Некалькі адміністратараў апазіцыйных суполак у сацыяльных сетках былі затрыманыя 30 жніўня ў Мінску людзьмі ў цывільным. Два мадэратары апазіцыйных суполак у сацсетках трапілі на суткі. Іншыя кажуць, што іх білі, дапытвалі, але адпускалі.
30 жніўня ў Мінску быў затрыманы Павел Еўціхіеў. Апоўдні 30 жніўня на працу да маці Паўла прыйшлі двое ў цывільным і, не прад’явіўшы аніякіх дакументаў, запатрабавалі праехаць дадому па справе сына. Каля пад’езду іх чакалі яшчэ чацвёра, на думку жанчыны, супрацоўнікаў КДБ. Яны падняліся ў кватэру і ў прысутнасці жанчыны дапыталі Паўла. Іх цікавілі стасункі з нейкім Раманам (верагодна, Пратасевічам) і дачыненне да інтэрнэтаўскай суполкі «ВКонтакте» «Ляпіс Трубяцкой – бясплатны канцэрт у Мінску». Пыталіся яны таксама і пра паролі ад суполкі. На ўсе пытанні Павел адказваў: «Не ведаю нікога і нічога, а пра сяброў сведчыць не буду».
Праз некаторы час былі выкліканыя супрацоўнікі міліцыі Кастрычніцкага РУУСа Мінска, якія забралі з сабой Паўла і ягоны хатні кампутар. На пярэчанні маці ёй прад’явілі пасведчанне на імя капітана міліцыі Аляксандра Макарава. Ніякіх папераў пры гэтым не складалася. Пасля Паўла адвезлі ў суд Кастрычніцкага раёна, абвінавацілі ў дробным хуліганстве і прысудзілі 5 сутак арышту.
Рамана Пратасевіча затрымалі таксама 30 жніўня, аднак пасля допыту, пагроз і збіцця адпусцілі праз чатыры гадзіны, паколькі ён непаўнагадовы. Па словах хлопца, яго білі і пагражалі «павесіць» на яго дробныя крадзяжы — патрабавалі, каб ён выдаў пароль ад свайго акаўнта «ВКонтакте». Малады чалавек адмовіўся.
Прапаноўвалі набыць атруту для мышэй, а адвезлі на допыт у КДБ
30 жніўня ў Віцебску быў затрыманы мадэратар інтэрнэт-суполкі «Надоел нам этот Лукашенко» Алег Шрамук.
У дзверы ягонай кватэры пазваніла невядомая жанчына і прапанавала набыць атруту для мышэй. Шрамукі адмовіліся, але праз некаторы час гэтая ж жанчына пазваніла зноў. Калі Алег адчыніў дзверы, у кватэру ўварваліся супрацоўнікі спецназу і міліцыі. Без тлумачэння прычынаў яны забралі Алега, сказаўшы, што з’яўляюцца супрацоўнікамі Кастрычніцкага РАУС. Дапыталі таксама і Алесю Шрамук. Сябру затрыманага, Дзянісу Дашкевічу, у Кастрычніцкім РАУС сказалі, што Алега Шрамука ў іх няма. Калі хлопец пачаў настойваць, яго таксама апыталі і ўзялі адбіткі пальцаў. Потым сказалі, што Шрамука завезлі ў Інспекцыю выканання пакаранняў і пасля допыту ў 14:30 яго адпусцілі.
Тым не менш, Алег Шрамук не адгукаўся на тэлефонныя званкі. Але на яго старонцы «ВКонтакте» паказвалася, што ён знаходзіцца ў інтэрнэце. Блізкія ўжо збіраліся падаваць заяву аб знікненні хлопца, але апоўначы ён сам выйшаў на сувязь. Алег Шрамук сказаў, што ўвесь гэты час яго дапытвалі ў КДБ. У выніку была знішчана суполка «Надоел нам этот Лукашенко».
Праваабаронца пра атаку на інтэрнэт-суполкі: «Улады вельмі хваравіта рэагуюць на гэтыя ініцыятывы»
Каментуючы затрыманне адміністратараў суполак «ВКонтакте», намеснік старшыні праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч заявіў, што ў яго выклікае сумнеў законнасць гэтых мерапрыемстваў праваахоўных органаў:
«Там не размяшчалася нейкая інфармацыя, распаўсюд якой забаронены паводле нашага заканадаўства, Канстытуцыі. Людзі выказвалі сваё меркаванне, у тым ліку адносна дзейнага кіраўніка краіны і ўраду. На гэта яны мелі поўнае права. Па-другое, іх затрыманні пакуль незразумела які прававы характар носяць. То бок іх затрымліваюць у сувязі з чым? Я асцерагаюся, што гэта чарговыя пазапраўныя, прэвентыўныя адвольныя затрыманні. Я мяркую, што гэта звязана з заклікамі да байкоту выбараў. Бачна, што ўлады вельмі хваравіта рэагуюць на гэтыя ініцыятывы. Самі па сабе заклікі да байкоту не забароненыя дзейным заканадаўствам. Але мы бачым такія абсалютна непрапарцыйныя захады ўладаў. Вось гэтая спецаперацыя КДБ адносна сацыяльных сетак можа быць звязаная ў тым ліку і з байкотам».
Артыкулы па тэме
Беларускі ЦВК зусім не рады назіральнікам АБСЕ
КДБ дакарае праваабаронцаў за непацверджаную інфармацыю, але сам дае непраўдзівыя звесткі
Ва ўчастковых выбарчых камісіях для прадстаўнікоў апазіцыі месцаў няма