У рэзалюцыі гаворыцца, што дзеля значнага паляпшэння стасункаў з Еўразвязам Беларусь павінна заставацца краінай без палітвязняў, урад павінен гаранатаваць свабоду СМІ, працягваць супрацоўніцтва з АБСЕ ў рэформе выбарчага заканадаўства, паляпшаць умовы для дзейнасці няўрадавых арганізацыяў, гарантаваць свабоду сходаў і палітычных асацыяцыяў і інш.
Як паведамляе Радыё “Свабода”, рэзалюцыю падтрымаў 551 еўрапарламентар, 15 прагаласавалі супраць. На гарачых дэбатах выступілі каля 20 дэпутатаў. Найбольш актыўны ўдзел у дыскусіі бралі сябры польскай дэлегацыі.
Еўракамісар па знешняй палітыцы Беніта Ферэра-Вальднер вітала крокі беларускіх уладаў насустрач рэкамендацыям Еўразвязу. Яна адзначыла, што Брусэль таксама мае намер ісці насустрач афіцыйнаму Менску і што адпаведны пакет прапаноў ужо рыхтуецца. Як адзначае агенцыя “БЕЛАПАН”, еўракамісар плануе і дыялог уладаў і апазіцыі ў Беларусі, а таксама сустрэчу еўрапейскіх і беларускіх парламентарыяў. Аднак, новая старонка ў дачыненнях ЕС і Беларусі можа быць перагорнутая толькі ў тым выпадку, калі пасля 13 сакавіка (завяршэнне выпрабаваўчага тэрміну для беларускага рэжыму, вызначанага аб’яднанай Еўропай) Еўразвяз скасуе ўсе санкцыі супраць уладаў краіны.
У інтэрв’ю агенцыі “Белапан” палітолаг Юры Чавусаў звяртае ўвагу на тую актыўнасць, з якой Беларусь і ЕЗ ўзяліся за развіццё ўзаемадзеянняў, і змену характару гэтага супрацоўніцтва.. Чавусаў падкрэслівае, што Брусэль адмовіўся ад канцэпцыі “дарожнай карты” з абавязковымі для выканання беларускімі ўладамі патрабаваннямі. Зараз Еўразвяз толькі падказвае накірункі пажаданых зменаў, але канкрэтныя крокі беларускія ўлады вызначаюць самастойна. Асноўныя ж перамовы маюць непублічны характар, што, на думку палітолага не заўсёды ў інтарэсах звычайных беларусаў: “Можна непублічна абмяркоўваць лёсы палітвязняў, але не вырашаць міжсобку, колькі няўрадавых газет вернецца ў падпіску”. Чавусаў перакананы, што ва ўмовах адкрытай дыскусіі еўрапейцы ніколі бы не пагадзіліся з тым, што ў правах адновяць толькі два выдання.
Тэкст рэзалюцыі: