“Скажам гэтак, я не абвяргаю гэтыя зьвесткі”, – сказаў адвакат Павал Сапелка Радыё Свабода.
Нагадаем, М. Аўтуховіч быў арыштаваны 8 лютага паводле абвінавачання ў падпале дома міліцыянта ў Ваўкавыску.
Улетку з’явіліся звесткі, што прадпрымальніка падазраюць таксама ў падрыхтоўцы тэрактаў супраць старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзіміра Саўчанкі і намесніка міністра падаткаў і збораў Васіля Камянко.
Вядома, што Мікалай Аўтуховіч сваю віну паводле гэтых абвінавачанняў не прызнае. Цягам трох месяцаў прадпрымальнік трымаў галадоўку, пратэстуючы супраць пераследу, які тлумачыць помстай за антыкарупцыйную дзейнасць.
Па ўказцы прэзідэнта
Аб тым, якое абвінавачванне збіраюцца выставіць М. Аўтуховічу, можна было здагадацца даўно.
Адразу па затрыманні М.Аўтуховіча і яго паплечнікаў прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка звязаў іх з выбухам у Менску падчас святкавання Дня незалежнасці ў мінулым годзе: “Мы ўжо наеліся 3 ліпеня. Аўтаматы прыватніку захоўваць нельга. І іншыя гранаты там, выбуховыя прыстасаванні. Тэрору ў краіне я дапусціць не магу”.
Беларускае тэлебачанне паведамляла, што ў доме трох дзеячаў прадпрымальніцкага руху была знойдзеная выбухоўка і зброя.
Як цвердзіць праваабаронца Алег Воўчак, “ніякай выбухоўкі ці зброі ў хатах Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі канфіскавана не было, бо яе там не было наагул. Былі канфіскаваныя звычайныя паяльнікі і волава, якое, як вядома, выкарыстоўваецца пры паянні”.
Улады абвяргаюць версію аб палітычным пераследзе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў. Паводле Лукашэнкі, пад маскай палітычных вязняў хаваюцца “тыповыя злачынцы”.
Аднак эксперты лічаць, што прадпрымальнікі церпяць менавіта за сваю грамадскую дзейнасць.
Мікалай Аўтуховіч – адзін з заснавальнікаў арганізацыі ветэранаў “Абаронца Айчыны”. Ён адмовіўся прыняць медаль з нагоды 20-годдзя вываду савецкіх войскаў з Афганістана, выступае з крытыкай палітыкі ўладаў у дачыненні да праблем воінаў-афганцаў.
Шлюб за кратамі
Па-ранейшаму ў турме застаецца і маладзёвы актывіст Арцём Дубскі.
Як паведаміла прэс-служба арганізацыі А.Дубскага “Малады фронт”, да палітвязня не даходзіць кожны пяты ліст.
“Дакладна вядома, што не дайшлі 8 заказных і 26 звычайных лістоў. Па нашых падліках, гэта прыкладна кожны пяты ліст. Не дайшлі да яго лісты былога палітвязня Алеся Баразенкі.
На свой дзень народзінаў Дубскі атрымаў некалькі дзясяткаў віншаванняў з “Міжнароднай амністыі” Брытаніі, Францыі, Нідэрландаў ‑ амаль усе лісты былі ўскрытыя”.
Па словах Дубскага, ён нядаўна атруціўся турэмнаю ежаю (хлапец мае язву страўніка) і лячылі яго… анальгінам!
“Ёсць і прыемная навіна: калі да студзеня Арцёма Дубскага не вызваляць, то ў сярэдзіне месяца ён з нявестаю Тацянаю Касянчук маюць распісацца ў калоніі”, — паведаміла прадстаўнічка арганізацыі Наста Лойка.