аднак, уважаюць за “тыповую адмову”.
Разам з фармальнымі прычынамі, Міністэрства звяртае ўвагу на старыя “грахі” заснавальнікаў: у мінулым некаторыя з іх траплялі пад адміністрацыйны ці крымінальны пераслед за ўдзел у “несанкцыянаваных” маніфестацыях, распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных звестак і г.д. Чыноўнікі сумняюцца і ў тым, ці ўвогуле сапраўды адбыўся ўстаноўчы сход “Нашай Вясны”.
У адмысловай заяве заснавальнікі ахарактарызавалі адмову як “цынічнае парушэнне міжнародных абавязанняў” Беларусі. На думку актывістаў, улады выявілі сваю негатоўнасць да сістэматычных зменаў і да лібералізацыі.
“Мы гэта расцэньваем, як сістэмную дыскрымінацыю заснавальнікаў арганізацыі, паколькі вось ужо на працягу такога доўгага часу мы не можам рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на свабоду стварэння асацыяцыяў, – адзначае праваабаронца Валянцін Стэфановіч. – Таксама нагадаю, што ёсць рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН ад 2007 года, у якім было ўстаноўлена, што ліківідацыя Праваабарончага цэнтру “Вясна” зьяўлялася парушэннем артыкулу 22 Пакту аб міжнародных Грамадзянскіх і палітычных правах, Усе асобы, якія звярталіся з індывідуальнымі зваротамі ў Камітэт, а іх было каля 10 чалавек, прызнаныя ахвярамі парушэння правоў чалавека. Паводле гэтага рашэння ўраду Беларусі было прапанавана на працягу 90 дзён прыняць меры да перарэгістрацыі абяднання, а таксама зрабіць захады, скіраваныя на аднаўленне ў правах ахвяраў парушэння, і не дапускасць такіх парушэнняў у будучым. Але, як бачна, беларускія ўлады не толькі не выканалі рашэнне КПЧ, але ўжо двойчы адмовілі заснавальнікам у рэгістрацыі арганізацыі. Таму мы лічым, што гэта сістэмная дыскрымінацыя, будзем зноў звяртацца ў Вярхоўны Суд, а ў выпадку адмовы таксама ў Камітэт па правах чалавека ААН, дзе я пры падрыхтоўцы гэтага звароту аб’яднаю дзьве адмовы ў рэгістрацыі (2007 года і гэту), каб даказаць, што гэта ёсць дыскрымінацыя канкрэтных асобаў па кантрэтных палітычных падставах. Таксама хачу сказаць, што нам і мне асабіста ніхто не забароніць працягваць правабарончую дзейнасць, і я гэтым буду займацца незалежна ад рэгістрацыі ці нерэгістрацыі.
“Наша Вясна” з’яўляецца фактычным пераемнікам ліквідаванай арганізацыі “Вясна”. У 2007 годзе Камітэт па правах чалавека ААН заявіў, што, закрыўшы “Вясну”, беларускія ўлады парушылі Артыкул 22-1 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. У сваім рашэнні Камітэт абавязаў беларускі ўрад прыняць меры па недапушчэнні падобных парушэнняў у будучыні.