Беларускія амбасады ў многіх краінах адмаўляюць у візах прадстаўнікам міжнародных грамадскіх і праваабарончых арганізацый, якія выказалі жаданне патрапіць на суд па крымінальнай справе старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага.

Беларуская амбасада ў Парыжы адмовілася выдаць візу ў Беларусь прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) Сухайр Белхасэн, спаслаўшыся на непажаданасць яе прысутнасці ў Менску.

Персонамі non grata для беларускіх уладаў сталі таксама кіраўнік праграм праваабарончай арганізацыі “ Сivil Right Defenders” са Швецыі Мары Менсан, праваабаронцам з Нарвегіі Ане Бондэ і Дайвэ Петкевічутэ, якія прадстаўляюць Фонд  Дамоў правоў чалавека.

Беларуская амбасада таксама адмовіла ў выдачы візы прадстаўніцы Нарвэскага Хельсінскага камітэту Бэрыт Ліндэман. Пры гэтым, напярэдадні ёй паведамілі па тэлефоне, што віза гатовая і яе можна забраць у любы час.

Акрамя гэтага,  стала вядома аб адмове ў візе праваабаронцы Марыяне Роча з Partnership for Human Rights (Бельгія), якая таксама збіралася падтрымаць калегу на судзе.

“Human rights watch” заклікала зняць абвінавачанні з Бяляцкага
1 лістапада арганізацыя распаўсюдзіла заяву, у якой сказана, што, “калі беларускія ўлады сапраўды хочуць прадэманстраваць гатоўнасць адстойваць правы чалавека і вяршэнства права, іх першым крокам павінна быць вызваленне Бяляцкага і зняцце з яго ўсіх абвінавачанняў”.

“Урад Беларусі больш за 16 гадоў няспынна робіць больш жорсткім кантроль за грамадзянскай супольнасцю. Пераследуючы Бяляцкага, улады спрабуюць у канчатковым выніку спыніць працу праваабаронцаў у Беларусі”, — заявіў дырэктар па Эўропе і Цэнтральнай Азіі Х’ю Вільямсан.

«Лукашэнку нельга давяраць »
 «Лукашэнку нельга давяраць — ягоныя словы аб вызваленні ўсіх палітвязняў да канца кастрычніка нічога не вартыя. Тым не менш, Беларусь павінна неадкладна і без усялякіх умоваў вызваліць ўсіх палітзняволеных і рэабілітаваць іх», — напярэдадні судовага працэсу над кіраўніком праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесем Бяляцкім заявілі  дэпутат Бундэстагу ад партыі зялёных, каардынатар у пытанні Усходняй Еўропы Марылуіза Бэк і віцэ-прэзідэнт нямецкага парламенту Катрын Герынг-Экард (яна апякун палітвязня ў рамках кампаніі праваабарончай кампаніі «Libereco — Partnership for Human Rights»).

 Як мяркуюць Герынг-Экард і Бэк, трагічна, тое, «што часткова вінаватымі ў крымінальным пераследзе Бяляцкага» ёсць такія краіны ЕЗ як Літва ды Польшча, якія раскрылі Мінску інфармацыю адносна банкавых рахункаў «Вясны»«.

«Гэты прэцэдэнт нанёс вялікую шкоду надзейнасці і імкненню ЕЗ актыўна падтрымліваць грамадзянскую супольнасць у Беларусі. Ён таксама дэманструе неадэкватнасць інструментаў ЕЗ ў барацьбе з дыктатурамі, гэтыя інструменты павінны быць неадкладна перагледжаныя.ЕЗ не можа бяздзейна назіраць за дзеяннямі Лукашэнкі. Напрыклад, у Беларусі — краіне, дзе рэжым наступае на грамадзянскую супольнасць, непрымальна праводзіць першынства свету па хакеі−2014», — перакананыя Катрын Герынг-Экард і Марылуіза Бэк.

***
Алесь Бяляцкі быў затрыманы каля плошчы Перамогі ў Мінску і дастаўлены ў офіс Праваабарончага цэнтру «Вясна» для правядзення вобшуку. У яго кватэры ў Мінску і на лецішчы пад Мінскам таксама былі праведзеныя ператрусы. Як праваабаронца паспеў паведаміць сваім калегам па тэлефоне, ён абвінавачваецца ва “ўхіленні ад выплаты падаткаў”.

Паводле Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю, Алесь Бяляцкі мусіць сплаціць каля 150 мільёнаў рублёў, або 29 тысяч даляраў паводле курсу Нацбанку, з грошай, якія паступалі на ягоны рахунак у літоўскім банку. Калегі Бяляцкага кажуць, што гэтыя сродкі ішлі на дапамогу пацярпелым ад беларускага рэжыму — з 2003 году “Вясну” пазбавілі рэгістрацыі, і праваабаронцы мусілі шукаць розныя шляхі, каб працягваць сваю дзейнасць.

Артыкул 243,2 беларускага Крымінальнага кодэкса “Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

***

Пастаянныя абнаўленні інфармацыі з суду вы можаце знайсці тут:

http://www.hrwatch-by.org/kratkii-obzor-pervogo-dnya-sudebnogo-zasedaniya-po-delu-alesya-belyatskogo-v-minske-nachalsya-sud-na

Артыкулы па тэме

Фундацыя Дамоў правоў чалавека супраць пераследу Бяляцкага

Праваабаронцаў затрымліваюць за салідарнасць з Бяляцкім

Вядомы беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі арыштаваны ў Мінску