Барыс Звозскаў нарадзіўся ў 1949 годзе ў Белагорску (Расія), скончыў Ленінградскі электратэхнічны інстытут. З 1990-х гадоў Барыс Звозскаў актыўна займаўся праваабарончай дзейнасцю, практычнай абаронай у палітычна матываваных судовых працэсах, удзельнічаў у экспертызе шэрагу законапраектаў, з 1998 года займаўся прававой асветай у галіне прэвентыўнай праваабароны. З самага пачатку Барыс Звозскаў быў сярод ініцыятараў і актыўных удзельнікаў працэсу стварэння і затым развіцця Беларускага дома правоў чалавека, у 2007-2010 гадах быў прэзідэнтам ДПЧ.
Барыс Звозскаў шмат працаваў з журналістамі і актывістамі па пытаннях абароны ў адміністрацыйных і крымінальных працэсах. Варта адзначыць той вялікі ўнёсак, які ён зрабіў у асвету і адукацыю ў галіне правоў чалавека сярод моладзі, юрыстаў, праваабаронцаў і адвакатаў.
Барыс Звозскаў быў шырока вядомы і вельмі паважаны ў праваабарончай супольнасці Беларусі. Ён быў сумленным прафесіяналам, адданым сваёй справе, заўсёды гатовым прыйсці на дапамогу, забываючы пра свае патрэбы і праблемы.
Беларускі Дом правоў чалавека выказвае свае спачуванні родным і блізкім Барыса Ігаравіча Звозскава.