Нагадаем, што сёння Беларусь з’яўляецца апошняй краінай Еўропы, дзе выносяцца і выконваюцца смяротныя прысуды.  

Старшыня Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб’яднання “Беларускі Хельсінскі КамітэтАлег Гулак азначае пакаранне смерцю як “здзек над людзьмі, над правам, над сучаснасцю”.

Дзікунства
У межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” праваабаронца падпісаў петыцыю, што ўтрымлівае зварот да беларускіх уладаў наконт дадзенай праблемы. Сярод аргументаў супраць смяротнага пакарання Алег Гулак прыводзіць наступныя:

“Я лічу, што смяротнае пакаранне Беларусь абавязаная адмяніць. Гэта дзікунства – у 21 стагоддзі дазваляць, каб дзяржава забівала чалавека. Смяротнае пакаранне – гэта здзек над людзьмі. Гэта здзек над правам. Гэта здзек над сучаснасцю.

Я лічу, што дзяржава, дзяржаўныя органы абавязаны, перш за ўсё, увесці мараторый на выкананне смяротных прысудаў. А потым увогуле адмяніць смяротную кару, выключыўшы гэты від пакарання з Крымінальнага кодэксу. Гэта будзе вельмі важным крокам у гуманізацыі беларускага грамадства”.

Лукашэнка: народ супраць скасавання
Тым часам уладамі Беларусі мяркуецца правесці інфармацыйную кампанію аб магчымасці скасавання смяротнага пакарання. Па інфармацыі БЕЛТА, пра гэта паведміў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас інтэрв’ю італьянскай газеце La Stampa.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў 1996 годзе ў Беларусі пытанне аб пакаранні смерцю вырашалася дэмакратычным шляхам на рэферэндуме, у ходзе якога  пераважная колькасць грамадзян выказалася за захаванне вышэйшай меры пакарання.

Згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, рашэнне рэферэндуму можа адмяніцца толькі новым рэферэндумам. Па меркаванню Прэзідэнта Беларусі, калі б зараз правесці новы рэферэндум, вынікі былі б такія ж, як і ў мінулы раз. 

Кіраўнік беларускай дзяржавы паведаміў: “Мы тыдзень таму вызначыліся, што пачынаем шэраг мерапрыемстваў у гэтым напрамку пачынаючы з парламенцкіх слуханняў і ўзняцця гэтай тэмы ў СМІ. Але вырашальным у пытанні адмены смяротнай кары будзе толькі меркаванне народа”.