Прычынай нерэгістрацыі групы стаў той факт, што Статкевіч знаходзіцца ў турме, а людзі з судзімасцю не могуць быць Прэзідэнтам краіны.
“Была дадзена магчымасць мне і Уладзіміру Някляеву задаць пытанні. Я гэтым правам, канешне, скарысталася і ўказала ЦВК на парушэнне заканадаўства і на тое, што мы разглядалі абсалютна іншае пытанне – не пытанне рэгістрацыі кандыдата, а пытанне волевыяўлення грамадзян у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Міколы Статкевіча. Бо ніхто не ведае, назаўтра ён можа быць вызвалены і рэабілітаваны”, – распавяла Марына Адамовіч.
Таксама Марына Адамовіч указала прадстаўнікам ЦВК на пэўныя пункты Выбарчага кодэкса, якія якраз сведчаць пра тое, што закон раздзяляе гэтыя два працэсы – рэгістрацыю ініцыятыўных груп і рэгістрацыю кандыдата. Артыкул 68 Выбарчага кадэкса ўтрымлівае пункт, які сцвярджае, што кандыдат павінен прадставіць біяграфічныя дадзеныя з указаннем звестак аб былой судзімасці альбо судзімасці. Гэта азначае, што закон прадугледжвае рэгістрацыю ініцыятыўных груп і спробу вылучэння чалавека, які мае судзімасць.
Зараз арганізатары плануюць абскардзіць адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў Вярхоўным судзе і праводзіць інфармацыйную кампанію за вызваленне Мікалая Статкевіча.
Тым часам, сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік у сваім выступе на тэлебачанні распавёў пра адхіленне кандыдатур апазіцыянераў, па прычыне таго, што яны былі судзімыя.
«У мяне складваецца ўражанне, што некаторыя палітыкі, якія ставяць сваёй мэтай дыскрэдытаваць выбарчы працэс, спецыяльна прапануюць такіх кандыдатаў, якіх нельга ўключаць. Спецыяльна, каб іх не зарэгістравалі», — выказаў здагадку Лазавік.
«На працягу шэрагу кампаній такая тэндэнцыя прасочваецца. Патрабаванне адно: гэта павінны быць людзі, якіх паважаюць выбарцы. А якая павага да чалавека, які судзімы?» – патлумачыў ён.
Артыкулы па тэме