Больш за 30 арганізацый, уваходзячых у Сетку ДПЧ, звярнуліся да беларускіх уладаў з заклікам скасаваць палажэнні Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, што прадугледжваюць крымінальную адказнасць за ўдзел у незарэгістраванай грамадскай арганізацыі, а таксама выключыць забарону на дзейнасць незарэгістраваных аб’яднанняў з усіх заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь.
Палажэнні артыкула 193 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь (КК РБ), якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за ўдзел у незарэгістраванай грамадскай арганізацыі, парушаюць права на асацыяцыю і перашкаджаюць развіццю грамадскай супольнасці ў Беларусі. Між тым, права на асацыяцыю прадугледжана шматлікімі міжнароднымі актамі і пагадненнямі, удзельнікам якіх выступае і Беларусь. У звароце да беларускай дзяржаўнай улады члены Сеткі Дамоў правоў чалавека спасылаюцца на нормы Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Міжнароднага пакта аб палітычных і грамадзянскіх правах, паводле якіх кожны чалавек мае права на свабоду асацыяцый, і выказваюць упэўненасць у тым, што палажэнні артыкула 193 КК РБ супярэчаць вышэйузгаданым нормам міжнароднага права.
Нагадаем, што ў 2005 годзе ў КК РБ былі ўнесеныя некаторыя палажэнні, што легалізавалі крымінальнае праследаванне незарэгістраваных няўрадавых арганізацый. Згодна частцы 1 артыкула 193, пакаранне пазбаўленнем свабоды на тэрмін ад 6 месяцаў да 2 гадоў можа быць прыменена за незаконную арганізацыю або дзейнасць грамадскіх арганізацыяў, рэлігійных груп альбо фондаў, а таксама за ўдзел у іх дзейнасці.
Асамблеяй НДА ў пачатку чэрвеня гэтага года была распачата кампанія “Не артыкулу 193.1!”. Як інфармуе сайт Праваабарончага цэнтра “Вясна”, Асамблея НДА разам з заклікам далучыцца да кампаніі звяртае ўвагу на тое, што за перыяд з 2005 па 2009 год 17 удзельнікаў незарэгістраваных арганізацый былі асуджаны менавіта па ч.1 артыкула 193, а сотні членаў такіх арганізацый дапытваліся ў дзяржаўных органах і многія з іх атрымалі папярэджанні, якія патрабавалі спынення дзейнасці ў незарэгістраваных арганізацыях.
Рэкамендацыі адмяніць ч.1 артыкула 193 КК РБ, якія ўтрымліваюцца ў прынятых у 2008 г. рэзалюцыі Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы і рэзалюцыі Еўрапейскага парламенту, так і не былі выкананы беларускімі ўладамі.
Прадстаўнік ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч адзначае: “Для нас тут важна менавіта выкарыстанне гэтага артыкула, паколькі ён не патрабуе даказвання нейкай шкоды. І так можна прадстаўніка любой арганізацыі падвесці пад крымінальную адказнасць”.
Акрамя Сеткі ДПЧ, да кампаніі “Не артыкулу 193.1!” далучылася ўжо значная колькасць арганізацый, сярод якіх Front Line, ПЦ "Вясна", “Маладыя Дэмакраты”, Малады фронт, “Маладая Беларусь” і інш.
Documents: