20 траўня праваабарончая арганізацыя Front Line Defenders распаўсюдзіла заяву з нагоды новых выпадкаў выкарыстання дысцыплінарных захадаў з боку адміністрацыі калоніі ў дачыненні да палітвязня Алеся Бяляцкага.
16 траўня 2013 года жонка праваабаронцы сп. Алеся Бяляцкага наведала калонію г.Бабруйска № 2, дзе яе муж знаходзіцца з лютага 2012 года, для таго, каб перадаць яму харчовую перадачу. Тым не менш, харчовая перадача не была прынятая адміністрацыяй калоніі, якая паведаміла, што ў сакавіку 2013 года права Алеся Бяляцкага на атрыманне харчовых перадач ад наведвальнікаў было прыпынена на шэсць месяцаў.
Гэты інцыдэнт стаў яшчэ адным выпадкам, калі супраць Алеся Бяляцкага выкарыстоўваюць дысцыплінарныя захады. З сакавіка па чэрвень 2012 года ён атрымаў тры вымовы, адна з якіх прывяла да страты права наведвання. Пасля трох вымоваў, у чэрвені 2012 года праваабаронца быў названы “злосным парушальнікам”, што прывяло да пазбаўлення яго права на амністыю 2012 года за эканамічныя злачынствы. Больш за тое, колькасць асабістых сродкаў, якія ён мог выкарыстоўваць для набыцця прадуктаў харчавання і іншых прадметаў, была зменшана адміністрацыяй калоніі ў пяць разоў. У жніўні 2012 года ён атрымаў яшчэ дзве вымовы: першую за вынас лусты хлеба ў жылое памяшканне пасля абеду, другую – за тое, што павесіў заслону над сваім ложкам у мэтах асабістага жыцця. У выніку, яму не дазволілі атрымліваць харчовыя перадачы. Акрамя гэтага, ён быў пазбаўлены права наведвання. 19 кастрычніка 2012 года вага перадач, дазволеных для атрымання праваабаронцам, была зменшаная да аднаго кілаграма; між тым, такія захады не выкарыстоўваюцца ў дачыненні да іншых вязняў. Перадача, дасланая ягонай жонкай, была пазней вернутая ў сувязі з меркаванымі парушэннямі умоваў дастаўкі.
Front Line Defenders лічыць, што няспынныя вымовы Алесю Бяляцкаму з’яўляюцца парушэннем рэжыму зняволення і ў цяперашні час выкарыстоўваюцца ў якасці інструмента, каб пагоршыць умовы ўтрымання пад вартай і не дапусціць яго датэрміновага вызвалення.
Праваабаронцы звярнуліся да міністра замежных спраў Беларусі з адкрытым лістом і заклікалі вызваліць Алеся Бяляцкага
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, сумесная праграма Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Сусветнай арганізацыі супраць Катаванняў (OMCT), звярнулася з адкрытым лістом да міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея з патрабаваннем аб выкананні рашэння Працоўнай групы па адвольных затрыманнях ААН у справе праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Адрасанты патрабуюць вызвалення Алеся Бяляцкага неадкладна і безумоўна, і прадастаўлення яму права на кампенсацыю, а таксама выканання негатыўнага абавязацельства Беларусі не ўмешвацца ў заснаванне асацыяцый або іх дзейнасць, але таксама пазітыўнага абавязацельства дзяржавы гарантаваць і забяспечыць такія захады, як спрыянне задачам асацыяцый за кошт дзяржаўнага фінансавання або прадастаўленне падатковых льгот для фінансавых сродкаў, атрыманых з-за межаў краіны .
Поўны тэкст ліста ніжэй:
Адкрыты ліст – Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў
БЕЛАРУСЬ: Адкрыты ліст міністру замежных спраў
Сп. Уладзіміру Макею
Міністру замежных спраў
Міністэрства замежных спраў
вул. Леніна, 19
220030, г. Мінск
Рэспубліка Беларусь
Па электроннай пошце: mail@mfa.gov.by
Парыж-Жэнева, 16 мая 2013 г.
Re: Патрабаванне аб выкананні рашэння A/HRC/WGAD/2012/39 Працоўнай групы па адвольных затрыманнях ААН у справе праваабаронцы Алеся Бяляцкага
Паважаны спадар міністр,
На сваёй 64-й сесіі Працоўная група па адвольных затрыманнях Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ПГАЗ ААН) прыняла рашэнне A/HRC/WGAD/2012/39, апублікаванае 23 лістапада 2012 г., у якім прызнала, у прыватнасці, што затрыманне сп. Алеся Бяляцкага, старшыні Праваабарончага Цэнтра “Вясна” і віцэ-прэзідэнта FIDH, было адвольным, паколькі яно супярэчыць артыкулу 20, пункту 1 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (УДПЧ) і артыкулу 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП). ПГАЗ падкрэсліла, што адэкватным сродкам выпраўлення парушэння з’яўляецца вызваленне сп. Бяляцкага і забеспячэнне яго права на кампенсацыю ў адпаведнасці з артыкулам 9, пунктам 5 МПГПП.
5 сакавіка 2013 г. падчас 22-й сесіі Савета ААН па правах чалавека (СПЧ), якая адбылася ў Жэневе, дэлегацыя Рэспублікі Беларусь аспрэчыла права ПГАЗ праводзіць расследванне і прымаць меркаванні адносна затрымання сп. Алеся Бяляцкага і назвала расследванне і меркаванні ўмяшальніцтвам ва ўнутраныя справы Беларусі.
Абсерваторыя нагадвае, што Спецыяльныя працэдуры ААН (у тым ліку ПГАЗ) з’яўляюцца дапаможнымі органамі ААН. Яны былі створаны СПЧ ААН і падсправаздачныя яму. Сябры ПГАЗ абіраюцца Кансультатыўнай групай, якая прызначаецца СПЧ ААН, на падставе ведаў і досведу ў галіне іх мандата, добрасумленнасці, незалежнасці і бесстароннасці. Іх юрыдычныя заключэнні, такія як вышэйзгаданае рашэнне па справе Алеся Бяляцкага, з’яўляюцца рашэннямі ААН. Рэспубліка Беларусь як дзяржава-сябар ААН мае абавязак супрацоўнічаць з усімі органамі і механізмамі ААН (як гэта прадугледжана артыкулам 56 Статута ААН), а таксама звязана дамовамі, у прыватнасці МПГПП, які Беларусь ратыфікавала ў 1973 г.
Савет па правах чалавека ўсклаў на ПГАЗ паўнамоцтвы расследваць меркаваныя выпадкі затрыманняў, якія накладзены адвольна ці іншым чынам супярэчаць адпаведным міжнародным нормам, выкладзеным ва Усеагульнай дэкларацыі або ў адпаведных міжнародна-прававых дамовах, прынятых адпаведнымі дзяржавамі.
ПГАЗ ацэньвае інфармацыю, сабраную у межах працэдуры спаборнасці на празрыстай аснове, і выкарыстоўвае стандарт пераканаўчых доказаў, каб вызначыць, ці з’яўляецца затрыманне адвольным або несумяшчальным з адпаведнымі міжнароднымі стандартамі, або наяўная інфармацыя не з’яўляецца дастатковай, каб зрабіць такія вызначэнні. Метады працы ПГАЗ былі ўхвалены Камісіяй па правах чалавека ААН 15 красавіка 1997 г.
Будучы незалежным механізмам, яна мае права паводле свайго меркавання дзейнічаць адносна любой інфармацыі або ў асобным выпадку, які яна палічыць адпаведным. Абсерваторыя падкрэслівае, што ПГАЗ дзейнічала ў поўнай адпаведнасці з яе прэрагатывамі. У сувязі з гэтым нагадаем, што ПГАЗ ацэньвае ўсю інфармацыю ў святле міжнародна прызнаных стандартаў у галіне правоў чалавека, якія адносяцца да іх мандату, і міжнародных канвенцый, удзельніцай якіх з’яўляецца дзяржава.
У гэтым выпадку ПГАЗ пастанавіла, што законы, ужытыя для судовага пераследу і затрымання сп. Бяляцкага, супярэчаць міжнародным стандартам правоў чалавека, якія з’яўляюцца абавязковымі для выканання Рэспублікай Беларусь.
У святле ўсіх гэтых фактаў Абсерваторыя з павагай заклікае Вас выконваць вышэйзгаданыя міжнародныя абавязацельствы і, у прыватнасці, выканаць рашэнне A/HRC/WGAD/2012/39 ААН ПГАЗ па справе сп. Алеся Бяляцкага, у прыватнасці, шляхам:
– вызвалення яго неадкладна і безумоўна, і прадастаўлення яму права на кампенсацыю (пункт 53 Рашэння);
– выканання негатыўнага абавязацельства Беларусі не ўмешвацца ў заснаванне асацыяцый або іх дзейнасць, але таксама пазітыўнага абавязацельства дзяржавы гарантаваць і забяспечыць такія захады, як спрыянне задачам асацыяцый за кошт дзяржаўнага фінансавання або прадастаўленне падатковых льгот для фінансавых сродкаў, атрыманых з-за межаў краіны (пункт 48 Рашэння).
Нарэшце, Абсерваторыя з задавальненнем прымае да ведама прыхільнасць Рэспублікі Беларусь да супрацоўніцтва ў канструктыўным ключы з Саветам па правах чалавека і яго тэматычнымі Спецыяльнымі працэдурамі і настойліва заклікае яе накіраваць пастаяннае запрашэнне ўсім Спецыяльным працэдурам ААН і запрасіць Спецыяльнага дакладчыка ААН па становішчы праваабаронцаў у якасці праявы гэтага важкага абавязацельства.
Мы спадзяемся, што Вы возьмеце ўсе гэтыя заўвагі пад увагу. Застаемся ў Вашым распараджэнні для далейшага абмеркавання,
З павагай,
Суэр Белхасэн,
Прэзідэнт FIDH
Джэральд Стэйброк,
Генеральны сакратар OMCT
***
Алесь Бяляцкі з’яўляецца старшынём Праваабарончага цэнтра “Вясна”. 24 лістапада 2011 года ў выніку несправядлівага судовага разбіральніцтва ён быў прызнаны вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у буйным памеры судом Першамайскага раёна г. Менска і быў прысуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі, а таксама канфіскацыі ўсёй маёмасці, у тым ліку маёмасці, зарэгістраванай на імя іншых асобаў. Суд таксама аштрафаваў праваабаронцу на суму 721 мільёнаў беларускіх рублёў (каля 82 700 долараў ЗША) за нібыта нясплочаныя падаткі і спагнаў 36 мільёнаў беларускіх рублёў (каля 4 100 долараў ЗША) дзяржаўных пошлін.
Артыкулы па тэме
Беларускія адвакаты, пазбаўленыя ліцэнзій за сваю дзейнасць, падтрымліваюць украінскіх калег
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў асудзіла парушэнні правоў НДА ў доступе да фінансавання