У Беларусі са складанасцямі ў рэалізацыі сваіх правоў сутыкаюцца не толькі палітычныя апаненты ўладаў. Трапіць пад каток забарон і пакаранняў рызыкуе любы, хто жадае хоць у чымсьці выказаць нязгоду з існуючай сістэмай або праявіць “непажаданую” грамадзянскую актыўнасць.
На думку актывістаў, у Беларусі стасуюцца непрымальна жорсткія метады адлову і знішчэння бяздомных жывёл – па 70000 штогод.
У ходзе пікету арганізатары меліся зрабіць акцэнт на неабходнасць юрыдычнага замацавання аховы жывёлін, а менавіта: стварэнні закона аб абароне бяздомных жывёл ад жорсткага абыходжання. Планавалася таксама падаць прапановы аб адкрыцці муніцыпальных прытулкаў для бяздомных катоў і сабакаў.
Меркавалася, што пікет будзе праведзены 31 ліпеня і 1 жніўня з удзелам прыкладна 50 чалавек. Аднак ужо ў другі раз ініцыятыва абаронцаў жывёл была забароненая чыноўнікамі Менгарвыканкаму. У першы раз адмова матывавалася недакладнасцямі афармлення заявы. У гэты раз чыноўнікі спаслаліся на тое, што сход будзе перашкаджаць руху аўтатранспарту і пешаходам.
Дарэчы, месца, абранае для пікету, знаходзіцца на пустэчы, таму, на думку арганізатараў пікету, няма ніякіх падстаў для забароны сходу. Як паведамляе ПЦ “Вясна”, заяўнік пікету зааабаронца Вадзім Александровіч сцвярджае, што Менгарвыканкам “наўмысна забараняе пікет пад любымі маркамі“.
У адказ на довады арганізатараў пікету намеснік загадчыка грамадска-масавай работы Менгарвыканкаму Андрэй Зазяркоўскі ў інтэрв’ю БелаПАН зазначыў, што калі б хацелі, у Менгарвыканкаме знайшлі б і іншую прычыну дзеля адмовы, паколькі афармленне заявы не было дасканалае.
Арганізатары пікету ў абарону бяздомных жывёл збіраюцца адстойваць сваё права на правядзенне мірных сходаў. Яны наважаныя абскарджваць рашэнне Менгарвыканкаму ў судовых інстанцыях. А калі гэта не прынясе станоўчага выніку, будуць звяртацца ў Камітэт ААН па правах чалавека.