Гаворка ідзе найперш пра папярэджанні, падаткавыя праверкі і міліцэйскія рэйды, якія, на думку “Рэпарцёраў”, сведчаць пра тое, што свабода прэсы ў Беларусі апынулася ў небяспецы.
“Пасля атрымання шэрагу папярэджанняў ад Міністэрства інфармацыі дзве вядучыя апазіцыйныя газеты — „Народная воля“ і „Наша Ніва“ — могуць быць закрытыя паводле арт. 51 закона „Аб СМІ“, які дазваляе ўладам ініцыяваць закрыццё нават пасля двух папярэджанняў”, — падкрэсліваюць “Рэпарцёры” і нагадваюць, што на рахунку абедзьвюх газет ужо налічваецца па тры такіх санкцыі.
Арганізацыя цытуе галоўнага рэдактара незалежнай газеты “Наша Ніва” Андрэя Скурко, які расцэньвае гэтыя папярэджанні, як і пазапланавую падатковую праверку рэдакцыі, як спробу запалохаць журналістаў.
“Рэпарцёры” прыгадваюць таксама міліцэйскія “візіты” ў рэдакцыю “Народнай волі” зімой і вясной г.г., калі ў журналістаў выдання забралі камп’ютэры, а пасля шмат разоў дапытвалі ў межах расследавання справы аб паклёпе на чыноўніка спецслужб.
“Пасля трохгадовага выключэння з беларускіх сістэм распаўсюду, якія цалкам кантралююцца дзяржавай, „Народная воля“ і „Наша Ніва“ зноў пачалі распаўсюджваць з 2008 года ў выніку дамоўленасцяў паміж Беларуссю і Еўразвязам. „Рэпарцёры без межаў“ апасаюцца, што ўсе тыя трывожныя сігналы, што зараз паступаюць на адрас выданняў, пракладаюць шлях для новых урадавых забаронаў напярэдадні кампаніі па выбарах прэзідэнта”, — гаворыцца ў заяве.
Арганізацыя занепакоеная і іншымі праблемамі, з якімі даводзіцца сутыкацца беларускім журналістам — гэта і забарона на супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі, і фактычнае прызнанне незаконнай дзейнасці фрылансераў.
Трывогу “Рэпарцёраў без межаў” выклікае і ціск на журналістаў з боку міліцыі — напрыклад, стварэнне перашкод у працы карэспандэнтаў незалежных СМІ (“Еўрарадыё”, “Нашай Нівы”, Радыё “Свабода”), якія асвятлялі вулічную акцыю актывістаў кампаніі “Гавары праўду!” 12 жніўня.
Кацярына Клімко, паводле інфармацыі baj.by