19 снежня 2010 года ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары, якія суправаджаліся шматлікімі парушэннямі унутранага выбарчага заканадаўства і не адпавядалі міжнародным стандартам. Увечары дзесяткі тысяч людзей сабраліся на дэманстрацыю для мірнага пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў. Дэманстрацыя была жорстка разагнаная, і больш за 700 чалавек, у тым ліку кандыдаты ў прэзідэнты,былі збітыя, арыштаваныя ці аштрафаваныя. У гэты дзень пачалася беспрэцэдэнтная хваля палітычна матываваных рэпрэсіяў у Беларусі, што выявіліся ў масавых ператрусах, канфіскацыях абсталявання, пераследзе і доўгіх тэрмінах турэмнага зняволення для тых, хто асмеліўся выказаць свой пратэст.
Праз 2 гады пасля тых падзеяў Цэнтр прававой трансфармацыі сабраў у грунтоўных даследаваннях прозвішчы і імены суддзяў і міліцыянтаў “плошчы”, а таксама падрабязнасці адміністратыўных арыштаў і судовых працэсаў.
Выданні цэнтра: «Адміністратыўныя затрыманні і судовыя працэсы. Аналіз правапрымяняльнай практыкі» і «Паслямова… Плошча-2010 вачыма беларускіх праваабаронцаў» — змешчаныя на адным дыску. На ім 350 гадзінаў аўдыёзапісу ўсіх чатырнаццаці крымінальных працэсаў над асуджанымі. Апроч таго — тысячы старонак дакументаў па адміністратыўных справах.
«Мы апыталі 350 чалавек з 780 затрыманых падчас Плошчы», — кажа кіраўнік цэнтру Алена Танкачова, — Па судах расшыфравалі ўсе «эээ», «ааа» — усё да апошняга слова. Даслоўна прывялі ўсе «спрэчкі» бакоў”.
«Прадстаўнікі нашай праваахоўнай сістэмы вельмі нервова ставяцца да любога апублічвання інфармацыі пра свае незаконныя дзеянні, — кажа жонка палітвязня і былога кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч. Яна таксама прымала ўдзел у падрыхтоўцы выдання: «Мой унёсак вельмі сціплы. Я займалася зборам, пошукам, тэхнічнай апрацоўкай інфармацыі. Гэта жывое сведчаньне гісторыі, зробленае на цудоўным мэтадалагічным узроўні. Я ўпэўненая, што раней ці пазней усе гэтыя справы будуць перагледжаныя, а людзі рэабілітаваныя. А падмурак для гэтага ўжо гатовы».
Алена Танкачова адзначае масавыя парушэнні заканадаўства пры правядзенні следчых і судовых дзеянняў па выніках падзеяў Плошчы. Сярод іх — пранікненьне ў афіцыйныя СМІ аператыўна-следчых дадзеных. Казалі праваабронцы і пра ціск на адвакатаў, якія падчас тых падзеяў былі адзіным спосабам атрымання інфармацыі пра фізічны і псіхалагічны стан падсудных.
Алена Танкачова: «Мы перакананыя, што самі абставіны падзеяў 19 снежня не былі даследаваныя аніводным крымінальным судом — ці быў факт масавых беспарадкаў на плошчы. Без гэтага немагчыма нікога было прыцягваць да адказнасці. І дасёння гэта не зроблена».
Гэты факт і стане ў будучыні нагодай для перагляду спраў палітвязняў, лічыць Алена Танкачова:
«Дагэтуль незаконна ў турме знаходзяцца Мікалай Статкевіч, Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў. Павал Севярынец абмежаваны ў волі. І гэта вынік палітызацыі судовай сістэмы, якая пасля 19 снежня абслугоўвала інтарэсы ўлады, а не ажыццяўляла правасуддзе».
Артыкулы па тэме
Маці расстралянага – праваабаронца года ў Беларусі
Беларускаму палітвязню Мікалаю Дзядку ўзмацнілі жорсткасць пакарання
Нягледзячы на канфіскацыю офіса, «Вясна» будзе працягваць працу