Аўтары звароту акцэнтуюць увагу на сур’ёзнасці праблемы, апелюючы пры гэтым да парушэння правоў асобы. Так, моладзевы актывіст Зміцер Дашкевіч 5 снежня быў схоплены невядомымі  на парогу ўласнай кватэры і вывезены ў лес, за 70 км ад Мінску. У гэты дзень З. Дашкевіч павінен быў браць удзел у прэзентацыі кааліцыі “Новае пакаленне” паміж “Маладым фронтам” і шэрагам іншых маладзёвых арганізацыяў.

Натупным днём, 6 снежня, падобны выпадак адбыўся з Яўгенам Афнагелем, адным з лідараў грамадскай ініцыятывы “Еўрапейская Беларусь”.  Як і ў папярэднім выпадку, актывіст быў гвалтоўна вывезены за горад.

На думку сябраў сеткі Дамоў правоў чалавека дадзеныя выпадкі выклікаюць занепакоенасць менавіта тым, што ўяўляюць сабой пэўную тэндэнцю, тым больш, што выпадкі падобнага кшталту мелі месца і раней цягам цякучага года. “Звесткі, якія паступаюць да нас ад беларускіх праваабаронцаў, СМІ і саміх асобаў, якія зазналі выкраданні, даюць нам падставы меркаваць, што гэтыя напады наўпрост звязаныя з грамадзянска-палітычнай пазіцыяй пацярпелых і накіраваныя на іх запалохванне” – кажацца у звароце.

Звяртаючы ўвагу на тое, што такія дзеянні з’яўляюцца цяжкім парушэннем правоў (парушэнне свабоды слова, права на свабоду сходаў і аб’яднанняў, гарантаваных артыкуламі, адпаведна, 19, 21 і 22 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага Рэспублікай Беларусь 12 лістапада 1973 г. і г.д.), сябры сеткі Дамоў правоў чалавека заклікаюць да правядзення даследванняў па фактах выкрадання, прапануючы, ў першую чаргу, здзейсніць “падпісанне Урадам РБ Міжнароднай канвенцыі аб абароне ўсіх асобаў ад гвалтоўнага знікнення і яе ратыфікацыю.”