“Многае выклікае моцныя сумневы”
Судова-медыцынская экспертыза выявіла, што прычынай смерці беларускага апазіцыйнага журналіста Алега Бябеніна сталася самагубства. Пра гэта паведаміў пракурор Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці Сяргей Каўрыгін. "Толькі што скончылася ўскрыццё цела Алега Бябеніна. Экспертыза пацвердзіла версію пра самагубства", – паведаміў Каўрыгін.
Такім чынам, Генеральная пракуратура Беларусі прыйшла да высновы, што апазіцыйны журналіст Алег Бябенін скончыў жыццё самагубствам. Разам з тым, супрацоўнікі Генпракуратуры на дадзены момант праводзяць праверку з мэтай выяўлення іншых акалічнасцяў здарэння, а таксама высвятляюць магчымыя матывы здарэння.
Тым часам, родныя і сваякі журналіста не вераць у афіцыйную версію і лічаць, што ў Алега не было падставаў скончыць жыццё.
Не верыць у версію самагубства калега загінуўшага, журналістка сайту “Хартыя’97” Наталля Радзіна. Па яе словах, гэта “не ў духу Бябеніна”. Падумаць аб тым, што ён, нікога не папярэдзіўшы, ні да каго не звярнуўшыся, не падумаўшы аб сваіх сябрах, сваяках, сям’і, аб калегах па працы, здзейсніў такі ўчынак… Гэта проста немагчыма”, – сказала Наталля Радзіна.
А вось што думае пра здарэнне лідар “Еўрапейскай Беларусі” і прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта краіны Андрэй Саннікаў (на фота): “Я быў на месцы трагедыі і павінен сказаць, што я не веру ў самагубства, – заявіў палітык. – Многае выклікае моцныя сумневы. Не было знойдзена ніякай запіскі, апошнія смс, якія ён адпраўляў сябрам, сведчаць аб тым, што ён збіраўся з імі ў кіно ўвечары чацвярга. Тыдзень таму Алег вярнуўся з сям’ёй з адпачынку ў Грэцыі. Дзіўна, што МУС пачаў распаўсюджваць сваю версію, не дачакаўшыся судмедэкспертызы”, – распавёў Андрэй Саннікаў.
Гучнае развітанне
6 верасня ў Мінску развіталіся з журналістам Алегам Бябеніным. Развітацца з ім прыйшлі журналісты, праваабаронцы, актывісты палітычных партый і рухаў Беларусі, дзеячы культуры. Прысутныя выканалі беларускі духоўны гімн "Магутны Божа".
Тое, што справа сапраўды гучная і выклікала грамадскі рэзананс, можна прасачыць хаця б па імёнах прысутных. Сярод тых, хто прыйшоў развітацца з журналістам былі былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Жана Літвіна, лідары Партыі БНФ Віктар Івашкевіч і Вінцук Вячорка, праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Таццяна Равяка, Валеры Шчукін, Алег Волчак, кінарэжысёр Юры Хашчавацкі,лідар кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў ды інўыя.
Усе прысутныя па-ранейшаму не хацелі верыць, што Алег сам пайшоў на такі крок. Некаторымі выказвалася версія пра вяртанне “эскадрону смерці”, што адказны за шэраг палітычных знікненняў. “Нашы спецслужбы ў гэтым сэнсе – подлыя: яны і не раскрываюць злачынства, і не кажуць, хто вінаваты, і заўсёды пакідаюць шмат пытанняў і абвінавачанняў на адрас апазіцыі, палітыкаў, журналістаў. І ў тым, што адбылося з Алегам Бябеніным, ёсць тая агульная рыса, што звязвае гэтую драму з ранейшымі падзеямі, – гэта тое, што немагчыма сказаць адназначна ні “так”, ні “не”, – адзначыла Святлана Калінкіна, намесніца галоўнага рэдактара газеты “Народная воля”.
Усебаковае, празрыстае расследванне
Тым часам, справа стала вядомай не толькі у межах краіны, але і па-за імі. Першым з нагоды смерці апазіцыйнага журналіста выказаўся Прэзідэнт Еўрапарламенту Ежы Бузек (на фота), які заўсёды праяўляў да Беларусі павышаную ўвагу. Ён выказаў занепакоенасць у сувязі са смерцю беларускага журналіста, заснавальніка і кіраўніка сайта Хартыі 97 Алега Бябеніна.
“Заклікаю беларускія ўлады правесці поўнае і празрыстае расследаванне справы аб смерці Алега Бябеніна, якое высветліць усе абставіны яго трагічнай гібелі”, – заявіў Ежы Бузек.
Не магла не адрэагаваць і Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ), што накіравала афіцыйны ліст міністру ўнутраных спраў Беларусі Анатолю Куляшову і генеральнаму пракурору Рыгору Васілевічу. У ім БАЖ заклікала правесці ўсебаковае, непрадузятае і празрыстае расследаванне смерці журналіста Алега Бябеніна. "Асаблівую занепакоенасць выклікае тое, што ні адна з гучных справаў, звязаных з гібеллю або знікненнем беларускіх журналістаў, не дала пакуль адказаў на пытанні – хто ж вінаваты ў іх смерці", – падкрэсліваецца ў лісце.
У сваёй заяве БАЖ зрабіла акцэнт не толькі на смерці журналістаў, але і на рэгулярныя, "усё больш рэальныя і жорсткія" пагрозы, якія паступаюць на адрас многіх з іх. "Мэта гэтых брутальных і беспакараных дзеянняў – задушыць любое іншадумства", – гаворыцца ў заяве.
Акрамя таго, 6 верасня Еўрапейская федэрацыя журналістаў у сувязі са смерцю Алега Бябеніна накіравала ліст на імя прэзідэнта і некаторых кіраўнікоў спецслужбаў. У лісце выражаецца занепакоенасць "атмасферай страху і запалохвання журналістаў у Беларусі".
Альтэрнатыўнае расследванне АБСЕ
Стала вядома таксама і тое, што Беларусь плануе запрасіць экспертаў-крыміналістаў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ) для азнаямлення з матэрыяламі справы аб смерці журналіста Алега Бябеніна. Пра гэта паведаміў 9 верасня прэс-сакратар міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных.
Ён выказаў упэўненасць у тым, што бесстароннія высновы замежных экспертаў "дазволяць выключыць неаб’ектыўныя ацэнкі і тэндэнцыйныя тлумачэнні ходу і вынікаў расследавання".
"Запрашэнне экспертаў АБСЕ – гэта беспрэцэдэнтны крок у юрыдычнай практыцы не толькі Беларусі, але і іншых дзяржаваў Еўропы. Ён прадыктаваны нашай заклапочанасцю ў сувязі з узнікненнем розных неабгрунтаваных спекуляцыяў і інсінуацыяў, якія пачалі з’яўляцца не толькі ў СМІ, але і ў заявах асобных прадстаўнікоў міжнародных структураў", – заявіў Андрэй Савіных.
Такі крок дапаможа дзяржаве зняць з сябе ўсе падазрэнні адносна факта смерці Бябеніна. Таму шмат будзе залежыць ад таго, якія прыедуць эксперы і як яны будуць працаваць. Сябры і сваякі загінуўшага журналіста прызналіся, што будуць шмат увагі надаваць гэтай замежнай экспертызе.
Кацярына Клімко, паводле інфармацыі telegraf.by, charter97 i nn.by