Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына паведаміла, што рабочая група па вывучэнні рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, дадзеных па выніках прэзідэнцкіх выбараў 2015 года, выпрацавала прапановы аб мерах па ўдасканаленні выбарчага працэсу.
«Кожнае ведамства распрацавала свае прапановы з улікам уласных поглядаў на заканадаўства і з улікам прапаноў, якія прадставіла не толькі БДІПЧ АБСЕ, але і кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Канчаткова прапановы па дэмакратызацыі выбарчага працэсу будуць сфармуляваны Цэнтральнай камісіяй і прадстаўлены кіраўніку дзяржавы», – сказала кіраўнік ЦВК.
Ярмошына паведаміла, што падобных прапаноў «пяць-шэсць, над імі будзе весціся праца цяпер, да парламенцкіх выбараў», яны будуць рэалізаваны ў выглядзе пастаноў Цэнтрвыбаркама. Перш за ўсё, адзначыла яна, гэтыя прапановы тычацца ўдасканалення парадку падліку галасоў, разгляду выбарчых спрэчак і стварэння выбарчых камісій.
Акрамя таго, частка рэкамендацый тычыцца зменаў у выбарчае заканадаўства, да якіх ЦВК і экспертная група вернецца пасля правядзення парламенцкіх выбараў.
За час працы групы прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” двойчы звярталіся да кіраўніка Цэнтрвыбаркама – з прапановай экспертнага садзейнічання працы міжведамаснай групы па ўдасканаленні выбарчага працэсу, а затым накіравалі свае дэтальныя напрацоўкі па імплементацыі рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, якія могуць спрыяць павышэнню ўзроўню галоснасці і празрыстасці на маючых адбыцца парламенцкіх выбарах.
Лукашэнка пра выбары: Няма патрэбы гуляць у нейкую незразумелую дэмакратыю
Тым часам Аляксандр Лукашэнка ўжо падзяліўся сваім бачаннем таго, як павінен абірацца і працаваць новы парламент. Кіраўнік краіны звярнуў увагу, што дэпутаты цяперашняга склікання павінны ўзяць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да будучай выбарчай кампаніі.
На думку кіраўніка дзяржавы, неабходна ўзмацніць працу ў акругах з насельніцтвам, аказаць мясцовым уладам дадатковую дапамогу ў вырашэнні рэгіянальных праблем. Такія меры павінны паспрыяць таму, каб у новы парламент прыйшлі актыўныя, падрыхтаваныя людзі, якія змогуць вырашаць праблемы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэтая праца на дзяржаву і ў дадзеным выпадку няма патрэбы «гуляць у нейкую незразумелую дэмакратыю».
«Адказнасць наша вельмі высокая, бо нас абірае народ. Ён бачыць нас перш за ўсё», — падкрэсліў ён. Таксама Аляксандр Лукашэнка выказаў задавальненне працай парламентарыяў гэтага склікання. Разам з тым ён дадаў, што будзе рабіць усё для таго, каб у парламент абіраліся яшчэ больш прафесійныя дэпутаты.
Артыкулы па тэме