Семінар быў арганізаваны для выпускнікоў адукацыйнага праекта BISH праграмы ILIA-By Беларускага дома правоў чалавека.
Экспертамі выступілі Яўген А. Галашчапаў (Малдова) і Дзмітры Чарных (Беларусь).
Яўген А. Галашчапаў – сябра Савета па прадухіленні і ліквідацыі дыскрымінацыі і забеспячэнні роўнасці (Малдова), дырэктар дэпартамента адвакацыі грамадскай арганізацыі “Пазітыўная Ініцыятыва”.
Савет па прадухіленні і ліквідацыі дыскрымінацыі, у які ўваходзіць Яўген А. Галашчапаў, гэта дзяржаўная структура, аналагаў якой не існуе ў Беларусі. Гэта орган, які маніторыць і збірае ўсе міжнародныя прававыя дакументы на тэму дыскрымінацыі і імплементуе іх у нацыянальную практыку Малдовы. Аб дзейнасці Савета можна падрабязна прачытаць на сайце. У Малдове шмат зроблена дзеля збліжэння нацыянальнай прававой сістэмы з прававой сістэмай Еўрапейскага звяза, дзеля далучэння іх практыкі да агульнаеўрапейскай прававой прасторы.
Яўген А. Галашчапаў
– Удзельнікі семінара мелі магчымасць працаваць з унікальнымі кейсамі, якія прэзентаваў Яўген А. Галашчапаў. Выпускнікі вучыліся вызначаць ступені дыскрымінацыі, хто каго дыскрымінуе і ці ёсць увогуле дыскрымінацыя ў некаторых спрэчных выпадках – і што пра гэта кажа міжнароднае права. Падчас працы з кейсамі група магла пераканацца, што не заўжды побытавы погляд на дыскрымінацыю супадае з нормамі юрыдычных дакументаў, – распавёў Андрэй Стрыжак, сябра каманды ILIA-By, адзін з арганізатараў семінара.
Другі эксперт семінара, юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэта Дзмітрый Чарных распавеў аб дзейнасці БХК дзеля ліквідацыі дыскрымінацыі ў Беларусі. У першую чаргу, гэта канцэпт нацыянальнага заканадаўства аб роўнасці і мерах па прадухіленні і абароне ад дыскрымінацыі, распрацаваны разам з іншымі грамадскімі арганізацыямі. Эксперт прадэманстраваў удзельнікам семінара відэаролікі, знятыя БХК, каб папулярызаваць канцэпт антыдыскрымінацыйнага заканадаўства. У відэа ў простай форме расказваецца аб дыскрымінацыі пры працаўладкаванні: напрыклад, па прыкмеце веку: маладых не бяруць на працу праз недасведчанасць, а работнікам з досведам адмаўляюць, бо яны “старыя”. Гэтыя відэа даводзяць ідэю аб тым, што ўразлівыя групы – вельмі шырокія, і літаральна ніводны чалавек не застрахаваны ад трапляння пад дыскрымінацыю.
Дзмітрый Чарных
Таксама Дзмітрый Чарных прэзентаваў базу міжнародных абавязальніцтваў Беларусі, якую стварыў БХК. У базе можна знайсці ўсе міжнародныя дакументы, якія Беларусь ратыфікавала за ўвесь час, у тым ліку і датычна дыскрымінацыі. Эксперт паказаў удзельнікам семінара, як шукаць дакументы ў гэтай базе.
Адным з заданняў для ўдзельнікаў было стварэнне спісу канкрэтных дзеянняў па пераадольванні дыскрымінацыі, якія кожны можа ажыццявіць самастойна або ў арганізацыі. Падчас працы ў малых групах удзельнікі агучылі ідэі, прыдатныя для рэалізацыі; і кожны абраў сабе адно дзеянне, якое ён можа рэалізаваць цягам году.
Сяргей Няроўны, праваабаронца з Крычава, расказаў, што семінар апраўдаў яго чаканні:
– Я пачуў вельмі шмат новага пра дыскрымінацыю; а галоўнае – пазнаёміўся з міжнароднымі стандартамі і міжнародным механізмам абароны права на роўнасць, як абараняць уразлівыя групы. Я паспрабую прымяніць новыя веды ў Крычаве; я ў сваёй працы ўжо дапамагаў уразлівым групам, аднак новыя веды пойдуць на карысць: не столькі мне, колькі людзям, якім я аказваю юрыдычную падтрымку.
Удзельнікі семінара Раман Юргель і Сяргей Няроўны (справа)
Віцебскі праваабаронца Павел Левінаў адзначыў, што ён ужо доўгі час займаецца абаронай правоў чалавека, аднак меў прагал у ведах аб дыскрымінацыі:
– Нам вельмі пашанцавала з экспертам з Малдовы, Яўгенам А. Галашчапавым, бо Малдова падобная да нас па менталітэце, і карысна аналізаваць, якія там адбываюцца працэсы ў справе абароны правоў чалавека. На семінары было важна тое, што мы не толькі паглыбляліся ў тэорыю, а разглядалі вельмі шмат практычных дзеянняў; гэта прымушала не проста запамінаць інфармацыю, а думаць і ацэньваць сябе: правільным шляхам ішлі твае развагі або не.
Юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Аляксей Лойка адзначыў, што тэма семінара вельмі актуальная для Беларусі:
– Добра было б мець і антыдыскрымінацыйнае заканадаўства, і механізмы абароны. Прыклад калег з Малдовы натхняе ўвагай дзяржавы да праблем дыскрымінацыі. Права но роўнасць уплывае на ўсе сферы жыцця: і на грамадзянска-прававыя дачыненні, і на працоўныя паміж работнікам і наймальнікам. Таму нашай дзяржаве трэба будзе зрабіць велізарную працу: стварыць умовы для абароны ўсіх уразлівых груп, распрацаваць заканадаўства і механізмы абароны, падвысіць у грамадстве талерантнасць да малых груп і меншасцяў, датычна якіх існуюць стэрэатыпы. І тым больш важная работа, якую робіць праваабарончая супольнасць для барацьбы з дыскрымінацыяй. Хацелася б, каб дзяржава ўзяла пад увагу ўсе напрацоўкі праваабаронцаў і рэалізавала ўсе рэкамендацыі, у тым ліку міжнародных дагаварных органаў, каб стварыць у грамадстве ўмовы для павагі права чалавека на ўласную годнасць, якое непарыўна звязана з правам на роўнасць. Без залежнасці, да якой сацыяльнай групы належыць чалавек.