“Праўда” вочы коле
Такой скаардынаванай акцыі спецслужбаў супраць незалежнага грамадства даўно не было. Нават нядаўнія кампанія запалохвання незалежных СМІ не можа параўнацца з гэтай па свайму маштабу. Адразу па абедзе, 18 траўня, прыйшла вестка пра ператрус на цэнтральным офісе кампаніі “Гавары праўду!” ў Мінску. Пасля падобныя весткі прыйшлі з Брэста, Гомеля, Гродна, Барысава, Ваўкавыска і іншых гарадоў. Гэта дае падставы меркаваць, што ў сілавікоў была падрабязная інфармацыя пра ўсе штабы кампаніі, а таксама пра яе актывістаў.
Першы ператрус прайшоў 18 траўня ў Мінску ў офісе грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!». З офіса кампаніі канфіскавалі ўсе кампутары, улёткі, буклеты, кнігі.
Супрацоўнікі АМАПа перашкаджалі прадстаўнікам СМІ ў фота- і відэаздымцы таго, што адбывалася на месцах. Пасля ператрусу офіс кампаніі “Гавары Праўду!” у цэнтры Мінска быў апячатаны. Але размах рэпрэсіўных акцый выйшаў далёка за межы сталіцы: ператрусы, затрыманні прайшлі па усіх вялікіх гарадах краіны за рэдкім выключэннем. Паўсюль сцэнар быў аднолькавым: міліцыянты прыходзілі ў офісы ці прыватныя кватэры грамадскіх актывістаў, праводзілі вобшукі, кнфіскоўвалі кампутары ды іншую тэхніку, друкаваную прадукцыю.
Афіцыйна ператрусы праходзілі ў межах крымінальнай справы, заведзенай па артыкуле 250 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (распаўсюд ілжывай інфармацыі аб таварах і паслугах).
Пазней стала вядома, што 11 актывістаў кампаніі былі затрыманыя і дастаўлены ў Ленінскі РУУС. Усяго ў аддзяленне міліцыі даставілі каля 20 чалавек, затрыманых падчас ператрусаў у розных месцах сталіцы.Іх дапыталі пра дзейнасць кампаніі «Гавары праўду!»: дзе друкуюць улёткі, якія мерапрыемствы плануюцца, на якія грошы арганізоўваюцца акцыі.
Ператрус таксама прайшоў у кватэры лідэра кампаніі, паэта Уладзіміра Някляева. У яго забралі кампутары, мабільныя тэлефоны, улёткі, кнігі і таксама даставілі ў Ленінскі РУУС на допыт. Сам Некляеў, а таксама два ягоных калегі, Сяргей Вазняк і Андрэй Дзмітрыеў, трое сутак правялі ў спецпрымальніку-размеркавальніку, што на вуліцы Акрэсціна. Пасля вызвалення 21 траўня, яны зрабілі афіцыйную заяву аб працягу працы ў межах грамадскай кампаніі “Гавары праўду!”.
“Гавары праўду!” – новы мазоль уладаў
Старт грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!” быў дадзены 25 лютага. Яе заснавальнікамі выступілі знакамітыя людзі краіны, у асноўным прадстаўнікі інтэлігенцыі: пісьменнікі Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, заснавальнік фонда “Дзеці Чарнобыля” Генадзь Грушавы, шахматыст Віктар Купрэйчык, акадэмік Радзім Гарэцкі, праваабаронца Таццяна Процька. Лідэрам быў абраны пісьменнік Уладзімір Някляеў.
З самага пачатку кампанія абвяшчалася яе стваральнікамі як непалітычная. Па словах яе кіраўніка Някляева (на фота ў цэнтры), мэтай кампаніі ёсць данясенне да беларускага грамадства рэальнага становішча ў краіне. Сярод першых ініцыятываў грамадзянскай кампаніі — данясенне праўдзівай сітуацыі, якая склалася ў краіне з беспрацоўем. Тым не менш, было зазначана, што“калі кампанія пойдзе паспяхова, то яна будзе ўплываць на выбарчую кампанію”, якая хутка стартуе на Беларусі.
Арганізатары грамадзскай кампаніі пачалі з таго, што выпусцілі 200 тысяч паштовак, якія можна было накіроўваць у Адміністрацыю прэзідэнта, напісаўшы “праўду пра важную праблему, каб яе можна было пачаць вырашаць”. Далейшыя гучныя прапановы і дзеянні – збор подпісаў за ўшанаванне памяці народнага пісьменніка Васіля Быкава, які, аднак, пры жыцці не прызнаваўся афіцыйнымі ўладамі, але заставаўся сімвалам краіны. Актывісты кампаніі таксама ладзілі сустрэчы з простымі жыхарамі беларускіх гарадоў і мястэчак, каб даведацца пра іх праблемы, а потым расказаць пра іх уладам. Але праўда, як паказалі апошнія брутальныя акцыі прэсінгу, уладзе зусім не патрэбная.
“Гістэрыя перад выбарамі”
Рэакцыі Еўрапейскага звязу чакаць доўга не давялося: 21 траўня структурамі ЕЗ была прынятая афіцыйная заява. Яна прынята “з нагоды дзеянняў, прадпрынятых супраць грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!”, у ёй выказаная глыбокая заклапочанасць “праведзенымі міліцыяй 18 траўня ператрусамі ў 20 памяшканнях, якія маюць дачыненне да грамадзкага руху”.
“Мы заклікаем улады забяспечыць свабоду слова, свабоду доступу да інфармацыі і свабоду сходаў, прадугледжаныя артыкуламі 33, 34 і 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь”, – гаворыцца ў заяве.
Еўразвяз “прытрымліваецца цвёрдага пераканання, што дэмакратычнае развіццё магчыма толькі ў тых выпадках, калі існуе свабода выказвання розных меркаванняў, а крыніцы незалежнай інфармацыі даступныя ўсяму насельніцтву ў цэлым”.
“Гэтыя пытанні набываюць асаблівую важнасць ў святле надыходзячых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, якія павінны быць праведзены не пазней лютага 2011”, – падкрэсліваецца ў дакуменце.
Падобная заява была прынятая і ўнутры краіны, яе падпісалі сябры Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі (НДА). На думку падпісантаў, дзеянні ўладаў “сведчаць пра няўпэўненасць рэжыму ў сцэнары надыходзячага выбарчага працэсу”. Падкрэсліваючы неправамернасць дзеянняў, Асамблея НДА “заклікае беларускія ўлады спыніць кампанію пераследу з прыкметы палітычных перакананняў, у тым ліку вярнуць маёмасць асобам, якія патрапілі пад хвалю ператрусаў і допытаў 18 траўня 2010 г.”.
Такім чынам, і беларускія, і замежныя эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што новыя акты тэрору і рэпрэсій – выдаткі будучай прэзідэнцкай кампаніі, што павінна пачацца ўжо летам. Апошнія падзеі ўжо паказалі, што яна не будзе спакойнай і дэмакратычнай, як таго намагаюцца ЕЗ і ЗША. Пакуль відавочна, што беларускі рэжым гатовы пайсці на новыя пагаршэнні адносінаў з міжнароднай супольнасцю, каб толькі захаваць уладу ў сваіх руках.