Адвакацкія суполкі шэрагу краін-суседак Беларусі праяўляюць салідарнасць з беларускімі калегамі, якія зазнаюць ціск з боку ўласнай дзяржавы.

Да ўладаў Беларусі звярнуліся адвакацкія суполкі Польшчы і Малдовы. Яшчэ да гэтага салідарнасць з беларускімі калегамі выразілі адвакаты Украіны.

У падтрымку беларускіх юрыстаў-абаронцаў выступіў Еўрапейскі звяз адвакацкіх калегій – арганізацыя, якая аб’ядноўвае 31 краіну і мае каля мільёна чальцоў.

Адмаўляе ўжо другі адвакат
Беларускія ўлады ігнаруюць і сусветную грамадскую думку, і ўласныя законы, і элементарную этыку. Адвакаты, якія выконваюць прафесійны абавязак – бараніць абвінавачанага – сутыкаюцца з бессаромнымі пагрозамі страціць ліцэнзію. 

Адвакатка Тамара Гараева, якая на пачатку ахвотна падпісала дамову і абавязалася абараняць “нячэсную” журналістку І.Халіп, не пагадзілася ніяк патлумачыць, што прымусіла яе адмовіцца ад сваіх абавязанняў і пайсці на скасаванне кантракту. 

“Па законе, калі заключаны дагавор, адвакат не мае права адмаўляцца. Але тым не менш гэта адбылося”, – распавёў Уладзімір Халіп, бацька журналісткі charter97.org.

Аб прычынах можна здагадвацца па досведзе ранейшага адваката І.Халіп – Уладзіміра Тоўсціка, якому ўлады пагражалі пазбаўленнем ліцэнзіі. Такім чынам жонка Андрэя Саннікава, якую пасля вызвалення з СІЗА КДБ змясцілі пад хатні арышт – на дадзены момант засталася без адваката.

“Можаце ўявіць, як на іх уздзейнічаюць. Гэта яны заганяюць нас, каб мы ўзялі лукашэнкаўскага адваката”, – кажа У. Халіп.

Абраза адвакацкай прафесіі
Неабыякавым да бясчынства беларускага рэжыму замежным калегам не застаецца нічога іншага як нагадваць беларускаму кіраўніцтву прапісныя ісціны юрыспрудэнцыі.

Управа Асацыяцыі юрыстаў Украіны ў адмысловай заяве нагадала беларускім уладам, што ўмяшанне у дзейнасць адвакатаў з’яўляецца “парушэннем гарантый адвакацкай дзейнасці і свабоды слова“, а таксама „можа мець наступствам парушэнне правоў абвінавачаных на абарону”.

“Сутнасць прафесіі адваката складаецца ў незалежнасці ад ураду і свабодзе ад усялякага роду ўмяшальніцтва ў прафесійную дзейнасць, – канстатуе ў звароце да беларускіх уладаў Старшыня Камісіі па правах чалавека пры Вярхоўнай радзе Адвакацкай палаты Польшчы. – Рэалізацыя гэтых прынцыпаў гарантуе адвакатам магчымасць <абараняць> кожнага, і асабліва тых, хто знаходзіцца ў канфлікце з уладай. Абавязкам абароны з’яўляецца пярэчанне кожным дзеянням улады, якія могуць нашкодзіць яго кліенту. Адвакат мае права і павінен распаўсюджваць інфармацыю аб тым, што парушаюцца прынцыпы крымінальнага працэсу і правоў чалавека, – у інтарэсах свайго кліента, і ўсяго грамадства ў цэлым,» – рэзонна адзначае ў сваім звароце прадстаўнік польскай адвакатуры, папярэджваючы, што ў адваротным выпадку «права на абарону для пэўных катэгорыяў грамадзянаў зробіцца толькі бачнасцю».

"Дзеянні Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь абражаюць прынцыпы незалежнасці адвакацкай прафесіі, і, такім чынам, права на абарону і справядлівы судовае разбіральніцтва. У дадзеных акалічнасцях польскія адвакаты не могуць заставацца абыякавымі,» – рэзюмуе аўтар ліста.

"Дзеянні выканаўчай улады Беларусі з’яўляюцца недапушчальнымі, бо груба парушаюць нормы міжнароднага права, што замацоўваюць прынцып абсалютнай незалежнасці інстытута адвакатуры» – у лісце да міністра юстыцыі Беларусі Віктара Галаванава піша Звяз адвакатаў Малдовы. – “Мяркуем, што спроба падпарадкаваць дзейнасць адвакатаў палітычным інтарэсам некаторых прадстаўнікоў улады ставіць пад сумнеў разуменне гэтымі прадстаўнікамі ўлады ролі інстытута адвакатуры ў сучасным свеце. Вольнае грамадства не можа існаваць без кампетэнтных і незалежных юрыстаў. <…> Сучасная еўрапейская дзяржава павінна забяспечваць адвакатам магчымасць выконваць свае прафесійныя функцыі без дамагання, прымусу або неналежнага ўмяшання звонку”.

