Гаворка ідзе пра сайт www.gomelbest.com, на якім ужо больш пяці гадоў невядомыя размяшчаюць інфармацыю абразлівага характару ў дачыненні апазіцыянераў, праваабаронцаў, незалежных журналістаў. Мясцовыя дэмакраты шмат разоў спрабавалі прыцягнуць паклёпнікаў да адказнасці, пішучы заявы ў міліцыю і пракуратуру, ды праваахоўныя органы не рэагуюць – даюць адпіскі, што «ўстанавіць асоб, якія размясцілі дадзеную інфармацыю, не прадстаўляецца магчымым».

У лютым на дадзеным сайце з’явіўся артыкул «Зорачкі для праваабаронцы», дзе змясцілі здымак Леаніда Судаленкі, а невядомы аўтар у форме паклёпу і дыскрэдытацыі апісаў грамадскую дзейнасць праваабаронцы.

«Невядомы мне аўтар апублікаваў інфармацыю ў форме псіхічнага ціску ў адносінах да мяне, уздзейнічаючы на маю волю, распачаў спробу ўсяліць у мяне страх і няўпэўненасць з-за бяспекі маіх непаўналетніх дзяцей, тым самым здзейсніў крымінальнае злачынства, прадугледжанае артыкулам 186 Крымінальнага кодэксу «Пагроза забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці». Я ўспрыняў адрасаваныя мне пагрозы рэальнымі, у мяне з’явіліся ўсе падставы баяцца ажыццяўлення пагроз забойства ў дачыненні да маіх непаўналетніх дзяцей», – падкрэсліў у заяве ў міліцыю Леанід Судаленка.

У дадзеным артыкуле «Зорачкі для праваабаронцы» невядомы аўтар здзекліва піша пра дзейнасць праваабаронцы, асабліва што тычыцца юрыдычнай дапамогі маці расстралянага Аляксандра Грунова.

«Леанід, уяві, што адзін з тваіх сыноў не дайшоў да пад’езда свайго дома некалькіх крокаў, таму што яго нагнаў, затаіўшы некалькі месяцаў таму крыўду аднакласнік…. 101 нажавое раненне … А яшчэ ўяві, што ты прадстаўляеш яго інтарэсы ў судзе і пішаш ад яго імя «стратэгічную» скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека. Грошы не пахнуць, але закон бумеранга ніхто не адмяняў», – пагражае ў артыкуле невядомы «карэспандэнт».

Артыкулы па тэме

Праваабаронцы сустрэліся са спецдакладчыкам ААН па правах чалавека ў Беларусі

Маці расстралянага патрабуе змяніць заканадаўства, якое забараняе выдаць ёй цела сына

Смяротнае пакаранне, палітычны пераслед, прэвентыўныя затрыманні – Дзень правоў чалавека ў Беларусі