Цырымонія ўзнагароджання прайшла 7 снежня. Лаўрэатаў у гэтым годзе вылучылі ў трох намінацыях: “Праваабарончая дзейнасць”, “Журналістыка” і “Асоба”.
Па традыцыі прэміі пераможцам ўручылі лаўрэаты мінулых гадоў. Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі павіншаваў з узнагародай Валерыя Шчукіна, пераможцу ў намінацыі “Асоба”. Журналістка Радыё “Свабода” Алена Панкратава уручыла Ганаровы дыплом і бел-чырвона-белыя кветкі ў намінацыі “Журналіст года” журналісту “Еўрарадыё” Зміцеру Лукашуку, а кіраўнік “Праваабарончага альянсу” Людміла Гразнова ўзнагародзіла “Праваабаронцу года” Валянціна Стэфановіча.
Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч у сваёй прамове пасля ўзнагароджання сказаў, што “хацеў бы прысвяціць гэтую прэмію Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, бо многае з таго, што здзейснена ў галіне абароны правоў чалавека было б немагчыма без нашай каманды, у якой працую і я ўжо 17 гадоў. На сваім шляху мы бачылі рознае, існавалі ў рознай якасці, і як зарэгістраваная арганізацыя, і без рэгістрацыі. Улады таксама паступалі з намі па-рознаму, а самыя цяжкія часіны, якія я памятаю, гэта 2011 год, калі быў арыштаваны наш старшыня Алесь Бяляцкі, які знаходзіўся ў турме. Я выдатна ведаю, што нягледзячы на тое, што ўлады робяць выгляд, што нас няма, што мы існуем недзе ў андэграундзе, яны ўсё адно прыслухоўваюцца да таго, што мы кажам, я ведаю, што яны чытаюць тое, што мы пішам і я ведаю, што яны выконваюць тое, што мы патрабуем, апошні прыклад – вызваленне палітычных вязняў.
Таксама я хацеў бы прысвяціць гэтую прэмію Марэку Навіцкаму, якога з намі няма. Гэта той чалавек, які сфармаваў мяне як праваабаронцу, бо ў нашых універсітэтах правам чалавека ня вучаць, гэта абсалютна рознае разуменне. Марэк Навіцкі сфарміраваў касцяк праваабарончага руху ня толькі ў Беларусі і ўклаў у яго той сэнс, якім мы кіруемся ў сваёй паўсядзённай працы”.
Вядучая цырымоніі ўзнагароджання праваабаронца Людміла Гразнова, адзначыла: “У дзяржавы ёсць шмат прэмій. І мы радыя, што зараз і грамадзянская супольнасць мае магчымасць уганараваць людзей, якія вызначаюцца сваёй дзейнасцю ў розных галінах”.
Праваабарончая прэмія за дасягненні ў галіне правоў чалавека была заснаваная ў 2008 годзе “Праваабарончым Альянсам” (Першымі лаўрэатамі сталі праваабаронца Барыс Звозскаў, адвакат Тамара Сідарэнка, журналіст Сямён Печанко).
Артыкулы па тэме