Гэтак, жыхар вёскі Бычыха Гарадоцкага раёну Аляксандр Жыдкевіч, які ўдзельнічаў у выбарах у якасці назіральніка, займеў сур’ёзныя праблемы на працоўным месцы. На маладога лекара была складзеная скарга адным з яго пацыентаў, сваяком непасрэднай начальніцы Жыдкевіча: нібыта грамадскі актывіст вымагаў ад апошняга хабар. Як паведамляе сайт грамадзянскай ініцыятывы “Хартыя’97”, у Аляскандра Жыткевіча была канфіскаваная ўся службовая дакумэнтацыя, а таксама праведзеная прымусовая дактыласкапія і адабраныя асабістыя дакументы.
Супраць кандыдата ў дэпутаты Леаніда Аўтухова з суседняга райцэнтру Гарадка была распачатая справа ад парушэнні Выбарчага кодэксу: актывіст абвінавачваўся ў тым, што нібыта вывесіў уласны перадвыбарчы плакат у неналежным месцы – на дзверах мясцовага паштовага аддзялення. Радыё “Свабода” адзначае, што Аўтухоў нават не атрымаў копіі складзенага на яго пратаколу: прадстаўнік райвыканкаму заявіў, што ў мясцовых уладаў няма грошай на лісты да грамадзянаў. Лагічнай кропкі ў справе, што цягнецца ўжо другі месяц, няма: у выніку судовых разбіральніцтваў пратакол, складзены на Леаніда Аўтухова, быў прызнаны несапраўдным з-за грубых парушэнняў, здзейсненым у час яго складання, аднак афіцыйнае абвінавачванне з актывіста гэтак і не было скасаванае.
Экс-кандыдат у дэпутаты па Гарадзенскай сельскай акрузе ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктар Падчынёнкаў разам з кіраўніком свайго перадвыбарчага штабу Уладзімірам Ларыным былі выкліканыя ў абласное Упраўленне КДБ праз ананімнае тэлефанаванне. Паводле праваабарончага цэнтру “Вясна”, актывісты адмовіліся ад сустрэчы з ананімнымі супрацоўнікамі Камітэту дзяржбяспекі без афіцыйна аформленай позвы.
Шэраг кандыдатаў і актывістаў з розных беларускіх гарадоў спрабуюць аспрэчыць у судзе мільённыя штрафы – таксама нібыта за парушэнні заканадаўства ў час выбарчай кампаніі.
14 лістапада Гомельскі абласны суд адхіліў скаргу Дзяніса Рабянка на вырак Ельскага раённага суду, паводле якога актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі мае заплаціць дзяржаве 1 мільён 50 тысяч беларускіх рублёў нібыта за парушэньне правілаў збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты прадстаўніка Аб’яднаных дэмакратычных сіл Міколы Гаўрыленкі. Праваабарончы цэнтр “Вясна” з спасылкай на Радыё “Свабода” паведамляе таксама і пра судовыя працэсы над актывістамі з Светлагорску Святланай Міхальчанка, Віктарам Ахрамчуком і Сяргеем Шавяленкам, паводле якіх падсудныя атрымалі штрафы ў памеры 40 базавых велічыняў – нібыта за распаўсюд падчас перадвыбарчай агітацыі перыядычных выданяняў без выходных звестак і злоўжыванне свабодай сродкаў масавай інфармацыі. Кастусь Жукоўскі з Буда-Кашалёва ў судовым парадку абавязаны заплаціць 1 мільён 700 тысяч рублёў – за зняцце з выбараў уласнай кандыдатуры нібыта без паважлівай прычыны ў якасці кампенсацыі за вырабленыя агітацыйныя матэрыялы. Радыё “Свабода” адзначае, што выбарчае заканадаўства РБ не ўтрымлівае дакладнай фармулёўкі згаданых паважлівых прычын для зняцця кандыдатуры і цытуе каардынатара кампаніі “За свабодныя і справядлівыя выбары” Віктара Карняенку: “Калі сыходзіць з агульнаеўрапейскіх правілаў, то калі няма тлумачэння ў законе, што гэта такое, то любое тлумачэнне кандыдата можа лічыцца паважнай прычынай”.
У адказ на маштабныя рэпрэсіі супраць сваіх актывістаў беларуская апазіцыя традыцыйна адказвае адно нешматлікімі сустрэчнымі спазыскамі ды распачатым зборам подпісаў за змены ў Выбарчым кодэксе рэспублікі.