19 красавіка з Сяргеем Каваленкам у «Навінках» сустрэлася яго жонка Алена.

«Не магу не адзначыць, што настрой у яго лепшы. Крыху лепш ён выглядае, але ўсё роўна ў яго засталіся праблемы са здароўем. З’явіліся праблемы з ныркамі, справакаваныя наўмыснымі і непрафесійнымі дзеяннямі лекараў у калоніі „Віцьба-3“, якія ўводзілі Сяргею адмысловы катэтар, шмат часу яго не вымалі і недакладна апрацоўвалі. Ён мне зноў распавёў пра здзекі, якія з ім адбываліся ў калоніі „Віцьба-3“. Яму не давалі спаць, калі ўключалі над ім лямпы, якія гарэлі ўсю ноч, пакуль ён быў прывязаны да ложка цягам трох дзён. Акрамя таго, да яго падсаджвалі асуджаных з нізкім сацыяльным статусам — з гэтым была звязаная ягоная спроба парэзаць вены. Вось такімі гнюснымі захадамі на яго спрабавалі ўздзейнічаць», – распавяла Алена Каваленка.

13 красавіка стала вядома, што Сяргей Каваленка спыніў галадоўку, але, як скардзяцца яго блізкія, выходзіць з галадоўкі ён вымушаны без адпаведнай дапамогі. 26 красавіка ў «Навінках» яго наведала сваячка, чые ўражанні пераказала Алена Каваленка:

«Ён схуднелы, бледны. Відаць, дае пра сябе знаць недахоп гемаглабіну ў крыві. Скардзіўся на болі ў падрабрынні. Магчыма, гэта падстраўнікавая залоза кепска працуе, бо пашкоджана. Праца страўніка гэтак да канца і не аднавілася.

Яшчэ там узнікла такая праблема, што ўжо не бяруць сокі і вярнулі частку харчоў, якія раней узялі для яго. Не ўсё, што яму патрэбна для паўнавартаснага выхаду з галадоўкі, зараз туды прапускаюць. Гэта нас вельмі непрыемна ўразіла. Як і тое, што шмат лекаў і вітамінаў, якія мы перадавалі яму для падтрымання пячонкі, страўніка ды іншых органаў, яму не даюць. Сваячка – з медычнай адукацыяй, дык яна падрабязна пра гэта распытала і высветліла, што амаль нічога яму з нашых лекаў не прапануюць. Увогуле яна зрабіла выснову, што фактычна Сяргей выходзіць з галадоўкі бескантрольна, бо даследаванняў стану ўнутраных органаў яму не праводзяць. Цягам сутак за ім проста назіраюць праз шкло два чалавекі, мужчына і жанчына».

Сама Алена Каваленка, жонка актывіста, скардзіцца на недахоп звестак пра мужа: лістоў ад Сяргея яна не атрымлівае, бо ў «Навінках» ліставацца са сваякамі немагчыма праз адсутнасць цэнзара. Сяргей Каваленка з’яўляецца вязнем, а перлюстрацыя карэспандэнцыі вязня ёсць абавязковым патрабаваннем. Аднак псіхіятрычная клініка не можа выканаць гэтага патрабавання, таму што не ўтрымлівае такой штатнай адзінкі, як цэнзар. Лісты, якія людзі пішуць, проста збіраюцца, каб потым быць перанакіраванымі ў тую папраўчую ўстанову, куды накіруюць вязня.

***
Актывіст КХП БНФ Сяргей Каваленка пакараны зняволеннем у 2 гады і месяц за парушэнне рэжыму адбыцця хатняй «хіміі» — умоўнага пакарання, прысуджанага за бел-чырвона-белы сцяг, вывешаны на гарадской навагодняй ёлцы ў 2010 годзе. Пратэстуючы супраць прысуду, актывіст трымаў галадоўку са снежня 2011 года да пачатку красавіка з перапынкам на 20 дзён у студзені-лютым. Беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Сяргея Каваленку палітвязнем і дамагаюцца ягонага вызвалення.

Артыкулы па тэме

Паводле турэмнага лекара, Сяргей Каваленка мае «скрайнюю ступень абяссілення»

Сяргея Каваленку прымусова выводзяць з галадоўкі

Беларус працягвае галадаваць за сцяг