Нягледзячы на аднолькавыя абвінавачанні паводле часткі 2 артыкулу 243 Крымінальнага кодэксу («Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры»), лідэра прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча абмежавалі падпіскай аб нявыездзе, а бухгалтар Ігар Комлік утрымліваецца пад вартай.
На думку кіраўніка Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага (на фота), прычына такога падзелу толькі палітычная: «Цяжкасць абвінавачання паводле часткі 2 артыкулу 243 дастатковая, каб трымаць пад вартай любую асобу. Калі мяне арыштавалі і змясцілі пад варту, на ўсе просьбы адваката, каб змянілі меру стрымання, адказ быў стандартны: „Артыкул дазваляе трымаць пад вартай, мы нічога не парушаем“.
Таму мне тут бачацца, што ў такой сэпарацыі, раздзяленьні аднаго, якога трымаюць у зняволенні, і другога, якога трымаюць пад падпіскай аб нявыездзе, толькі палітычныя аргументы, палітычны разлік. Таму што ўлады рэальна баяцца найперш вострай пратэставай рэакцыі міжнароднай супольнасці на арышт лідэра прафсаюзу Фядыніча, таму яго пакінулі пад падпіскай.
І ў той жа час яны адназначна паказваюць і даюць сігнал усёй дэмакратычнай супольнасці Беларусі, што праца ў першую чаргу спецслужбаў у неўтралізацыі актывістаў, у маральным ціску, рэпрэсіўным ціску працягваецца. Яна не спынілася, яна будзе працягвацца. Вось такі «замес» тут атрымліваецца. Я бачу прычыны іх на сённяшні дзень рознага фізічнага існавання толькі ў гэтым — у палітычнай аргументацыі, у палітычных матывах.
Гэта павінна падштурхнуць усю грамадзянскаю супольнасьць Беларусі да больш актыўных дзеянняў. Мы не павінны дапускаць гэтага ціску і рабіць усё, каб Ігар Комлік выйшаў на свабоду».
Рэакцыя праваабаронцаў
10 жніўня з сумеснай заявай выступілі Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, партнёрская праграма FIDH і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), якія заклікалі беларускі ўрад зняць усе абвінавачванні з Ігара Комліка і спыніць крымінальны пераслед лідараў прафсаюзных арганізацый за іх мірную дзейнасць.
Акрамя таго, праваабарончыя арганізацыі Беларусі 3 жніўня заявілі, што лічаць Ігара Комліка палітвязнем. Паводле праваабаронцаў, распачатая супраць прафсаюзных лідараў крымінальная справа палітычна матываваная, звязаная з актыўнай прафсаюзнай дзейнасцю і мірным ажыццяўленьнем права на свабоду асацыяцыяў.
У падтымку прафсаюзных лідараў выступілі Глабальны саюз IndustriALL і Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў, якія заклікалі ўлады Беларусі спыніць пераслед Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.
«У нас ёсць сур’ёзныя падставы меркаваць, што ўсе гэтыя дзеянні накіраваныя на падрыў дзейнасці незалежнага прафсаюзнага руху ў Беларусі ў адплату за актыўную грамадзянскую пазіцыю прафсаюзных лідэраў і дзейнасць незалежных прафсаюзаў па абароне сацыяльна-эканамічных інтарэсаў працоўных Рэспублiкi Беларусь», – адзначаецца ў лісце.
МКП і IndustriALL лічаць, што дадзеныя дзеянні ўладаў з’яўляюцца ўмяшаннем ва ўнутраныя справы прафсаюзаў, што з’яўляецца грубым парушэннем Канвенцыі Міжнароднай арганізацыі працы №87 «Аб свабодзе аб’яднанняў», і патрабуюць неадкладнага спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка, зняцця з іх усіх беспадстаўных абвінавачванняў і неадкладнага вызвалення І. Комліка з-пад варты.
Артыкулы па тэме