"Яшчэ ўзімку мы сачылі за ходам выбараў прэзідэнта ва Украіне. Цікава будзе параўнаць, наколькі якасна аналагічныя працэдуры арганізуюцца ў суседняй краіне, якая ўваходзіць у склад Еўразвязу, паглядзець, як людзі ставяцца да сваіх дэмакратычных правоў і абавязкаў," – гаворыць дырэктарка праекту "Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка" Мар’яна Ільна, старшыня Аб’яднанага цэнтра беларускіх ініцыятыў (JuBIC).
Удзельнікі прайшлі інтэнсіўны падрыхтоўчы курс з удзелам беларускіх, нарвежскіх і літоўскіх экспертаў па выбарах. Па прыездзе ў Варшаву ў пятніцу прадстаўнік польскага Выбарчага бюро прачытае ім лекцыі па выбарчым заканадаўстве Польшчы і па палітычнай сітуацыі ў краіне.
Выбары пасля трагедыі
Кіраўнікі і ўдзельнікі праекту зазначаюць, што становішча ў Польшчы – спецыфічная.
"Пасля гібелі прэзідэнта, мяркуем, Польшча ўсё яшчэ знаходзіцца ў стане шоку. Мы пастараемся паводзіць сябе максімальна карэктна і спачувальна, улічваць тое, што галасаванне можа быць досыць эмацыйнае, выбаршчыкі таксама", – гаворыць удзельнік місіі, палітолаг Вадзім Вілейта.
З яго словаў, узор Польшчы можа быць надзвычай карысны для маладых беларусаў – як узор краіны, што перажыла магутнае ўзрушэнне і нечакана страціла прэзідэнта, але пры гэтым захавала стабільнасць і павагу да дэмакратыі, а цяпер з гонарам выходзіць з шокавага стану.
"Гэта паказвае, што прэзідэнт тут – гэта не ўся краіна. Галоўнае – адладжаная сістэма дэмакратычных працэдур і каштоўнасцяў, якая функцыянуе незалежна ад персаналіяў. У гэтым заслуга ўсіх ранейшых прэзідэнтаў і таксама нябожчыка Леха Качынскага, якія не павялі Польшчу да аўтарытарызму", – кажа В.Вілейта.
Ён мяркуе, вынікі і ход выбараў пакажуць, наколькі Польшча акрыяла ад трагедыі і гатовая вярнуцца да звыклага стану рэчаў.
Польшча – нечаканы аб’ект
У дзень выбараў удзельнікі падзеляцца на 10 груп, кожная з якіх наведае прыблізна па 10 участкаў у Беластоку і іншых мясцінах усходняй Польшчы. Назіральнікі праекту маюць афіцыйную акрэдытацыю пры Выбарчым бюро. У панядзелак у Беластоку яны зладзяць прэсавую канферэнцыю, у якой ацэняць празрыстасць і справядлівасць выбарчага працэсу.
У рамках праекту "Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка" ўжо адбыўся шэраг іншых місіяў – у Грузію, Літву, Нарвегію і інш. Увесну ўдзельнікі назіралі за ходам галасавання на т.зв. "мясцовых выбарах" у Беларусі. Удзельнікі цяперашняга набору ўзімку працавалі на прэзідэнцкіх выбарах у Львове, Данецку, Адэсе і Кіеве.
"Мы не планавалі ехаць у Польшчу, бо выбары тут мусілі адбыцца толькі ўвосень. Але здарылася няшчасце, і палякам давядзецца ісці да скрыняў датэрмінова. Таму Польшча для нашага праекту – нечаканы аб’ект назірання", – гаворыць старшыня JuBIC М.Ільіна.
***
Праект "Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка" супольна ажыццяўляецца Аб’яднаным цэнтрам беларускіх ініцыятываў (JuBIC), Шведскім міжнародным ліберальным цэнтрам (Silc), Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам (ЕГУ) і Беларускім Домам правоў чалавека ў Вільні (ДПЧ). Акадэмічны курс падрыхтоўкі назіральнікаў прапануецца як курс па выбары акадэмічнай праграмы ЕГУ і будзе адлюстраваны ў бакалаўрскім дыпломе студэнтаў.
У Беластоку дапамогу ў арганізацыі праекту аказвае мясцовы Цэнтр грамадзянскай адукацыі "Польшча – Беларусь" і Радыё Рацыя.
Спасылкі па тэме: