Праект «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» спрыяе распаўсюду ідэі назірання за выбарамі на Беларусі і мае на мэце выкарыстанне ў Беларусі міжнароднага досведу правядзення выбараў. Праект з’яўляецца непалітычным, прасоўвае ідэю незалежнага грамадскага назірання на Беларусі і прыцягвае да назірання неабыякавых актыўных беларусаў. 

Місія EOTP па назіранні за выбарамі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 5-га склікання распачнецца ў дзень пачатку датэрміновага галасавання 18 верасня 2012 года. У час кароткатэрміновай місіі назіральнікі будуць сачыць за выкананнем усіх выбарчых працэдураў, што прадугледжаныя беларускім заканадаўствам. Паводле яе вынікаў будуць падрыхтаваныя папярэдняя і фінальная справаздачы. Беларускім партнёрам EOTP выступае кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

«Ажыццяўляць кантроль у выглядзе назірання за выбарамі можа і павінен кожны грамадзянін, якому неабыякавы ўласны лёс і будучыня сваёй краіны. Незалежна ад таго, наколькі актыўна вы ўдзельнічаеце ў выбарах, якіх палітычных поглядаў прытрымліваецеся і якую частку грамадства прадстаўляеце, назіранне — абсалютна ўніверсальная рэч, у якой можа ўзяць удзел кожны», — гаворыцца на сайце праекта.

Паводле кіраўніцы праекта Анастасіі Матчанкі, назіранне за выбарамі дае магчымасць кожнаму на свае вочы ўбачыць, як адбываюцца выбары ў Беларусі: «Назіранне можа даць вельмі шмат не толькі для разумення функцыянавання дзяржавы, але і ісці на карысць усяго грамадства. Я раю ўсім, хто збіраецца назіраць падчас гэтай кампаніі, азнаёміцца з заканадаўствам, найперш Выбарчым Кодэксам і адпаведнымі пастановамі ЦВК, каб быць больш падрыхтаванымі і назіраць з улікам існых правіл і працэдур».

Праект «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» прапануе дапамогу з рэгістрацыяй і падрыхтоўкай да назірання. Для гэтага неабходна проста запоўніць электронную анкету.

Акрамя таго, праект інфармуе пра іншыя спосабы самастойна зарэгістравацца назіральнікам. Для гэтага існуюць два асноўныя спосабы:

1. Найбольш просты спосаб рэгістрацыі ў якасці назіральніка — вылучэнне ад грамадзян шляхам збору подпісаў. Гэты метад забяспечвае поўную незалежнасць назіральніка. Гэта вельмі зручна, бо назіраць можна блізка да дому — на выбарчым участку, на якім звычайна галасуеш.

Адзінае абмежаванне: подпісы можна збіраць толькі ў грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыі пэўнай выбарчай акругі, участку для галасавання – то бок, у сваіх суседзяў. Такі спосаб падыходзіць, калі хочаш назіраць на ўчастку, да якога прыпісаны.

2. Можна таксама назіраць ад палітычнай партыі, грамадскага аб’яднання і працоўнага калектыву. Вылучэнне назіральніка ў такіх выпадках адбываецца па прыблізна аднолькавай схеме, таму яны аб’яднаны ў адну групу.

«На сваім досведзе мы пераканаліся ў тым, што назіранне — гэта надзвычай карысная для грамадства справа, якая нясе пазітыўны досвед, — кажа Матчанка. — Мы будзем рады, калі да нас далучыцца як мага болей неабыякавых людзей з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй».

***

Праект «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» (EOTP) распачаўся ў 2007 г. з ініцыятывы студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта. Сёння праект сумесна ажыццяўляюць «BelarusWatch», Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт і Беларускі дом правоў чалавека ў выгнанні ў Вільні.

Праект дае маладым беларусам унікальную магчымасць знутры зірнуць на палітычныя працэсы, азнаёміцца з досведам незалежных назіральнікаў з Беларусі і набыць практычныя навыкі праз удзел у назіранні за выбарамі ў суседніх краінах. Фармат праекта дазваляе спалучыць экспертныя веды выбітных палітолагаў, досвед актыўных назіральнікаў і шчырыя намаганні простых удзельнікаў, што ў суме ідзе на карысць паляпшэння сітуацыі ў краіне. Тое, што ў праекце таксама ўдзельнічаюць прадстаўнікі літоўскага, нарвежскага і шведскага студэнцтва, спрыяе міжкультурнаму абмену.

Па стане на верасень 2012 г. у межах праекта ўжо адбылося 15 місій па назіранні ў Швецыі, Літве, Латвіі, Польшчы, Эстоніі, Славакіі, Расіі і іншых краінах. Акрамя гэтага, праект па назіранні за выбарамі накіроўваў маладых назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі ў час беларускіх прэзідэнцкіх і мясцовых выбараў у 2010 годзе.

Артыкулы па тэме

БАЖ мае заўвагі да асвятлення выбараў, аднак у Назіральнай Радзе па СМІ БАЖаўцы не патрэбныя

Беларускі ЦВК зусім не рады назіральнікам АБСЕ

Перад выбарамі КДБ зацікавіўся сацыяльнымі сеткамі