Васіль Парфянкоў у лютым 2011 году быў асуджаны да чатырох гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацый падчас прэзідэнцкіх выбараў, у жніўні таго ж году – памілаваны згодна з указам прэзідэнта.

Пасля свайго вызвалення Васіль Парфянкоў працягваў грамадскую дзейнасць і неаданаразова затрымліваўся за ўдзел у акцыях ў падтрымку беларускіх палітвязняў, якія заставаліся і застаюцца за кратамі.

Пасля ўдзелу ў мірным сходе, прысвечаным салідарнасці з палітвязнямі 19 снежня 2011 году, ён быў арыштаваны на 12 сутак, пасля чаго 5 студзеня 2012 г. судом Першамайскага р-на г. Мінска за ім быў устаноўлены прэвентыўны нагляд тэрмінам на адзін год. Такім чынам прывентыўны нагляд у дачыненні да актывіста быў усталяваны з мэтай прадухілення ягонай далейшай грамадскай дзейнасці, у тым ліку далейшага ўдзелу ў мірных сходах па пытаннях грамадска-палітычнага жыцця ў краіне.

29 мая 2012 г. Васіль Парфянкоў быў асуджаны на 6 месяцаў арышту за парушэнні ўмоваў прафілактычнага нагляду, устаноўленага судом. Дадзены прысуд быў вызначаны Праваабарончым цэнтрам “Вясна” і РГА БХКяк палітычна матываны пераслед, а падвергнуты арышту Васіль Парфянкоў як палітычны вязень.

5 снежня 2013 г. суд Першамайскага р-на г. Мінска паўторна асудзіў Васіля Парфянкова па тым жа артыкуле на адзін год пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ва ўмовах калоніі строгага рэжыму.

Праваабаронцы асуджаюць пераслед і прызнаюць яго палітычна матываваным
Праваабарончы цэнтр “Вясна” і Беларускі Хельсінкскі Камітэт асудзілі палітычна матываны пераслед, скіраваны на спыненне ці перашкоды ў грамадска-палітычнай актыўнасці Васіля Парфянкова і адзначаюць, што разбіральніцтва па дадзенай справе не адпавядала стандартам справядлівага судовага разбіральніцтва, а вынесенае пакаранне з’яўляецца відавочна не суразмерным і не прапарцыйным тым парушэнням, у якіх абвінавачвалі Васіля Парфянкова.

Варта адзначыць, што паводле ацэнак FIDH і Праваабарончага цэнтру “Вясна”, рознага кшталту абмежаванні – ад прафілактычнага ўліку да прывентыўнага нагляду – устаноўленыя ў дачыненні да 32 чалавек, якія былі раней асуджаныя за падзеі 19 снежня 2010 г. і вызваленыя з месцаў пазбаўлення волі без пагашэння судзімасцяў. Прывентыўны нагляд устаноўлены, у тым ліку і ў дачыненні да нядаўна вызваленых палітвязняў З.Дашкевіча і А.Францкевіча.

Дадзеныя абставіны сведчаць пра тое, што гэтыя абмежаванні з’яўляюцца элементам кантролю уладаў над грамадскімі і палітычнымі актывістамі. Крымінальны пераслед за парушэнні раней устаноўленага прывінтыўнага нагляду ў дачыненні В. Парфянкова, У. Яроменка, устаноўлены прывінтыўны нагляд у дачыненні да П. Вінаградава з’яўляюцца яскравым прыкладам такога кантролю.

 У сувязі з гэтым Праваабарончы цэнтр “Вясна” РГА БХК патрабуюць:

 1. спыніць практыку крымінальнага пераследу палітычных і грамадскіх актывістаў, у тым ліку спыніць крымінальны пераслед Васіля Парфянкова і прыняць меры па ягоным вызваленні;

 2. зняць (пагасіць) судзімасці з раней вызваленых па працэдуры памілавання ці заканчэнні тэрмінаў палітычных зняволеных, забяспечыўшы такім чынам іх магчымасць паўнавартаснага ўдзелу у палітычным жыцці краіны, у тым ліку ў магчымасці ўдзелу ў будучых выбарчых кампаніях.

Documents: