27 студзеня пад падпіску аб нявыездзе вызвалілі кіраўніка ініцыятыўнай групы Андрэя Саннікава Ўладзіміра Кобеца, праз суткі мера стрымання таксама на падпіску аб нявыездзе была змененая і рэдактарцы старонкі “Хартыя-97” Наталлі Радзінай. А ўвечары 29 студзеня стала вядома аб змене долі экс-кандыдата ў прэзідэнты Ўладзіміра Някляева, жонкі Саннікава Ірыны Халіп і даверанай асобы Някляева Сяргея Вазняка.

Някляева і Халіп перавялі пад хатні арышт з утрыманнем пад аховай. Вазняка выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, але забаранілі зносіны з журналістамі.  

Нагадаем, дзесяткі чалавек застаюцца пад вартай, у тым ліку – тры былыя кандыдаты ў прэзідэнты: Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч і Алесь Міхалевіч. Усяго ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх абвінавачваецца 37 чалавек, а агульны лік фігурантаў справы разам з падазраванымі перавысіла 50 чалавек.  

Як днямі заявіў міністр унутраных спраў, ужо на пачатку лютага следства пачне перадаваць у суд справы абвінавачаных у масавых беспарадках.  

Наўрад ці за выпадковасць можна лічыць той факт, што людзей з турмы КДБ пачалі выпускаць акурат напярэдадні паседжання Рады міністраў замежных спраў Еўразвязу і рашэння аб увядзенні санкцый у дачыненні да беларускіх уладаў.  

“Квазівызваленне”
– Змяненне меры стрымання ў дачыненні да Халіп, Някляева, мяне – гэта не вызваленне, – заявіла журналістка Наталля Радзіна хутка пасля таго, як пакінула турму, у інтэрв’ю "Беларускім навінам". Цяпер яна знаходзіцца ў кватэры сваіх бацькоў у Кобрыне і не мае права пакідаць горад, дзе афіцыйна зарэгістраваная. – Гэта нават не паўзахады. Я свабаднейшая за іншых, а Халіп і Някляеў не могуць нават расказаць, што адбываецца з імі.

(Халіп і Някляеў знаходзяцца пад хатнім арыштам пад пастаянным наглядам супрацоўнікаў КДБ, ім не дазваляюць падыходзіць да дзвярэй і вокнаў, не даюць карыстацца сродкамі сувязі – заўвага аўт.).  

– Калі гэта не вызваленне, то што?  

– Гандаль, які адбываўся цягам усяго кіравання Лукашэнкі. Арыштоўвалі апанентаў яго рэжыму, і тады кожны раз ён гандляваўся. Еўропа пагражала санкцыямі, і сканчалася ўсё тым, што людзей вызвалялі на нейкіх умовах. Потым усё паўтаралася. Зразумела, што ў краіне ёсць пратэстныя настроі і ад гэтага нікуды не дзецца. Народ змагаецца, таму былі і будуць новыя палітвязні.

— Наколькі, ты думаеш, Еўропа будзе цвёрдая ў сваёй пазіцыі пасля гэтых квазівызваленняў?

— Вельмі добрае вызначэнне – квазівызваленне. Усе нашыя родныя і блізкія вельмі спадзяюцца, што нас зноў могуць арыштаваць, і гэта сапраўды нявыключана. Калі цяперашнія крокі Менску неяк паўплывае на Еўропу, гэта будзе здрада ўсіх нас, нашых блізкіх і ўсіх беларусаў, якія вераць у лепшае, вераць у Еўропу, у яе салідарнасць; здрада прынцыпаў свабоды і дэмакратыі, за якія тут пакутуюць, сядзяць у турмах.  

У турме – бы ў пекле  
«Вельмі жорсткімі» назваў умовы ўтрымання ў СІЗА КДБ галоўны рэдактар газеты «Товарищ», чалец бюро ЦК Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Вазняк, які на прэзідэнцкіхвыбарах-2010 быў даверанай асобай Уладзіміра Някляева, паведаміла "Наша ніва".

Ён і яшчэ 36 чалавек вінавацяцца ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках у Мінску ўвечары 19 снежня. Увечары 29 студзеня, пасля 41 дня зняволення ў СІЗА КДБ, Вазняк быў адпушчаны пад падпіску пра невыязд.

“Я застаюся абвінавачваным па справе. Я не маю права пакідаць тэрыторыю Беларусі, а за межы Мінска магу выехаць па ўзгадненні са следчым. Пашпарт мне не вярнулі”, — паведаміў Сяргей Вазняк. Ён удакладніў, што можа мець зносіны з журналістамі, але даў падпіску пра невыдаванне таямніцы следства.

Першыя два тыдні Вазняк, па яго словах, быў у камеры на два месцы, дзе знаходзілася шэсць чалавек, астатні час — у такой жа камеры, дзе было пяць чалавек.

«Гэта не была мэтанакіраваная палітыка ў стаўленні да мяне. Дрэнна было ўсім. Ізалятар перанаселены. Няправільна, калі ў XXI стагоддзі людзі, якія знаходзяцца пад падазрэннем і яшчэ могуць быць апраўданы, маюць такія ўмовы», — лічыць Вазняк.

«Здароўе было звычайнае. Чытаў кнігі», — распавёў Сяргей Вазняк. -«І зрабіў адну філасофскую выснову: для таго каб зразумець прыгажосці рая, трэба хаця б ненадоўга апынуцца ў пекле».

Другая хваля рэпрэсій 
Перамяшчэнне Някляева і Халіп з турэмнай камеры у хатні камфорт нічога па сутнасці не змяняе. Яны па-ранейшаму арыштаваныя і вінавацяцца ў злачынствах. У тым жа становішчы знаходзяцца і шматлікія іншыя фігуранты гэтай справы, што фармальна знаходзяцца на волі. Больш за тое, большая частка абвінавачаных – па-ранейшаму за кратамі. Не выключана, што колькасць фігурантаў гэтай справы будзе расці, бо даследчы энтузіязм праваахоўнікаў – несканчоны.

Працягваюцца ператрусы, допыты і затрыманні. Удзельнікаў акцыі 19 снежня пад рознымі падставамі выключаюць з вучэльняў і звальняюць з працы. Гэта дазваляе праваабаронцам казаць аб другой хвалі рэпрэсій.

Матэрыялы па тэме:

Звольненыя і адлічаныя за Плошчу
Затрыманы актывіст "Еўрапейскай Беларусі" Сяргей Казакоў
Затрыманьні пад час акцыі ля будынку КДБ