Пытанні грамадска-палітычнага становішча, сітуацыі з правамі чалавека, палітычнымі вязнямі, геапалітычнымі рэаліямі і перспектывамі сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі абмеркавалі беларускія і літоўскія палітыкі і грамадскія дзеячы. Так, палітолаг Таццяна Чуліцкая (на фота) адзначыла, што сучасная складаная сітуацыя ў рэгіёне пакінула свой адбітак і на становішчы спраў унутры Беларусі: "Цяпер на міжнароднай арэне Прэзідэнт Лукашэнка выступіў у якасці міратворцы і афіцыйныя СМІ толькі падкрэсліваюць яго дасягненні ў знешняй палітыцы". Што тычыцца прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, паводле словаў палітолага, складанае становішча ва Украіне, прадаставіла беларускім уладам добры кантэкст – нестабільнасць у суседняй Украіне насцярожвае і стрымлівае людзей і можа дазволіць уладам жорстка падавіць любыя ініцыятывы і пратэсты.
У той час як увага міжнароднай супольнасці да Беларусі вырасла ў лютым з нагоды перамоваў у Мінску, ціск на палітвязняў і праваабаронцаў у гэты перыяд не быў заўважаны міжнароднай супольнасцю і праваабаронцы, са словаў прэзідэнта Беларускага дома правоў чалавека Таццяны Рэвяка (на фота), маюць трывожныя настроі: “Ёсць адчуванне што наладжванне палітычнага супрацоўніцтва паміж Еўропай і афіцыйным Мінскам пайшло наперад, у той час як папярэднюю ўмову – вызваленне ўсіх палітзняволеных – ніхто так і не выканаў, яе проста абыйшлі”. Падчас свайго выступу прэзідэнт Беларускага дома правоў чалавека Таццяна Рэвяка падкрэсліла, што ў кантэксце сучаснай нестабільнай сітуацыі ў рэгіёне важна памятаць пра папярэдне здабыты досвед аб тым, што правы чалавека з’яўляюцца асновай міру і бяспекі. “Адсутнасць правоў чалавека прыводзіць да нестабільнасці, як гэта адбылося ва Украіне. Нестабільнасць заўседы з’яўляецца пасля адсутнасці правоў чалавека, а не наадварот, як зараз могуць сцвярджаць, падмяняючы паняцці”, – заявіла Таццяна Рэвяка.
Сітуацыю з правамі чалавека на дадзены момант праваабаронца Таццяна Рэвяка ахарактызавала як складаную і трывожную. З ёй пагадзіўся і журналіст, прадстаўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Аляксандраў (на фота). Ён акрэсліў праблемныя моманты ў сітуацыі са СМІ ў Беларусі і адзначыў значнае пагаршэнне становішча з правамі чалавека ў рэгіёне: “Тое, што раней было толькі ў нас, цяпер адбываецца і ў суседніх краінах. Мы больш не апошняя дыктатура Еўропы”.
Спікеры неднаразова казалі пра неабходнасць дыялогу паміж Беларуссю і Еўропай, але пры гэтым адзначылі важнасць прынцыповай пазіцыі. Так, Таццяна Рэвяка падкрэсліла, што дыялог будзе магчымы толькі пры ўмове, што беларускія ўлады сапраўды будуць гатовыя рабіць пэўныя крокі. "Для танга патрэбныя двое", – заявіла праваабаронца. Андрэй Аляксандраў у сваю чаргу дадаў, што лічыць дыялог ЕС толькі з урадам бесперспектыўным. Так, паводле яго слоў, ЕС павінен выступаць у якасці пасярэдніка паміж кіраўніцтвам і грамадскай супольнасцю і гэта можа стаць эфектыўным сродкам у паляпшэнні сітуацыі ў Беларусі.
Артыкулы па тэме