Тэорыя…

Пра гэта заявіў кіраўнік Цэнтру прававой абароны СМІ пры БАЖ Міхаіл Пастухоў: “У сувязі з пачаткам дзеяння новага закону аб СМІ і закону аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі нас чакае далейшае “закручванне гаек”. Гэта закране як друкаваныя, гэтак і электронныя медыя. Асабліва цяжка давядзецца тым журналістам, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ”.

Падобнай думкі трымаецца і намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец: “Напачатку лютага пачне дзейнічаць новы закон пра сродкі масавай інфармацыі, які, безумоўна, дадасць галаўнога болю заснавальнікам і выдаўцам СМІ. Па-першае, не выпрацаванае палажэнне аб тым, што ўважаць за Інтэрнэт-СМІ, рэгуляванне якіх прадугледжанае законам. Па-другое, законам прадугледжваецца перарэгістрацыя СМІ. Па-трэцяе, усё залежыць нават не ад новага закону, але ад яго правапрымяняльнай практыкі. А гэтая практыка засведчыла, што гульня заўсёды вядзецца “ў адную браму”, і чакаць чагосьці добрага не даводзіцца”.

…і практыка

Тым часам, апошнія падзеі ў краіне толькі пацвярджаюць засцярогі экспертаў БАЖ. Гэтак, 13 студзеня Гаспадарчы суд Менскай вобласці прысудзіў выдаўца газеты “Борисовские новости” – прыватнае унітарнае прадпрыемства “Букас медыя-цэнтр” – да штрафу ў памеры 48 мільёнаў беларускіх рублёў (каля 18 000 амерыканскіх даляраў). Прадпрыемства было прызнанае вінаватым у “незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці”. за раздробны гандаль друкаванай прадукцыяй без указання ў ліцэнзіі месцазнаходжання “гандлёвага аб’екту”. Аднак кіраўнік прадпрыемства і галоўны рэдактар “Борисовских новостей” Анатоль Букас цвердзіць, што яго гандлёвы пункт на рынку, паводле дакументаў, лічыцца не “гандлёвым аб’ектам”, а толькі “гандлёвым месцам” – гэткі статус не абавязвае пазначаць у ліцэнзіі месцазнаходжанне гандлёвага пункту. Як і шэраг іншых няўрадавых выданняў, “Борисовские новости” больш за 3 гады пазбаўленыя магчымасці распаўсюджвацца праз манапольную дзяржаўную сетку “Белсаюздрук” і падпіску “Белпошты”. Напрыканцы 2008 году Барысаўскі райвыканкам пазбавіў “Букас медыя-цэнтр” ліцэнзіі на раздробны гандаль перыядычнымі выданнямі. А ўжо напачатку студзеня друкарня “Плутас”, якая апошнім часам друкавала “Борисовские новости”, скасавала дамову аб супрацоўніцтве з газетай.

Аднак і афіцыйна “дазволеныя” няўрадавыя выданні – газеты “Наша Ніва” і “Народная воля” – таксама маюць клопаты. Гэтак, ідэалагічны аддзел Менскага гарвыканкаму не дазваляе рэкламу “Нашай Нівы” ў сталічным метрапалітэне. А журналістцы “Народнай волі” чарговы раз без усялякіх тлумачэнняў адмоўлена ў акрэдытацыі пры Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.