21-гадовы Іван Міхайлаў, быў абвінавачаны ва ўхіленні ад праходжання абавязковай вайсковай службы і арыштаваны 15 снежня 2009 г.   Несці ваенную службу маладому чалавеку не дазваляе вера – ён з’яўляецца сябрам габрэйска-месіянскай абшчыны і не можа служыць у войску з-за  рэлігійных перакананняў. Таму Іван Міхайлаў настойвае на праходжанні альтэрнатыўнай службы. Аднак, гэтыя прычыны, відаць, не пераканалі ні Адміністрацыю Прэзідэнта, ні Міністэрства Абароны Рэспублікі Беларусь. Супраць Івана Міхайлава узбуджана крымінальная справа за “ухіленне ад мерапрыемства прызыва на вайсковую службу” па арт. 435.1 Крымінальнага Кодэксу Беларусі. У якасці максімальнага пакарання хлопцу пагражае 2 гады зняволення. Зараз Іван Міхайлаў знаходзіцца ў СІЗА г. Жодзіна, дзе чакае суда, які назначаны на 1 лютага 2010 года. Пры гэтым малады чалавек не прызнае за сабой віны, лічачы службу ў войску непрымальнай для сябе і просячы замяніць яе на альтэрнатыўную (цывільную).

Ці ёсць альтэрнатыва?

“Апошнім часам у Беларусі павялічваецца колькасць выпадкаў пераследу маладых людзей, якія з ідэйных меркаванняў адмаўляюцца ад праходжання вайсковай службы” – сказана ў адкрытым лісце да прэзідэнта Беларусі, які з’яўляецца галоўнакамандуючым беларускага войска(на фота). Арганізацыі-падпісанты, у прыватнасці, прыводзяць некалькі падобных прыкладаў пераследу маладых людзей, якія адмовіліся праходзіць ваенную службу з-за рэлігійных перакананняў. “Яшчэ ў лістападзе 2009 г. Дзмітры Смык, які з’яўляецца сведкам Еговы, быў асуджаны да выплаты значнага штрафу за адмову праходзіць абавязковую вайсковую службу з рэлігійных прычын і патрабаванне замены вайсковай службы на альтэрнатыўную цывільную. Яму забаронены выезд з краіны і істотна абмежаваная свабода руху па тэрыторыі Беларусі. Гэта першы такі выпадак цягам апошніх 9 гадоў,” – падкрэсліваюць праваабаронцы.

На іх думку, яшчэ двое маладых людзей – Андрэй Цянюта і Яўген Якавенка таксама зазнаюць пераслед за свядомую адмову ад праходжання вайсковай службы.

Тым часам, праваабарончая супольнасць прызнае, што галоўнай падставай узнікнення канфліктных сітуацый з’яўляецца невызначанасць пытання альтэрнатыўнай службы ў Беларусі. Так, яшчэ ў 2000 г. Канстытуцыйны Суд РБ вынес рашэнне аб неабходнасці тэрмінова ўвесці альтэрнатыўную цывільную службу. Але з таго часу ў гэтым накірунку так нічога зроблена і не было.

“Як мага хутчэй павінен быць прыняты беларускі закон, які ўводзіць альтэрнатыўную службу. Да прыняцця такога закона нікога нельга вінаваціць або асуджаць за свядомую адмову ад праходжання абавязковай вайсковай службы”, – лічаць праваабаронцы. Да ліста далучыліся і арганізацыі-партнёркі Дома правоў чалавека ў Вільні Аб’яднаны цэнтр беларускіх ініцыятыў (JuBIC, Вільня) і "Грамадзянская Беларусь" (Прага) .

Наагул жа ліст падпісаны наступнымі арганізацыямі:

Libereco – Partnership for Human Rights (Bonn)/ Libereco – Супраца ў імя правоў чалавека (Бон);

People in Need (Prague)/ Чалавек у бядзе (Прага);

The European Bureau for Conscientious Objection (Brussels)/ Еўрапейскае бюро адмовы ад вайсковай службы з меркаванняў сумлення (Брусель);

Centre for Development of Democracy and Human Rights (Moscow)/ Цэнтр развіцця дэмакратыі і правоў чалавека (Масква);

Menschenrechte in Belarus e.V. (Berlin)/ "Правы чалавека ў Беларусі" (Берлін);

Östgruppen – the Swedish Initiative for Democracy and Human Rights (Stockholm)/ "Östgruppen" – Шведская ініцыятыва за дэмакратыю і правы чалавека (Стакгольм);

United Center of Initiatives for Belarus (Vilnius)/ Аб’яднаны цэнтр беларускіх ініцыятыў (Вільня);

Janun e.V. Region Hannover (Hannover)/ "Janun" (рэгіён Гановер);

International Association Civic Belarus (Prague)/ Міжнародная асацыяцыя "Грамадзянская Беларусь" (Прага);

Bund für Soziale Verteidigung e.V. (Minden)/ Звяз за сацыяльную ахову (Міндэн);

Europäischer Austausch (Berlin)/ "Еўрапейскі абмен" (Берлін);

Gemeinschaft Schweizer Zivildienstleistender (Zurich)/ Аб’яднанне выканаўцаў цывільнай службы Швейцарыі (Цюрых).

Канец?

Вернік габрэйска-месіянскай супольнасці «Новы запавет» Іван Міхайлаў прысуджаны да 3 месяцаў арышту.

Як паведамляе сайт «Еўрапейская Беларусь», Іван Міхайлаў (на фота) прызнаны вінаватым у здзяйсненні крымінальнага злачынства – «за ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу».

Іван Міхайлаў настойвае на тым, што не лічыць сябе вінаватым, што не ўхіляўся ад прызыву і адкрыта настойваў на рэалізацыі свайго канстытуцыйнага права. Іван Міхайлаў настойвае на праходжанні альтэрнатыўнай службы, сцвярджаючы, што не яго віна ў тым, што «парламент» і іншыя адказныя дзяржаўныя ведамствы бяздзейнічаюць у прыняцці закона, накіраванага на выкананне Канстытуцыі.

Тым не менш, суддзя пастанавіў прызнаць Івана Міхайлава вінаватым у здзяйсненні злачынства і ўжыць да яго пакаранне ў выглядзе трох месяцаў арышту.

Рашэнне суда ўступіць у законную сілу пасля абскарджання ў вышэйстаячую інстанцыю.

Іван Міхайлаў мае намер абскардзіць рашэнне суда ў касацыйным парадку ў Менскі абласны суд. Да разгляду справы судом касацыйнай інстанцыі Іван Міхайлаў застанецца ў следчым ізалятары г. Жодзіна.