Праваабаронцы правялі кансультацыі са спецдакладчыкам ААН па шырокім коле пытанняў, датычных сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
Беларусь на сустрэчы прадставілі намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч і сябра Рады “Вясны”, прэзідэнт Беларускага дома правоў чалавека Таццяна Рэвяка, дырэктар Беларускага дома правоў чалавека Ганна Герасімава, старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак і юрыст БХК Дзмітрый Чарных, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, кіраўнік Камітэта дапамогі рэпрэсаваным “Салідарнасць” Іна Кулей, старшыня “Праваабарончага альянсу” Людміла Гразнова, намеснік старшыні “Платформы” Алена Красоўская-Каспяровіч, кіраўнік “Прававой дапамогі насельніцтву” Алег Волчак, юрыст Асамблеі няўрадавых дэмакратычных аб’яднанняў Юрый Чавусаў і праваабаронца Сяргей Усцінаў. Прадстаўнік “Вясны” Валянцін Стэфановіч выступіў з дакладам пра палітвязняў у Беларусі, а таксама прааналізаваў сітуацыю са свабодай мірных сходаў у краіне.
У сустрэчы ўзялі ўдзел таксама і прадстаўнікі міжнародных арганізацый. У прыватнасці, Саша Кулаева, кіраўнік аддзела краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH), Фіона Фрэйзер, рэгіянальны прадстаўнік Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі, якая раней працавала ў офісе АБСЕ ў Мінску.
Гэта першая сустрэча беларускіх праваабаронцаў з новым спецдакладчыкам па сітуацыі ў Беларусі Савета ААН па правах чалавека. Наладжанае супрацоўніцтва будзе працягвацца і надалей у межах мандата спецдакладчыка.
***
Рашэнне пра аднаўленне мандата спецдакладчыка ААН па Беларусі было прынятае 28 верасня ў Жэневе падчас 21-й сесіі Савета па правах чалавека ААН. На гэтую пасаду быў прызначаны венгерскі дыпламат Міклаш Харашці, які з 1 лістапада афіцыйна прыступіў да працы. У першай заяве на гэтай пасадзе ён заклікаў грамадзянскую супольнасць і ўрад Беларусі да адкрытага дыялогу дзеля прасоўвання і абароны правоў чалавека ў краіне.
Артыкулы па тэме
Месцазнаходжанне палітвязня Змітра Дашкевіча было невядомым цэлы тыдзень (абноўлена)
У Беларусі рыхтуецца ліквідацыя чарговай праваабарончай арганізацыі
Журналіст Андрэй Пачобут: «Буду пісаць далей, пакуль не пасадзяць»