Стужку пад назвай "Прычына смерці – прочырк" , адмыслова створаную ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”, зняў рэжысёр Віктар Трацякоў па сцэнары Паліны Сцепаненкі.

Паводле аўтараў фільма, смяротнае пакаранне ў Беларусі  – гэта сапраўдная таямніца: родным асуджаных не паведамляюць дату выканання прысуду, не выдаюць цела пакаранага і нават не кажуць, дзе чалавек, пакараны смерцю, знайшоў свой апошні прытулак. Больш за тое, у  пасведчанні аб смерці  ў графе “прычына смерці” ставіцца прочырк, што і тлумачыць такую назву фільма.

Аўтары фільму звярнулі ўвагу гледачоў на пакуты  сваякоў тых, хто быў асуджаны на смяротнае пакаранне. Гераіняй фільму стала маці Андрэя Жука, расстралянага ў сакавіку 2010 году. Святлана Жук даведалася пра смерць сына, калі прывезла яму чарговую перадачу. Яе не прынялі, а ахоўнік толькі сказаў: “Не шукайце яго нідзе. Адбыў па месцы выканання прысуду”. Так Святлана Жук зразумела, што сына ўжо расстралялі.

“Святар правёў адпяванне і сказаў, каб мы пахавалі яго рэчы ў магілу кагосьці з блізкіх і пасыпалі яе свянцонай зямлёй. Мы так і зрабілі”, — распавядае, плачучы, Святлана Жук.

“Фільм створаны для таго, каб  праінфармаваць як мага больш шырокае кола людзей, каб паўплываць на грамадскае меркаванне ў гэтым пытанні і каб даносіць альтэрнатыўную думку, таму што дзяржава да гэтага пытання адносіцца вельмі аднабока. Прадстаўнікі дзяржавы кажуць толькі пра эмоцыі ахвяраў, а пра эмоцыі сваякоў асуджаных не кажа ніхто.І кожны раз калі мы ладзім прэзентацыю, адбываецца яшчэ і дыскусія, дзе людзі выказваюцца па праблеме смяротнага пакарання. І гэта вельмі важна, што гэтае пытанне абмяркоўваецца,” – распавеў адзін са стваральнікаў стужкі, праваабаронца Андрэй Палуда (на фота).

На прэзентацыі прысутнічалі запрошаныя госці з Украіны, Беларусі і Літвы а таксама ўдзельнікі Летняй школы па правах чалавека, якую праваабарончы цэнтр “Вясна” сумесна з Домам правоў чалавека ладзяць ужо некалькі год запар. Падчас прэзентацыі была арганізаваная дыскусія, дзе эксперты ды навучэнцы школы, а таксама іншыя удзельнікі мерапрыемства змаглі абмеркаваць неадназначнае, але важнае пытанне смяротнага пакарання ў Беларусі.

“Шмат хто лічыць, што гэта яго не датычыцца. Але, улічваючы сённяшнюю судовую сістэму Беларусі, кожны з нас можа стаць "прочыркам"”, – такімі словамі скончыў прэзентацыю каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда.

***
На дадзены момант Беларусь – гэта адзіная краіна  ў Еўропе, дзе дагэтуль існуе і прымяняецца смяротнае пакаранне. З гэтай жа прычыны Беларусь не можа стаць краінай-удзельніцай Рады Еўропы.

“Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” – кампанія, распачатая у 2009 годзе. Мэтай кампаніі ёсць спыненне смяротнай кары ў краіне і далучэнне Беларусі да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў.

Прадстаўнікі праваабарончай супольнасці краіны заклікаюць усіх, каму не абыякавае гэтае пытанне –  далучацца да адмысловай петыцыі якую яны падрыхтавалі. Зрабіць гэта можна зайшоўшы па ссылцы:  http://petition.spring96.org.  На сёння да кампаніі, шляхам падпісання петыцыі далучылася шмат вядомых людзей, такія як: Лявон Вольскі, Стынг, Зінаіда Бандарэнка, Мечыслаў Грыб, Адам Глёбус, айцец Аляксандр Надсан і шмат-шмат вядомых іншых людзей. Гэты зварот за подпісамі як вядомых беларускіх і замежных дзеячоў, так і простых грамадзянаў будзе перададзены прадстаўнікам Парламенту, Ураду і Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь. Ініцыятары кампаніі спадзяюцца, што ўлады Беларусі пяройдуць да рашучых дзеянняў, накіраваных на спыненне выканання смяротных прысудаў.

Артыкулы па тэме

ААН заклікаюць прызначыць Спецдакладчыка па Беларусі

Запрашаем да абмеркавання агульнай стратэгіі беларускага праваабарончага руху

Беларусь не хоча дыялогу ў Радзе ААН па правах чалавека