На мерапрыемства “Механізмы пераадолення палітычных рэпрэсіяў у Беларусі”, арганізаванае няўрадавай арганізацыяй “Грамадзянская Беларусь” і аргкамітэтам Грамадскай камісіі па рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсіяў, сабраліся праваабаронцы і грамадскія актывісты з Беларусі ды замежжа.
Яны засведчылі, што ў Беларусі па-ранейшаму ёсць палітзняволеныя, не вырашанае пытанне аб знікненні без вестак у мінулым апазіцыйных палітыкаў, падаўленні палітычных і эканамічных свабодаў.
– У Беларусі тысячы людзей зазналі пераслед за свае палітычныя перакананні. Дагэтуль за кратамі знаходзяцца нашыя таварышы, лідэры прадпрымальніцкага руху, – не хавае заклапочанасці старшыня Грамадскай камісіі па рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсіяў Ігар Леднік.
“Нямецкай хвалі” ён распавёў, што сумесна з міжнароднымі экспертамі будзе распрацаваны законапраект аб рэабілітацыі ахвяр рэпрэсіяў і люстрацыі іх выканаўцаў. За базу бярэцца міжнароднае права, Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека. Закон можа аказаць уплыў на сітуацыю нават цяпер, не прыняты парламентам. Ён распрацоўваецца, “каб і ахвяры рэпрэсіяў, і выканаўцы бачылі перспектыву – што іх чакае. Бо змагацца, не бачачы перспектывы – гэта вельмі цяжка”.
Паводле І. Ледніка, з рэпрэсіямі беларусы сутыкаюцца не толькі ў палітычный, але і ў эканамічнай сферы: “Я сам у мінулым займаўся бізнесам і на ўласным прыкладзе зазнаў незаконны пераслед з прычыны карыслівых інтарэсаў кіроўнага клану”.
Ужо падчас круглага стала ў Вільні беларусаў, якія будуць каардынаваць распрацоўку антырэпрэсійнага закона, кансультаваў эксперт па прававых формах рэабілітацыі з Чэхіі – сам у мінулым палітычны вязень чэхаславацкіх турмаў, а пазней – дэпутат парламенту Пётр Уль (Petr Uhl).
Чэшскі эксперт бачыць і іншыя шляхі да паляпшэння становішча правоў чалавека ў Беларусі, асабліва калі краіна будзе імкнуцца да атрымання статусу чальца Рады Еўропы:
– Калі Беларусь ратыфікуе Еўрапейскую Канвенцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод, грамадзяне Беларусі набудуць права звярнуцца ў суд у Страсбургу. Гэта практычная зброя для ўсіх, бо тады беларуская дзяржава будзе змушаная паважаць свабоду слова, сходаў, аб’яднанняў і г.д., у адваротным выпадку давядзецца плаціць штраф, сутыкнуцца з міжнародным асуджэннем, – казаў П.Уль.
Беларусь і Ватыкан – адзіныя дзяржавы кантыненту, якія не ўваходзяць у склад Рады Еўропы.