Х. Шацікаву, вядомую грамадскую актывістку, затрымалі ў Магілёве 4 траўня каля пад’езда яе дома і забралі ў яе больш за 12 тысяч асобнікаў газеты “Наш дом”. Спачатку міліцыянты абгрунтавалі затрыманне падазрэннямі, што ў пакунках, якія несла дзяўчына, могуць быць скрадзеныя рэчы. Ускрыўшы пакункі, яны ўбачылі газеты і загадалі ехаць з імі ў пастарунак. Шацікава сцвярджае, што не распаўсюджвала газету, якая знаходзілася ў закрытых пакунках. У міліцэйскім жа пратаколе сцвярджаецца, што яна “здзяйсняла дастаўку газет і тым самым здзейсняла распаўсюджанне друкаванага выдання, не зарэгістраванага на тэрыторыі Республікі Беларусь у прынятым парадку”.
Слуханні адміністратыўнай справы распачаліся ў канцы траўня, але суддзя Раман Касцюк адправіў матэрыялы на дапрацоўку ў міліцыю — у дакументах не хапала пісьмовых тлумачэнняў, якія актывістка давала адразу ж пасля свайго затрымання. Паводле Шацікавай, гэтых тлумачэнняў у матэрыялах справы па-ранейшаму няма.
У час слуханняў, што праходзілі 24 чэрвеня суддзя Наталля Крашкіна выдаліла з залы пасяджэнняў вядомага праваабаронцу Валерыя Шчукіна (на фота справа), якому на першым судзе ў траўні 2010 года дазволілі быць прадстаўніком Шацікавай (на фота злева).
“Сёння Крашкіна заявіла, што разгляд справы пачынаецца наноў і не дазволілі быць маім прадстаўніком Шчукіну”, — паведаміла актывістка Х. Шацікава.
Таксама падчас слуханняў 24 чэрвеня суддзя вырашыла дапытаць усіх міліцыянтаў, якія затрымлівалі актывістку 4 траўня. 24 чэрвеня суддзя паспела дапытаць двух міліцыянтаў і двух панятых. “Участковы міліцыянт Барысенка прызнаў, што я не распаўсюджвала газеты, яны ў мяне былі запакаваныя”, — кажа Шацікава.
Выданне “Наш дом” — афіцыйна незарэгістраванае. Мінінфармацыі адмовілася разглядаць дакументы аб яго рэгістрацыі, і цяпер яго заснавальнікі спрабуюць абскардзіць гэтае рашэнне. Выданне, аднак, друкуецца ў Смаленску, і ўжо не аднойчы яго затрымлівала міліцыя на тэрыторыі Беларусі.
Кацярына Клімко, па матэрыялах baj.by і svaboda.org