Напачатку сакавіка стала вядома, што беларускія ўлады разглядаюць “магчымасць абмежавання выезду з краіны для асобаў, якія прама заклікалі да ўвядзення санкцый супраць Беларусі” і “папярэдне ў спісе значыцца 108 прозвішчаў”. Меркавалася, што такім чынам беларускі рэжым адрэагуе на пашырэнне спісу беларускіх чыноўнікаў, на якіх распаўсюджваюцца санкцыі ЕС.
Беларускія ўлады афіцыйна не пацвярджаюць наяўнасць такога спісу. Аднак апошнім часам пры перасячэнні беларускай мяжы ўзнікла шмат праблем у шэрагу беларускіх грамадскіх дзеячаў.
Так, 11 сакавіка намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч (на фота) не змог выехаць з Беларусі. На беларуска-літоўскай мяжы ў пункце пропуску “Каменны Лог” супрацоўнікі памежнай службы паведамілі, што яму адмоўлена ў выездзе, а ягонае прозвішча значыцца ў базе звестак невыязных грамадзянаў.
Прычыну абмежавання права на выезд Валянціну Стэфановічу памежнікі не ўдакладнілі, параіўшы звяртацца ў аддзел міграцыі і грамадзянства на месцы жыхарства.
Праваабаронца перакананы, што ніякіх законных падставаў абмежавання яго выезду з Беларусі ў праваахоўных структураў няма – штраф за нібыта ўтойванне прыбыткаў ад праваабарончай дзейнасці ім выплачаны ў поўным аб’ёме. Тым не меней, Валянцін Стэфановіч вымушаны быў вярнуцца ў Мінск.
7 сакавіка на памежным пераходзе “Каменны Лог” не пусцілі ў Літву лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку. Праблемы з вяртаннем з Літвы ўзніклі і ў жонкі А. Лябедзькі Святланы – яе некалькі гадзін пратрымалі на мяжы.
10 сакавіка на “Каменным Логу” затрымалі і не пусцілі ў Літву грамадскага дзеяча Віктара Карняенку і лідара партыі “Справядлівы свет” Сяргея Калякіна, сказаўшы, што ім забаронены выезд з Беларусі.
Таксама пры ўездзе ў Беларусь узніклі праблемы ў былога палітвязня Мікіты Ліхавіда і яго маці Алены. Іх аўтамабіль і іх саміх шэсць гадзін правяралі на мяжы.
Чыноўнікі пра “чорны спіс” не ведаюць
Начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Аляксей Бягун заявіў, што інфармацыяй пра “чорны спіс” не валодае.
“Я не ведаю, хто там ім прастаўляў штампы і хто не прапускаў. У нас няма адпаведнай інфармацыі па гэтым пытанні. Прынамсі, па гэтых фактах мы ніякай інфармацыяй не валодаем”, — сказаў Аляксей Бягун.
Паводле Бегуна, звяртацца па тлумачэнні неабходна да тых, хто выносіў рашэнне пра абмежаванне права гэтых людзей на выезд, а звяртацца ў Дэпартамент з гэтай нагоды няма сэнсу.
Праўда, куды трэба пісаць, Аляксей Бягун патлумачыць не здолеў і прызнаўся, што пра спісы невыязных апазіцыянераў першы раз чуе.
Артыкулы па тэме
Фундацыя Дамоў Правоў Чалавека паведаміла ААН пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі
Беларус працягвае галадаваць за сцяг
Ціск і пагрозы для жыцця і здароўя – навіны пра беларускіх палітвязняў