Як дзіўна ўсё ўпарадкавана. Мы пішам пра ўсякае важнае: пра надзеі на крэдыт МВФ, пра чарговы рост коштаў, пра Лівію і самую маладую дзяржаву ў свеце Паўднёвы Судан. А ў Наваполацкай калоніі ў гэты час доўга, спакойна, метадычна, павольна фактычна забіваюць хлопца.За два з невялікім месяцы ў калоніі – пяты раз штрафны ізалятар. У агульнай складанасці ўжо больш за месяц карцэра. Не забойца, не рэцыдывіст, не гвалтаўнік, не душыцель маленькіх дзяцей і бабуль. Мікіта Ліхавід ўсяго толькі выйшаў 19 снежня пратэставаць супраць сістэмы, у якой людзі – лагерны пыл. У якой кожны заўтра можа апынуцца ў турме і над кожным зможа здзекавацца які-небудзь “новы беларус” – гаспадар зоны.

СІЗА – гэта калі толькі раз на тыдзень выводзяць на шпацыр. Вы ўяўляеце, што такое сядзець у каменнай клетцы ў трыццаціградусную спёку?!

СІЗА – гэта калі нічога нельга, нават чытаць кнігі або газеты.

СІЗА – гэта пастаянны голад.

СІЗА – гэта катаванне. І пра гэта даўно кажуць праваабаронцы.

Больш за месяц катаванняў …

Ужо ў канцы траўня ў час сустрэчы з сынам маці ўбачыла, што ад яго засталася палова. Тонкія, амаль дзіцячыя, ледзяныя рукі. Яна ўвесь час расцірала гэтыя рукі, каб хоць крыху сагрэць. А ён супакойваў: “Мама, не хвалюйся, я дыхаю ў фортку”.

Я ўпэўненая: Мікіта нават ня можа расказаць нікому, што насамрэч перажыў за гэтыя два месяцы, таму што ў добрых сыноў ёсць табу на скаргі; яно сфармулявана проста: “Мама, не хвалюйся …”

Жах у тым, што гэтымі карцэрамі яны альбо заб’юць хлопца, альбо скалечаць. У калоніі ён пазіцыянуе сябе як незаконна асуджанага і не падпісвае ніякія паперы. Ён устае на пад’ём, выходзіць на зарадку, але практыкаванняў ня робіць, проста стаіць. Калі ў яго пытаюць – чаму? – ён адказвае, што асуджаны незаконна, і што пакуль з яго ня здымуць абвінавачванне, ніякіх распараджэнняў выконваць ня будзе. Гэты бунт бачыць увесь атрад, і, напэўна, там шмат такіх, незаконна асуджаных. Каб прыклад ня стаў заразлівым, каб такім жа чынам іншыя ЗК ня сталі дамагацца перагляду прысуду, Мікіту раз за разам адпраўляюць у СІЗА. Дзесяць сутак карцэра, пятнаццаць, пяць, дваццаць …

Калі б ён абвесціў галадоўку, калі б ён рэзаў сабе вены – гэта было б грандыёзнае НС, адміністрацыя калоніі пісала б тлумачальныя ва ўсе інстанцыі і наўрад ці апраўдалася б. Але Мікіта абраў іншую форму бунту, па сутнасці – іншую форму самагубства. І ўсё, што адбываецца, апынулася нібы ў межах закона.

Самае страшнае, што мы ўсе разумеем: ні адзін суд у нашай краіне не перагледзіць прысуд Мікіту Ліхавіду і іншым палітвязням. Таму што кіраўніком дзяржавы было сказана: “Прысуды справядлівыя, палітвязняў у Беларусі няма”. Нават калі Мікіту згнояць у карцэры, ні суддзя Наталля Пыкіна, ні пракурор Антон Загароўскі не прызнаюць, што на іх сумленні чалавечае жыццё. І начальнік наваполацкай калоніі Аляксандр Сівоха не прызнае. І начальнік гэтага начальніка … Хоць у глыбіні душы кожны з іх разумее, што гэты хлопец не злачынец, ён герой.

Афіцыёзныя ідэолагі зараз заўсёды будуць прайграваць ў барацьбе за розумы і сэрцы беларусаў, таму што яны змагаюцца вось з такімі пацанамі – худзенькім, вірлавокімі, але нягнуткімі ў сваім жаданні жыць у свабоднай і справядлівай краіне. А іх героі спачатку за вялікія грошы трэніруюцца разбіваць на сваёй галаве цэглу, а потым выходзяць на вуліцы і па трое-чацвёра кідаюцца на мірных людзей, атрымліваючы ад гэтага нейкае дзікае задавальненне.

Але менавіта таму, калі б у мяне была магчымасць сустрэцца з Мікітам Ліхавідам, то я б яго прасіла паберагчы сябе, рабіць гэтую злапомную зарадку. Бо дзеля таго, каб нелюдзі не кіравалі балем, нармальным людзям трэба жыць, і пажадана – жыць доўга.

Святлана Калінкіна

skalinkina.livejournal.com

***
Даведка Беларускага ДПЧ

19 ліпеня кіраўніцтва грамадска-палітычнай арганізацыі “Рух “За Свабоду” мела сустрэчу з адміністрацыяй калоніі, куды для адбыцця пакарання на 3,5 гады змешчаны Мікіта Ліхавід.

Начальнік наваполацкай калоніі Аляксандар Сівох заявіў, што да Мікіты Ліхавіда ў калоніі не ставяцца перадузята, а неаднаразовыя пакаранні карцэрам назваў справядлівымі. Паводле Сівоха, Ліхавід парушае распарадак, адмаўляючыся рабіць зарадку. Начальнік калоніі таксама паведаміў, што Ліхавіда рэгулярна аглядаюць лекары і са здароўем у яго усё нармальна.
Пасля масавай акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 году ў Беларусі прайшла хваля рэпрэсій: каля 700 чалавек былі затрыманыя і збітыя, абвінавачанні ў арганізацыі і ўдзеле у масавых беспарадках былі выстаўленыя 42 чалавекам. З іх 30 знаходзяцца па-ранейшаму за кратамі, з прысудамі ад 2 да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Артыкулы па тэме

У Літоўскім Сойме абмеркавалі "паляванне на вядзьмарак" у Беларусі

Палітычным вязням пагражаюць доўгія гады за кратамі

ААН заклікаюць прызначыць Спецдакладчыка па Беларусі