«Я ехала ў вёску і не даехала. Алесь патэлефанаваў. Наколькі я зразумела, ён едзе на электрычцы ў Мінск. Сказаў, што будзе ў Мінску каля 15.00. Я тэрмінова развярнулася і вяртаюся ў Мінск», — распавяла жонка праваабаронцы Наталля Пінчук.
– Пазаўчора ў калоніі ў Бяляцкага быў адвакат. Не было ніякіх намёкаў на магчымае вызваленне. Юрыдычныя абгрунтаванні вызвалення могуць быць якімі заўгодна: ад жадання суда перагледзець справу да памілавання прэзідэнта. Але тое, што сам Алесь не пісаў заяву з просьбай яго памілаваць, у гэтым мы абсалютна ўпэўнены, – кажуць калегі-праваабаронцы Алеся Бяляцкага.
Кіраўнік зачыненага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» быў затрыманы 4 жніўня 2011 г. і асуджаны на 4,5 гады турмы ў лістападзе 2011 года. Яго прызналі вінаватым у нявыплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасць. Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.
Краіны ЕС, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Бяляцкага палітвязнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу. У 2012 і 2013 гадах Алесь Бяляцкі быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію міру.