25 гадоў мінула з дня, калі адбыўся выбух на атамнай электрастанцыі ва ўкраінскім Чарнобылі, на тэрыторыі, блізкай да Беларусі.
Беларусы – народ, які найбольш з усіх пацярпеў ад гэтай найвялікшай тэхнагеннай катастрофы ў гісторыі чалавецтва. Вялікая тэрыторыя краіны дагэтуль забруджаная радыёактыўнымі нуклідамі, што маюць доўгі пэрыяд паўраспаду і будуць небяспечныя для людзей на працягу яшчэ некалькіх стагоддзяў. Болей за паўтары мільёны чалавек з амаль 10 млн насельніцтва Беларусі да гэтага часу жывуць на забруджаных тэрыторыях.
Нягледзячы на балючы гістарычны досвед, улады Беларусі плануюць будаўніцтва ўласнай АЭС у Астравецкім раёне, каля мяжы з Літвой. Беларуская апазіцыя, якая з 1989 году праводзіць у Мінску жалобныя шэсці ў гадавіну Чарнобыльскай аварыі, пратэстуе супраць пабудовы атамных рэактараў ва ўмовах дыктатуры.
У гэтым годзе ўлады не дазволілі арганізаваць шэсце з ускладаннем кветак ля Чарнобыльскай капліцы. Чарнобыльскі шлях-2011 адбыўся «статычна», арганізаваць акцыю дазволілі толькі на плошчы Бангалор – на ўскрайку Мінска.
Дагэтуль улады неаднаразова забаранялі шэсце, але ў такім выпадку яго праводзілі без дазволу. Сёлета першы год, калі ніхто з палітыкаў ці грамадскіх дзеячоў не ўзяў на сябе адказнасць за збор людзей у недазволеным месцы.
Цягам апошніх гадоў Чарнобыльскі Шлях традыцыйна пачынаўся каля Акадэміі навук. Гэтым разам улады не толькі забаранілі людзям сабрацца там, але і абгарадзілі плошчу перад Акадэміяй навук турнікетамі. Таксама ўвечары 26 красавіка цягнікі на станцыі метро "Акадэмія навук" не спыняліся.
На плошчы Бангалор сабраліся некалькі соцень чалавек з транспарантамі «Чарнобыль, Фукусіма, што далей?», «Нам непатрэбны другі Чарнобыль», «Патрабуем гарантый бяспекі», «Астравецкая АЭС? Дзякуй, не трэба!», «Не — АЭС у Беларусі», «Чарнобыль, Фукусіма, Астравец».
Адкрываючы мітынг, адзін з арганізатараў Юры Хадыка (на здымку) сказаў:
«Нам «Чарнобыльскі шлях» не дазволілі, а дазволілі толькі гэты мітынг-стаянне. Я хачу падзякаваць усім, хто тут сабраўся, бо нашая галоўная звышзадача – перадолець страх у грамадстве, які быў народжаны жорсткім разгонам мірнай акцыі пратэсту 19 снежня. Мы павінныя паказаць, што мы выстаім, што пераможам гэты гвалт, арганізаваны «чорнымі кашулямі». Мы вытрымаем і пераможам».
Суд над пратэстоўцамі
25-годдзе аварыі на ЧАЭС дае нагоду паказаць устурбаванасць грамадскасці планамі беларускіх уладаў пабудаваць АЭС у Астраўцы.
Увечары 25 красавіка ў раёне станцыі метро “Фрунзенская” былі затрыманыя ўдзельнікі пікету супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС. 12 затрыманых актывістаў, сярод якіх былі і грамадзяне Германіі, Польшчы ды Украіны, правялі ноч у турме на Акрэсціна.
Удзельнікаў акцыі абвінавацілі ў тым, што яны перашкаджалі руху грамадзянаў, выкрыквалі лозунгі і прыцягвалі да сябе ўвагу. 26 красавіка ў Фрунзенскім судзе Мінску іх прызналі вінаватымі і аштрафавалі.
Адна з затрыманых грамадзян Германіі Гюдэ Хансан сваю віну ў судзе не прызнала. На якой мове яна выкрыквала лозунгі, міліцыянты-сведкі ўзгадаць не змаглі. Актывістка адзначыла, што падчас затрымання не былі патлумачаныя юрыдычныя падставы і не было належнага перакладу:
«Нас зусім не кармілі і не было чаго піць. Спальныя месцы былі вельмі дрэнныя, драўляныя нары. На іх можна было толькі ляжаць, не было покрыўкі. Было вельмі халодна і немагчыма было спаць».