Сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) 3 сакавіка накіравалі адкрыты ліст Генеральнаму пракурору Беларусі Рыгору Васілевічу. Непасрэднай падставай для з’яўленння дакумента стала хваля ператрусаў у кватэрах і працоўных месцаў незалежных журналістаў. У лісце сябры БАЖ прасілі звярнуць увагу на незаконнасць дзеянняў такога кшталту, расцэньваючы іх як «грубае ўмяшанне ў свабоду журналісцкай дзейнасці». Таксама падпісантамі падкрэслівалася, што следчыя мерапрыемствы былі санкцыянаваныя пракурорам без відавочнай прычыны, і што дэклараваныя мэты ператрусаў не адпавядаюць рэальным. Рэальныя ж мэты ўладаў журналісты бачаць у запалохванні незалежных журналістаў, стварэнні перашкод для іх прафесійнай дзейнасці. “Настойваем таксама на прыняцці мер пракурорскага рэагавання для аднаўлення законнасці, абароны парушаных правоў і законных інтарэсаў журналістаў, а значыць —і свабоды слова ў Рэспубліцы Беларусь”, – сказана ў звароце.
Трэба адзначыць, што следчыя дзеянні ў дачыненні да журналістаў вядуцца ў межах расследавання крымінальнай справы, узбуджанай пракуратурай Гомельскай вобласці 31.12.2009 па ч. 2 арт. 188 КК РБ па факце з’яўлення ў інтэрнэце «паклёпу» на былога начальніка УКДБ па Гомельскай вобласці Івана Каржа. Аднак неправамарныя дзеянні ў дачыненні прадстаўнікоў незалежнай прэсы вымушаюць сумнявацца ў легітымнасці гэтай нагоды.
Атрымаўшы адказ ўладаў, журналісты яшчэ раз упэўніліся, што катэгорыі, такія як “свабода слова” і “законнасць” не з’яўляюцца прэарытэтнымі для афіцыйнай Беларусі. У афіцыйным адказе, што прыйшоў журналістам, сказана, што “парушэнняў заканадаўства ў ходзе расследвання справы не выяўлена”, а таму “падставаў для прыняцця мер няма”.
Тым часам, крымінальная справа Івана Каржа яшчэ не спыненая, што можа даць падставы сілавым структурам працягваць ціск і запалохванне прадстаўнікоў незалежеых СМІ Беларусі.