З 17 лютага пачаліся суды па крымінальных справах, звязаных з правядзеннем акцыі пратэсту па выніках прэзідэнцкіх выбараў, што адбылася 19 снежня 2010 году ў Мінску. Абвінавачанні выстаўленыя 42 чалавекам,  на тэрміны зняволення ад 3 да 4 гадоў ужо асуджаныя Васіль Парфянкоў, Аляксандр Малчанаў, Зміцер Новік і Аляксандр Атрошчанкаў. Дзмітрый Мядзведзь, Арцём Брэўс і Іван Гапонаў чакаюць судоў, якія мусяць адбыцца 10 сакавіка.

Як паведаміў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, для назірання за судовымі працэссамі над удзельнікамі падзей 19 снежня беларускімі ўладамі былі запрошаныя эксперты АБСЕ. АБСЕ збіраецца даслаць назіральнікаў і апублікаваць адкрытую справаздачу па выніках судоў з аналізам усяго ўбачанага.

Ціск на адвакатаў
Між тым, аб’ектыўнага разгляду справы 19 снежня чакаць не даводзіцца праз ціск на адвакатаў, які можна разглядаць як спробу пакінуць усіх абвінавачаных па справе 19 снежня без абароны.

3 сакавіка Павел Сапелка (на фота) быў выключаны з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў. Згодна з Законам аб адвакатуры, займацца адвакацкай дзейнасцю можна толькі ў складзе калегіі. Такім чынам, быць адвакатам і працягваць абараняць палітычных вязняў Андрэя Саннікава, Паўла Севярынца і Змітра Дашевіча ў межах крымінальных спраў па падзеях 19 снежня П. Сапелка ўжо не можа.

У студзені Мін’юст ужо спрабаваў прыцягнуць Сапелку да дысцыплінарнай адказнасці “за некарэктныя выказванні”. 
Паводле праваабарончага цэнтру “Вясна“, цягам многіх гадоў Сапелка быў адвакатам палітвязняў. Ён абараняў Міколу Аўтуховіча і сяброў незарэгістраванай арганізацыі назіральнікаў “Партнэрства”.

Таксама адвакацкай ліцэнзіі нядаўна былі пазбаўленыя Уладзімір Тоўсцік, Тамара Гараева, Алег Агееў і Таццяна Агеева, якія працавалі з абвінавачанымі па справе 19 снежня. Такім чынам, можна гаварыць пра знішчэнне абароны палітзняволеных. Цяпер многія адвакаты будуць проста баяцца працаваць і пазбягаць палітычных спраў.

Міжнародная рэакцыя
За падзеямі ў Беларусі пільна сочыць міжнародная супольнасць. Фотавыстава “19 снежня вачыма журналістаў” адкрылася 2 сакавіка ў Брусэлі ў офісе Пастаяннага Прадстаўніцтва Каралеўства Швецыі ў Еўрапейскім Саюзе. Ксенія Авімава,Сяргей Балай, Дзмітрый Брушко, Уладзімір Грыдзін, Вадзім Заміроўскі, Аляксандр Зянкоў і Аляксей Мацюшкоў прадставілі 46 фотаздымкаў, на якіх паказаныя тысячы мірных дэманстрантаў, міліцыя і АМАП, якія збіваюць людзей, а таксама акцыі салідарнасці са зняволенымі.

У Жэневе падчас сесіі Рады па правах чалавека ААН дэлегацыі розных краін свету цікавяцца магчымасцямі ўтрымаць улады Беларусі ад далейшага наступу на дэмакратычныя правы і свабоды. Дзякуючы падтрымцы Фундацыі Дамоў правоў чалавека і іншых уплывовых міжнародных арганізацый, прадстаўніцтвы краін ААН у Жэневе могуць атрымаць інфармацыю з першых вуснаў – у ААН прыбыла дэлегацыя беларускіх праваабаронцаў і іх калегаў з суседніх краін, што цікавяцца сітуацыяй у Беларусі.
“Мы прыбылі ў Жэневу, каб даць апошнюю аб’ектыўную інфармацыю прадстаўнікам розных дзяржаў, якія ўваходзяць у склад Рады па правах чалавека ААН. Спадзяемся, удасца пераканаць іх у неабходнасці прыняць рэзалюцыю па сітуацыі ў Беларусі і паўплываць на беларускія ўлады такім чынам”, – распавядае старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі.

“Тая адчаяная барацьба за дэмакратыю, якая зараз адбываецца ў краінах Блізкага Ўсходу, не павінна засланіць трагічнае развіццё падзей у Беларусі, дзе аўтарытарныя ўлады цалкам ігнаруюць правы чалавека і фактычна аб’явілі вайну грамадзянскай супольнасці. Так, у Беларусі на вуліцах няма крыві, але лепш нам не чакаць крывавага сцэнара і дзейнічаць ужо зараз”, – заявіў А.Бяляцкі падчас мерапрыемства ў ААН, дзе прысутнічалі амбасадары і прадстаўнікі місій шэрагу краін свету.

У склад дэлегацыі таксама ўвайшлі прадстаўнікі Human Rights Watch і Міжнароднай назіральнай місіі Камітэту міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека, што працуе ў Беларусі.
Акрамя публічнага «паралельнага мерапрыемства», падчас знаходжання ў сталіцы ААН праваабаронцы правялі нефармальныя сустрэчы з прадстаўнікамі шэрагу дэлегацый –Аргенціны, Венгрыі, Вялікабрытаніі, Нарвегіі, Польшчы, Расеі, Украіны, Чылі, Швецыі і інш.

Эксперты адзначаюць, што міжнародная пазіцыя будзе істотна залежаць ад пазіцыі Расеі, якая мае сур’ёзныя прэтэнзіі да парушэння правоў у Беларусі з той нагоды, што турэмнае зняволенне пагражае і двум расейскім грамадзянам, затрыманым у Мінску 19-20 снежня разам з сотнямі іншых мірных дэманстрантаў.

Артыкулы па тэме

Абсурд: у адвакатаў забралі ліцэнзію, бо яны паддаліся на ціск КДБ (абноўлена)

Сорам Мін’юста: адвакаты баяцца абараняць палітвязняў

Беларускім адвакатам неабходная маральная падтрымка