Алена Танкачова, старшыня Праўлення Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend, з’яўляючыся грамадзянкай Расійскай Федэрацыі, з 1985 года пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь, займаецца асветніцкай, аналітычнай і даследчай дзейнасцю ў галіне правоў чалавека. Яна з’яўляецца высокапрафесійным спецыялістам у галіне права і правоў чалавека, арганізацыя, якую яна ўзначальвае, – адна з вядучых у Рэспубліцы Беларусь.
30 кастрычніка 2014 г. Алена Танкачова атрымала абвестку пра ануляванне яе віду на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, а 5 лістапада было разгледжанае пытанне аб яе высылцы з Беларусі і прынятае рашэнне, што праваабаронца цягам месяца павінна пакінуць Беларусь на 3 гады. Афіцыйная прычына – адміністрацыйныя правапарушэнні ў выглядзе нязначных перавышэнняў хуткаснага рэжыму пры кіраванні аўтатранспартным сродкам, зафіксаваныя відэакамерамі.
Ад імя прадстаўнікоў Сеткі Дамоў правоў чалавека быў разасланы зварот на адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі,у Міністэрства Унутраных спраў і ў шэраг іншых упаўнаважаных інстанцый, а таксама прадстаўнікам уладаў Беларусі па-за яе межамі, у якім адрасанты заклікаюць адмяніць прынятае ў дачыненні А.Танкачовай рашэнне.
“Яўна непрапарцыйнае прымяненне ўладамі Рэспублікі Беларусь санкцыі ў дачыненні да Алены Танкачовай дае падставы меркаваць, што нязначныя парушэнні выкарыстаны выключна ў якасці фармальнай падставы для пакарання Алены за яе прынцыповую пазіцыю і шматгадовую працу ў галіне правоў чалавека і спынення альбо стварэння істотных перашкодаў у ажыццяўленні ёю праваабарончай дзейнасці,” – гаворыцца ў звароце, які падпісалі праваабаронцы з Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Нарвегіі, Расійскай Федэрацыі, Украіны і Харватыі.
У сувязі з гэтым аўтары зварота заклікаюць беларускія ўлады:
-Адмяніць прынятае ў дачыненні да Алены Танкачова рашэнне аб пазбаўленні яе віду на жыхарства і не прымаць рашэнні аб высылцы з Рэспублікі Беларусь;
– Прыняць эфектыўныя меры па абароне праваабаронцаў і даць ім магчымасць ажыццяўляць сваю дзейнасць у галіне правоў чалавека бесперашкодна, як гэта прадугледжана ў Дэкларацыі ААН аб праваабаронцах ад 9 снежня 1998 году;
-Кіравацца рэкамендацыяй Спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Савета па правах чалавека ААН “прызнаваць важную ролю праваабаронцаў, уключаючы як асобных асоб, так і членаў арганізацый грамадзянскай супольнасці, і гарантаваць незалежнасць арганізацый грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў, ствараючы ўмовы для таго, каб яны маглі працаваць, не баючыся рэпрэсій.
Акрамя таго пра сітуацыю Алены Танкачовай былі праінфармаваныя Упраўленне Вярхоўнага камісара па правах чалавека ды спецдакладчыкі ААН па праваабаронцах ды па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
Асобны зварот па сітуацыі з Аленай Танкачовай таксама накіравалі Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і Сусветная арганізацыя супраць катаванняў (OMCT) у рамках Абсерваторыі па абароне правоў праваабаронцаў, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб’яднанне “Беларускі Хельсінкскі камітэт”, Грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
“Мы, прадстаўнікі беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый, расцэньваем дзеянні ўладаў Рэспублікі Беларусь па пазбаўленні віду на жыхарства і далейшай высылцы з краіны адной з вядучых праваабаронцаў краіны Алены Танкачовай як палітычна матываваныя, скіраваныя на недобраахвотнае спыненне яе легітымнай праваабарончай дзейнасці альбо стварэнне істотных перашкодаў у ажыццяўленні такой дзейнасці,” – гаворыцца ў звароце.
Таксама была падрыхтаваная заява ад Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства. “Мы лічым, што такое рашэнне аб ануляванні віда на жыхарства, а таксама пагроза высылкі з тэрыторыі нашай краіны з’яўляецца палітычна матываванай непрапарцыйнай санкцыяй, у параўнанні з небяспекай здзейсненага правапарушэння. Рэальнай падставай высылкі з’яўляецца грамадска-палітычная пазіцыя і актыўная праваабарончая дзейнасць Алены Танкачовай,” – гаворыцца ў заяве, якую падпісалі больш за 30 чалавек – прадстаўнікі НДА і праваабарончых арганізацый.
Documents: