Таксама гарвыканкам Мінска абвясціў, што напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі будзе ачышчаць горад ад усіх так званых «асацыяльных элементаў», такіх як бяздомныя, алкаголікі і прастытуткі. Напярэдадні чэмпіянату праваабарончыя арганізацыі звярнуліся да да Міжнароднай федэрацыі хакея і прэзідэнта Беларусі Лукашэнкі с асуджэннем массавых затрыманняў і патрабаваннем вызваліць усіх тых, хто быў пазбаўлены волі праз перакананні.
“Мы патрабуем, каб Міжнародная федэрацыя хакея і яе прэзідэнт Рэнэ Фазэль перасталі маўчаць і прынялі неадкладныя меры. У прыватнасці, мы жорстка крытыкуем той факт, што федэрацыя не зрабіла ніякіх захадаў, каб прадухіліць выкарыстанне чэмпіянату свету па хакеі ў якасці сродку прапаганды рэжыму Лукашэнкі. Мы асуджаем гэтае непрымальнае змешванне спорту і палітыкі, якое ажыццяўляе беларуская дзяржаўная прапагандысцкая машына пад выглядам спартыўнага мерапрыемства”, – было сказана ў заяве, якую падпісалі Фонд развіцця дэмакратычных ініцыятыў (Польшча), Хельсінкскі фонд па правах чалавека (Польшча) , JEF Europe– Маладыя еўрапейскія федэралісты (Бельгія) , Libereco – Партнёрства за правы чалавека (Швейцарыя), Асацыяцыя «Правы чалавека ў Беларусі» (Германія), Östgruppen (Швецыя) , Людзі ў бядзе (Чэхія).
Праваабаронца: "Улады могуць запускаць сваю рэпрэсіўную машыну, калі ім гэта патрэбна і пры любой такога кшталту нагодзе"
Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч (на фота) падвёў свае, праваабарончыя, вынікі чэмпіянату свету па хакеі, які адбываўся ў Мінску з 9 па 25 траўня: “ Было некалькі выказванняў міністра ўнутраных справаў – ён казаў, што ніякіх прэвентыўных затрыманняў не можа быць і іх няма, што ўсё гэта выдумкі праваабаронцаў. Але тая практыка, з якой мы сутыкнуліся, сведчыць менавіта пра кампанію ўладаў па адвольных затрыманнях грамадзянаў краіны. Прычым, мы можам тут адзначыць пэўныя тэндэнцыі. Найперш – складанне адмінстратыўных пратаколаў адразу па некалькіх складах правапарушэнняў, што давала магчымасць прыцягнуць да адказнасці на больш працяглы тэрмін – да 25 сутак арышту. Па-другое – паўторнае прыцягненне да адміністратыўнай адказнасці адразу пасля вызвалення. Мы бачылі, што тыя затрыманыя (прадстаўнікі абсалютна розных палітычных плыняў – і актывісты “Маладога фронту” і анархісты, а таксама футбольныя фанаты розных клубаў) раней вызначаліся нейкімі актыўнымі дзеяннямі. Напрыклад – фанаты футбольнага клуба БАТЭ, якія падтрымлівалі ўкраінскі Майдан і прыцягваліся да адказнасці за размяшчэнне ў сацыяльных сетках адпаведнага фотаздымка. І па вялікім рахунку, мы нават сёння не ведаем маштабы ўсяго, што адбывалася ў краіне падчас правядзення чэмпіянату. Бо людзі, якія выходзілі з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў, казалі, што там настолькі шмат затрыманых, што іх даводзілася вывозіць у Жодзіна [у ізалятар часовага ўтрымання пры турме № 8 г. Жодзіна – рэд.], як гэта было падчас палітычных кампаній 2006-га года і пасля 19 снежня 2010-га.
Сапраўды, мы назіралі, як і абяцаў Мінгарвыканкам, ачыстку горада ад “асацыяльных элементаў” – былі ізаляваныя і асобы без пэўнага месца жыхарства, і прастытуткі, а хворыя на алкагалізм людзі накіроўваліся ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі, дзе іх на працягу года-паўтары будуць “лекаваць” ад алкагалізму з дапамогай прымусовай працы… Паўтаруся, якія ўсё гэта насіла памеры – мы, напэўна, і не даведаемся. І тое, што аб’ядноўвала ўсе названыя катэгорыі грамадзянаў – адсутнасць правасуддзя. Улады занадта не абцяжарвалі сябе пошукамі доказаў вінаватасці гэтых людзей і вельмі часта ізалявалі іх безадносна да правапарушэнняў з іх боку – толькі таму што праводзілася адпаведная кампанія. Гэта наўпрост паказвае, што створаная ў Беларусі сістэма прыводзіць да такіх сістэматычных і сістэмных парушэнняў правоў чалавека. Рэпрэсіўная машына запускаецца, з пэўнай нагоды і пры адпаведнай палітычнай кан’юнктуры ўладаў, і працуе бездакорна, выконваючы пастаўленыя задачы. То бок, усё гэта сведчыць пра тое, што ўлады могуць запускаць сваю рэпрэсіўную машыну, калі ім гэта патрэбна і пры любой такога кшталту нагодзе”.
Артыкулы па тэме
Чэмпіянат па хакеі ў Мінску -праваабаронцы нагадваюць хакеістам і заўзятарам пра палітвязняў
Чемпіянат свету па хакеі – прэвентыўныя затрыманні, забароны на ўезд і перасцярогі праваабаронцаў