"Сп. Галаванаў, пачытайце дакументы ААН”
Падзеі ў Беларусі абурылі не толькі адвакатаў асобных краін, але і агульнаеўрапейскі Звяз адвакацкіх калегій.  

На імя міністра юстыцыі Беларусі Віктара Галаванава накіраваны зварот прэзідэнта Звязу, у якім міністру прапануюць азнаёміцца з “Асноўнымі палажэннямі аб ролі юрыстаў”. Гэта дакумент ААН – арганізацыі, заснавальніцай якой з’яўляецца і Беларусь, чым так любяць ганарыцца прапагандысты рэжыму.

Як цытуе прэзідэнт Звязу адвакацкіх калегій Еўропы, паводле артыкула 16 “Палажэнняў”, “улады павінны забяспечыць адвакатам (а) магчымасць выконваць усе іх прафесійныя абавязкі без запалохвання, перашкод, турбавання і неналежнага ўмяшання і (в) немагчымасць кары або пагрозы такой або абвінавачвання, адміністрацыйных, эканамічных і іншых санкцый за любыя дзеянні, што ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з прызнанымі прафесійнымі абавязкамі, стандартамі і этычнымі нормамі”.CCBE

Цытуецца ў лісце і артыкул 23: “Адвакаты, як і іншыя грамадзяне, маюць права на свабоду выказванняў <…> без пагрозы абмежавання прафесійнай дзейнасці”.

Улічваючы, што Міністэрства, як фігавым лістком, прыкрываецца уяўнымі “парушэннямі этыкі” з боку адвакатаў і дэкларуе планы ініцыяваць змены ў цяперашнія правілы этыкі, прэзідэнт паважанай міжнароднай адвакацкай арганізацыі вымушаны нагадаць беларускаму міністру аб самакіраванні адвакацкай супольнасці.

У лісце закранаецца шэраг іншых праблем, з якімі сутыкаюцца беларускія адвакаты. Напрыканцы В.Галаванава заклікаюць “забяспечыць поўнае датрыманне міжнародных стандартаў, прадугледжаных Палажэннямі ААН ад 1990 г., у прыватнасці, у плане забеспячэння доступу да адвакатаў і прававых паслуг, свабоды слова для юрыстаў, незалежнасці прафесійных асацыяцый юрыстаў і аб’ектыўнасці дысцыплінарных працэдур”.

Ужо 43 абвінавачаныя
Справа аб масавых пратэстах у Менску 19 снежня працягвае разрастацца як снежны ком.У спісе абвінавачваных ужо 43 чалавекі, у тым ліку сем экс-кандыдатаў у прэзідэнты. Трое з былых прэтэндэнтаў – Андрэй Саннікаў, Аляксей Міхалевіч і Мікалай Статкевіч працягваюць знаходзіцца пад арыштам у СІЗА КДБ, паведамляе ПЦ «Вясна».

Як паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», сёння стала вядома, што абвінавачванне па 2 частцы артыкула 293 Крымінальнага кодэкса РБ (актыўны ўдзел у масавых беспарадках) прад’яўленае адразу чатыром удзельнікам Плошчы: Алесю Кіркевічу, Зміцеру Дразду, Сяргею Казакову і Уладзіміру Яроменку.

Гродзенскаму «маладафронтаўцу» Алесю Кіркевічу, які змешчаны ў СІЗА КДБ у якасці падазраванага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках, прад’яўленае абвінавачванне па 2 частцы артыкула 293 Крымінальнага кодэкса РБ (актыўны ўдзел у масавых беспарадках).

Дрозд Зміцер – актывіст перадвыбарчага штабу А. Саннікава, адбыў 10-суткавы арышт за ўдзел у акцыі пратэсту, 1 лютага ўзяты пад варту на 3 сутак у якасці падазраванага па ч.2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках) – утрымліваўся ў ІЧУ на вул. Акрэсціна. Цяпер будзе пераведзены ў СІЗА КДБ, альбо ў СІЗА на Валадарку.

Казакоў Сяргей – актывіст «Еўрапейскай Беларусі», 27 студзеня затрыманы ў якасці падазраванага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках (пад вартай у СІЗА на вул. Валадарскага)

Яроменак Уладзімір – актывіст «Маладога фронту», адбыў 15-суткавы арышт за ўдзел у акцыі салідарнасці 20 снежня, яшчэ 7 сутак правёў у ІЧУ на вул. Акрэсціна пасля допыту ў КДБ у якасці сведкі па крымінальнай справе аб масавых беспарадках, 28 студзеня стала вядома, што ён затрыманы ў якасці падазраванага па гэтай справе (пад вартай у СІЗА КДБ).

Кіркевіч Алесь – актывіст «Маладога фронту» з Гародні, адбыў 10-суткавы арышт за ўдзел у акцыі салідарнасці 24 снежня, 28 студзеня затрымалі ў якасьці падазраванага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках.

Нагадаем, што тыдзень таму на прэс-канферэнцыі Генпракурор Беларусі Рыгор Васілевіч паведаміў, што крымінальныя справы абвінавачаных у масавых беспарадках у Менску будуць накіраваныя ў суд у першай палове лютага.

Documents: