Даклад па праблеме дзеяння праваабаронцаў у краінах-чальцах ААН падрыхтаваны спецыяльным аглядчыкам і спецыялістам ў галіне праваабарончай дзейнасці Маргарэт Секаджа. Дакумент уключае ў сябе не толькі падабраную і падагульненую інфармацыю аб дзейнасці праваабаронцаў у кожнай асобнай краіне, але і пазіцыі афіцыйных уладаў, то бок уяўляе сабой комплексны падыход да асвятлення праваабарончай дзейнасці.

Калі звяртацца непасрэдна да беларускага аддзялення, то ў дакладзе  асвятляецца шэраг праблемных момантаў, звязаных з праваабарончай дзейнасцю ў краіне.

Працэдурныя памылкі і схільнасць да параноі
Па-першае, аўтар адзначае сітуацыю з праваабарончай арганізацыяй “Наша Вясна”, якая, з-за перашкодаў афіцыйнай улады, не можа прайсці працэдуру рэгістрацыі і набыць статус легальнай. Нагадаем, што дзейнасць незарэгістраванай арганізацыі паводле беларускага заканадаўства прыраўніваецца да крымінальнай і прадугледжвае пэўную адказнасць. Вярхоўны суд Беларусі пастанавіў адмовіць у рэгістрацыі праваабарончай арганізацыі ў жніўні 2009, спасылаючыся на адпаведнае рашэнне Міністэрства Юстыцыі ад траўня 2009 года. У якасці афіцыйнай прычыны адмовы ўлады указвалі “працэдурныя памылкі”, якія ў чарговы раз перавесілі права на свабоду аб’яднанняў, замацаванае ў Канстытуцыі Беларусі. Справа праваабарончай арганізацыі “Наша Вясна” да гэтай пары не вызначаная, што вымагае праваабаронцаў працаваць у нелегальным статусе.  Тым не менш, праваабаронцы заявілі, што ў любым выпадку працягнуць сваю дзейнасць, нават і пад пагрозай пазбаўлення волі.

Складальнікі не абыходзяць увагай таксама і сумна вядомы выпадак смерці праваабаронцы Яны Паляковай, якая завяршыла сваё жыццё 6 сакавіка 2009 года. Юрыст паводле адукацыі, Яна Палякова была актывісткай незарэгістраванай арганізацыі "Прававая дапамога насельніцтву". Супрацоўнічала і з іншымі праваабарончымі арганізацыямі,

3 сакавіка мінулага года суд Салігорскага раёна прызнаў Палякову вінаватай на падставе артыкула 400. 2 Крымінальнага кодэкса (заведама непраўдзівы данос). Яе абвінавацілі ў непраўдзівым даносе на супрацоўніка міліцыі і прыгаварылі да двух з паловай гадоў абмежавання волі. Акрамя таго, паводле рашэння суда яна павінна была выплаціць штраф супрацоўніку міліцыі  у якасці маральнай кампенсацыі. Але цярпенне маладой жанчыны лопнула пасля ачарняючай публікацыі ў афіцыйнай газеце краіны.

Афіцыйная ж версія настойвае на тым, што ўсе заявы Яны Паляковай наконт яе пераследу і пагрозаў расследваліся належным чынам, а некаторыя з яе скаргаў і ўвогуле бездоказныя.

Праваабаронца- шавініст
У дакладзе ў якасці паказальнага прыкладу пераследу праваабаронцаў на Беларусі прадстаўлена і справа Леаніда Свеціка з Віцебску, які, дарэчы, з’яўляецца сузаснавальнікам арганізацыі “Наша Вясна”. 16 ліпеня 2009 года , Віцебскі абласны суд вынес прысуд Леаніду Свеціку (на фота) за нібыта“распальванні расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці” паводле артыкула 130.1 Крымінальнага Кодэкса. Праваабаронцу пакаралі штрафам у памеры 900 базавых велічыняў (каля 11 тысяч даляраў). Гэтая справа была цынічна сфабрыкаваная ўладамі пасля таго, як на працягу 2006 і 2007 гадоў Л. Свецік аказваў юрыдычную дапамогу віцебскім актывістам, якія атрымлівалі лісты з пагрозамі ад Віцебскай філіі рускай неанацысцкай арганізацыі “Русское Национальное Единство” (РНЕ). Па меркаванню самого Леаніда Свеціка, справа была звязаная з новай хваляй запалохвання праваабаронцаў на Беларусі.

У сваёй справаздачы па справе Свеціка ўлады прадказальна падкрэсліваюць факт крымінальнай справы, абавяргаючы, такім чынам, факт ціску на праваабаронцу. За Свецікам улады прызнаюць распаўсюд лістовак шавіністскага характару, прыводзячы пры гэтым некаторыя “доказы” яго віны ў дакладзе. У прыватнасці, кажацца, што даказаны факт раздрукоўкі лістовак з асабістага прынтэра Свеціка.

Пасля вынясення прысуду сам праваабаронца публічна адмовіў сваю віну, назваўшы справу поўнасцю сфабрыкаванай і абсурднай, а памер штрафу – “непад’ёмным”. 

Падсумоўваючы ўсе дэталі справаў, камісія вызначае ўмовы працы праваабаронцыў Беларусі як вельмі “абмежаваныя”, прызываючы краіну стварыць спрыяльныя ўмовы развіцця праваабарончай дзейнасці “на практыцы”.

Documents: