Беларускі Дом правоў чалавека (Вільня) прымае адчыненую дыскусію «Літва і Беларусь: палітыкі нармалізацыі».
Удзельнікі дыскусіі – актывісты і акадэмікі з Беларусі і Літвы – маюць выявіць супольныя праблемы дзвух краін у гендэрнай сферы, паведамляюць арганізатары мерапрыемства.
Беларускі Дом правоў чалавека разглядае дыскусію як працяг сваёй дзейнасці ў абарону свабоды выказвання. Сёння ён прадстаўляе базу для семінара партнёрам – беларускаму Еўрапейскаму гуманітарнаму універсітэту і літоўскім Ініцыятывам жанчын новага пакалення.
Абмеркаванне праходзіць у межах альтэрнатыўнага творчага фестываля Ladyfest 2009.
Сюжэт пра мужчынскі стрыптыз у жаночай літоўскай турме, фота беларускага прэзідэнта разам з пазашлюбным 5-гадовым сынам на прыёме ў папы рымскага – прыклады, якімі карыстаюцца ў сваіх выступах удзельнікі абмеркавання.
Даследчыца Дайва Рэпечкайтэ з Літвы выступае першая: «Дзяржава цвердзіць, што толькі яна можа захаваць натуральны кшталт сям’і». Тэлебачанне ж, на думку даследчыцы, імкнецца цэнзураваць нетыповыя погляды на сямейныя варункі.
«Нармалізацыя – гэта калі ўсе дудзяць у адну дуду, калі ўсякае альтэрнатыўнае меркаванне заглушаецца», – тлумачыць дырэктарка Беларускага ДПЧ Ганна Герасімава у перапынку. – «Сённяшняе мерапрыемства тычыцца свабоды выказвання, важнага накірунка для дзейнасці нашай арганізацыі».
Па заканчэнні дыскусіі адзін літоўскі удзельнік выказвае спадзяванне, што падобныя семінары атрымаюць больш водгуку ў літоўскіх СМІ ў будучыні.
«У плане СМІ падобныя семінары практычна не маюць эфекта ў Літве» – каментуе ўдзельнік дыскусіі, аналітык культуры Кароліс Клімка.
«Магчыма, яны часам уплываюць на іншыя інстытуцыі ў кантэксце геапалітыкі; але СМІ, у асноўным, цікавяцца сенсацыямі, не правамі чалавека», – кажа аналітык.